Так, цётка Генрыета паважала толькі адзін від паперы — той, на якім надрукаваны грошы. Уся іншая папера была патрэбна ёй для таго, каб загортваць селядзец ці высцілаць дно смеццевага кошыка. Якое шчасце, што яна не падпаліла камін запіснымі кніжкамі свайго бацькі.
— Няўжо яна не ведала, чым займаўся сэр Грымсвотн, не разумела ўсёй каштоўнасці яго запісаў? — не магла супакоіцца я, пакуль мы хуткім крокам ішлі да дому бацькоў Лемюэля.
— Ведала, чаму ж не, — адказаў Лем. — Але ж ты разумееш, падобныя ёй людзі лічаць, што кнігі — гэта смецце, а ўсе прыбыткі стары Грымсвотн атрымліваў проста таму, што з поспехам пудрыў людзям мазгі. Пачуй яна, якія сумы прапаноўвалі канкурэнты прадзеда за гэтыя запісныя кніжкі, яна б з інфарктам звалілася.
— Твая маці таксама ведала гэта?
— Усе ведалі. Але маці і бацька шануюць сямейную спадчыну. Фамільныя архівы значна даражэйшыя за грошы. Ах, Дэйсі, як я рады, што прадзедавы кнігі ў руках маёй матухны! Яна з кніг парушынкі здзімае. Хутка, зусім хутка ты атрымаеш у рукі разгадку сваёй таямніцы. «Самыя дзейсныя сродкі», старонка 87. Можа, па дарозе купім шампанскага? Каб адсвяткаваць поспех?
Але я, з маімі забабонамі, лічыла за лепшае спачатку злавіць мядзведзя, а ўжо потым паліваць яго шампанскім. Я баялася спудзіць удачу. Баялася, што «Самых дзейсных сродкаў» чамусьці не будзе ў бібліятэцы матухны Лема, што кніга заплеснела ці загінула пры прарыве водаправода, а можа, маленькі Лем зрэзаў яе ўсю, майструючы ўсярэдзіне тайнік.
Частка 12
Матухна Лемюэля аказалася маладжавай дамай з дробнымі зморшчынкамі ў кутках вачэй. «Гусіныя лапкі» — цётка Аўгуста іх вельмі баіцца і кажа, што яны з’яўляюцца ў тых, хто несур’ёзны і залішне многа смяецца, а вось маркотных асоб, накшталт мяне, чакае ў старасці «грымаса пахмурнага». Я не лічыла сябе пахмурнай, але з цёткай не спрачалася, бо і чалавекам, задаволеным жыццём, мяне назваць нельга, і таму цяжка судзіць, што пакажа мне люстэрка праз дваццаць гадоў.
Матухна Лемюэля з люстэркам была, відавочна, у ладах. Яе скура свяцілася матавым роўным ззяннем, як у юнай дзяўчыны, валасы і вочы блішчалі. Чамусьці ў мяне мільганула думка пра тое, што гэтая жанчына не проста так узяла на памяць Грымсвотнавы кнігі, што яна прачытала іх і паспяхова выкарыстоўвае некаторыя замовы. Яна выглядала неверагодна маладой і прывабнай.
— Дазвольце прадставіць вас адну адной: гэта мая матухна, а гэта Дэйсі Мэй. Матухна, тая самая Дэйсі.
— Мілая Дэйсі, мой сын увесь час гаворыць пра цябе, але я бачу, што ён моцна прыменшыў тваё хараство, — яна расцалавала мяне і за руку правяла ў пакоі, дзе неадкладна прынялася накрываць стол для чаяпіцця. — Лем, твой фрак мы аддалі ў чыстку, праз два дні будзе гатовы.
— Ах мама, ну хто ў нашы дні жэніцца ў фраку? — узмахнуў рукамі Лемюэль.
— У нашы дні, у нашы дні, — засмяялася місіс Грымсвотн, — ты кажаш так, быццам я выхоўвалася тысячагоддзі таму і ўпершыню бачу электрычную лямпачку. Жаніся хоць у піжаме, сябар мой, абы твая нявеста была не супраць, — і яна падміргнула мне, як саўдзельніцы.
— Нявеста Лемюэля — дзяўчына строгіх правіл, так што піжаму яна наўрад ці ўхваліць, — сказала я, каб падтрымаць гутарку, і маці адразу ж павярнулася да Лема:
— Ну вось, ты чуў? Фрака табе не пазбегнуць!
Калі Лем паведаміў маці, што нам патрэбны «Самыя дзейсныя сродкі», яна без лішніх слоў правяла нас у бібліятэку, да зашклёнай невялікай шафы, што стаяла ў міжаконні.
— Усе кнігі сэра Грымсвотна тут. І тыя, што з драконавага куфра, таксама, — сказала яна з усмешкай. — Калі б цётка Генрыета даведалася, колькі за іх прапаноўвалі на чорным рынку, яна б з’ела ад злосці свае каменныя кексы разам з падносам.
— Мы толькі ад яе, — уставіў Лем.
— О, тады вам трэба не проста гарбата, — з разуменнем кіўнула яна, — я пры нясу мясны пірог і сыр з варэннем. А вы пакуль шукайце, шукайце, дзеці мае.
Яна падбадзёрыла іх сваёй усмешкай і выйшла. А я глядзела ёй услед і з сумам думала пра тое, што як усё-ткі выдатна, калі ў цябе ёсць любячая маці, якая аддае ў
чыстку твой фрак, спяшаецца на кухню, каб прынесці табе паесці, маці, з якой ты можаш разам нязлосна кпіць з дзівацтваў састарэлых сваякоў. Сям’я. Я быццам бы таксама не ў пячоры пустэльніка вырасла, і бабуля любіць мяне па-свойму, і цётка з сёстрамі ніколі не крыўдзілі. Але ў нашым доме неяк прахалодна, нібы хтосьці забыўся зачыніць акно і скразнячком выцягвае прочкі ўсю цеплыню сямейных адносін. Ах, як я зайздросціла Лему і яго сястры.