— Ну, я ўжо не ведаю, — сказала я няўпэўнена. — Усё-ткі ў сервізе пяці прадметаў бракуе.
Ён падняў на мяне вочы, і я засмяялася, такі разгублены быў у яго выгляд.
— Дэйсі, маё пачуццё гумару мне адмовіла, — прызнаўся ён. — Пашкадуй мяне, калі ласка, проста скажы «так» ці «не», але лепш, вядома, «так».
— Я падумаю, — прамовіла я. Не, ну а што ж, я павінна была пагадзіцца адразу і пазбавіць сябе ўсіх належных задавальненняў?
Рэштку таго знамянальнага вечара я правяла як у сне. Не можа быць, што гэта мяне толькі што папрасілі выйсці замуж. Не можа быць, што гэта ў мяне так даўно і моцна закаханы такі цудоўны малады чалавек. Не можа быць, не можа — ці можа? Жытнёвы блінчык у сярэдзіне мяне не здаваўся і спрабаваў па старой звычцы падвяргаць усё сумневу, але штосьці новае, незнаёмае квітнела ўнутры. Здаецца, я, нарэшце, паверыла, што годная кахання. Здаецца, я пачынала калі не любіць сябе, то, прынамсі, прыглядацца з цікавасцю: трэба ж, калі яны ўсе штосьці ўва мне знайшлі, то, можа, і мне самой варта гэта штосьці пашукаць? Вярнуўшыся з музычнай гасцінай, мы па-майстэрску рабілі выгляд, што нічога не адбылося, але Молі раз-пораз усміхалася мне, а місіс Грымсвотн паціскала руку Лемюэлю і ўся свяцілася. Цётка ж і сёстры выглядалі збянтэжана, і гэта мяне нямала павесяліла.
А бабуля, калі госці з’ехалі, сказала: «Не такія ўжо яны і дрэнныя, гэтыя твае Грымсвотны». І ў яе вуснах гэта была найвышэйшая хвала.
Частка 18
Я дапамагла бабулі вымыць посуд і легла спаць.
На ноч я заўсёды думаю пра што-небудзь добрае. Гэта першае правіла для такіх нервовых і недаверлівых асоб, як я: засынаючы, ніколі не перабіраць крыўды, благія думкі, страхі і трывогі. З чым заснеш, з тым і прачнешся. Таму я ўспамінаю ўдала звязаны складаны ўзор на капялюшыку для Алісы, вялікі куст белых руж, што квітнее ля садовай альтанкі, альбо думаю гультаявата пра тое, якія дзесяць падарункаў папрасіла б у добрай феі, быццам тая фея выпадкова пралятала міма і вырашыла за што-небудзь мяне ўзнагародзіць.
Звычайна я засынаю, не дабраўшыся і да чацвёртага падарунка, але сёння сон зусім не ішоў да мяне, і я пачала думаць пра «вязальнае ўпарадкаванне сусвету», як я гэта называю. Бо ўсе, усе падзеі так цесна і так хораша звязаны паміж сабой. Як добра, што ў нашым доме ўсяго дванаццаць пакояў і таму Аліса вырашыла ўладкаваць «майстэрню» на гарышчы. Як добра, што прабабуля любіла намотваць ніткі на розныя штучкі. Як добра, што я люблю вязаць і што мне трапіўся на вочы абрывак загадкавага ліста. Апошняй, ужо соннай і няспрытнай, была думка пра тое, якія ж усё-ткі чары, накладзеныя на мяне, стары Грымсвотн меў на ўвазе.
І калі з гэтай думкай я заснула, мне прыснілася прабабуля. На ёй па-над блакітнай сукенкай у ружачкі быў павязаны вышыты кухонны фартух.
«Вось дурніца, — сказала яна мне. — Я захавала гэты абрывак ліста зусім не з-за цябе! Там на звароце выдатны рэцэпт засолкі агуркоў! Астатні ліст у пліце спаліла, здаецца. А можа, і забылася. Агуркоў тым летам было — процьма.»
Раніцай я прачнулася раней за астатніх. Доўга ляжала ў ложку, успамінаючы сон. Потым пракралася на кухню, дзе яшчэ не топлена была пліта і не расхінуты фіранкі на вокнах. Вышыты фартух прабабкі вісеў там, дзе калісьці для прыгажосці павесіла яго Эма. З заміраннем сэрца я апусціла руку ў кішэньку. Ён павінны быць там! Павінны!
І ліст апынуўся на месцы. З неакуратнай дзюркай ад выдранага кавалка. Я пры клала фрагмент, што адсутнічаў, і прачытала: «.а што да тваёй праўнучкі Дэйсі, на жаль, дарагая сяброўка, мая магія тут бяссільная, на яе накладзены чары значна мацнейшыя за мае. Чары гэтыя — чары матухны-прыроды: сонечнае святло і пігмент меланін, якія і выклікаюць чароўныя вяснушкі, супраць якіх ты так пратэстуеш».
Вось што пісаў пра мяне сэр Лемюэль Грымсвотн-старэйшы шмат гадоў назад.
Якое шчасце, падумала я.
Якое шчасце, што я прачытала ліст цалкам толькі цяпер.