Выбрать главу

— З’явіўся твой Грымсвотн, — буркнула яна, але, насуперак маім чаканням, у голасе яе не чулася злосці, а, хутчэй, цікаўнасць і лагодныя кепікі. Я падняла вочы — і праўда, Лемюэль прабіраўся праз натоўп, ад прылаўка да прылаўка, вышукваючы кагосьці. Няўжо мяне?

— Адзін твар з прадзедам. — прабурчала бабуля.

— Нарэшце я адшукаў вас! — звярнуўся Лемюэль да мяне чужым вытанчаным тонам, а потым павярнуўся да бабулі. — Летась на восеньскім кірмашы я купіў у міс Дэйсі гэтыя дзівосныя гамашы, — тут ён бесцырымонна закатаў калашыны і прадэманстраваў пярэстыя паласатыя гетры, якія я калісьці ўзяла з сабой для падарунка дзядку Грымсвотну і потым, павагаўшыся, уручыла Лему.

— Дзівосныя, цёплыя, яны так саграваюць мяне вечарамі! — працягваў ён. — Я распытваў усіх, але ніхто не ведаў, што гэта за майстрыха, адкуль яна. Цуд, што я знайшоў вас!

Твар бабулі выяўляў не больш эмоцый, чым турнэпс, што ляжаў перад ёй на прылаўку. Яна і брывом не павяла.

— Наперадзе зіма, і я хацеў бы, калі магчыма, замовіць у міс Дэйсі некалькі цёплых рэчаў, — замямліў нерашуча Лемюэль, прыкідваючыся гэтакім старым халасцяком, не ўпэўненым, што правільна кажа і паводзіць сябе ў прысутнасці дам.

— Ну, чаму б і не, — сказала бабуля суха.

— Тут непадалёк прадаецца выдатны кашамір, — Лемюэль махнуў рукой у нявызначаным кірунку. — Можа, мы пойдзем і адразу купім ніткі? Я хацеў бы рэчы ў карычневых тонах, але ведаеце, не з тых карычневых адценняў, якія характэрны для апалага лісця і лушпіння бульбы — не, я падумваў пра тоны кавы, шакаладу, магчыма, і кавы з вяршкамі, калі гэтыя колеры спалучаліся б у шырокай і вузкай палосцы, — мармытаў ён з прыдыханнем, як экзальтаваная паненка. Я з жахам чакала, што бабуля не вытрымае і выкажа Грымсвотну ўсё, што яна думае пра яго і яго продка.

— Ідзі, Дэйсі, — сказала бабуля, мякка ўсміхнуўшыся Лему. — Вы ўжо пасачыце за маёй унучкай, сэр. На кірмашы ўсялякі народ сустракаецца, а яна дзяўчына далікатная.

— О, не турбуйцеся, — акрыяў Лемюэль, — са мной ваша ўнучка ў поўнай бяспецы, — і ён узяў мяне пад руку і пацягнуў прочкі, у кірмашовую мітусню. Я са здзіўленнем азірнулася на бабулю, а яна ўсміхалася і нават міла памахала нам услед.

— Я ўбачыў вас у падзорную трубу і не змог уседзець дома, ведаючы, што вы прыехалі, — нібы апраўдваючыся, сказаў Лем, калі мы пакінулі рады агародніны. — Дэйсі, ты не атрымлівала маіх лістоў?

— Атрымлівала, — адказала я роўна.

— Чаму ж не пісала ў адказ? — шчыра здзівіўся ён.

Я загадкава ўсміхнулася, потым спытала атрутным голасам:

— Так якое адценне карычневага вы жадаеце, сэр? І няўжо ваша нявеста не ўмее вязаць, сэр? Які жаль!

— Дэйсі, не будзь такой злосніцай, — усміхнуўся Лем. — Вядома ж, мая нявеста ўмее вязаць, але я ёй забараніў. Яна ж такая прыгожая. А ў тых, хто пастаянна вяжа, пальцы з часам становяцца крывымі і нягнуткімі, псуецца зрок, а кончык носа наліваецца крывёй, як у п’яніцы, таму што майстрыха дзень і ноч сядзіць, схіліўшыся над вязаннем, — ён абурана пакруціў галавой, як прынц са старой казкі, якую ён мне цяпер распавядаў. — Не, мая нявеста ніколі не возьме ў рукі кручок ці пруткі! Я ёй не дазволю!

— Глядзі, як бы твая нявеста не ўкалолася верацяном і не заснула на сто гадоў, — не вытрымала я.

— Падумаеш! Я тады таксама ўкалюся і засну разам з ёй. А праз сто гадоў, калі мы прачнёмся, у свеце не застанецца ні кручка, ні верацяна, а ўсю адзежу будуць вязаць машыны. Вось паглядзіш, так і будзе!

Лемюэль быў майстар казаць дурасці з вельмі сур’ёзным выразам твару. Ён дасягнуў сваёй мэты: я ўсё-ткі засмяялася.

— Дэйсі, я думаў, што ты не атрымліваеш маіх лістоў, — сказаў ён. — А то б даўно паведаміў табе.

— Паведаміў што? — спытала я, з усяе сілы імкнучыся заставацца абыякавай. — Дату твайго вяселля?

— Паведаміў бы тое, — перадражніў ён мой тон, — што знайшоў драконавы куфар! Спадзяюся, ключ па-ранейшаму ў цябе?

Я паглядзела на яго з прыкрасцю. Толькі-толькі маё сэрца супакоілася, я выкінула з галавы ўсе надзеі і глупствы, стала жыць па-ранейшаму, ціха і непрыкметна, хвалюючыся толькі пра тое, як паспець звязаць больш зімовых панчох да Каляд. А тут ізноў ён, ізноў пачынаюцца сакрэты, ключы, куфры, схованкі, чароўныя зеллі у існаванне якіх я ўжо амаль перастала верыць…

— Ключ у мяне, — сказала я, — але ведаеш, Лем, я больш нічога не шукаю.

Лемюэль паглядзеў на мяне задуменна і ўзяў маю руку ў свае цёплыя далоні, як