Я лічу, кожная сям’я можа сабе дазволіць мець на ўтрыманні адну творчую асобу. Двое, трое — гэта ўжо перабор, а адна — у самы раз. Тым больш, што ўсе займальныя справы — мыць, шыць, гатаваць ежу, выціраць пыл, — мы разабралі сабе. Што ж заставалася рабіць небарацы Алісе, як не паглыбіцца па самыя вушы ў мастацтва. Яна ўсё яшчэ не знайшла ў ім сябе, але і мастацтва яшчэ далёка не скончылася, таму ў хуткай будучыні, падазраю, нас чакаюць гукі флейты ці грук разца па камені, а можа, балет. Вядома, усё можа павярнуцца значна лепш, калі Аліса ўсёткі прыме прапанову каго-небудзь са сваіх шматлікіх прыхільнікаў і выйдзе замуж. Цётка Аўгуста спадзяецца на гэта ўсёй душой. Калі ў Алісы быў перыяд захаплення опернымі спевамі, цётка ледзь утрымалася ад звароту да паслуг свацці. Але, на шчасце, Аліса хутка пераключылася на складанне філасофскага трактата пра сутнасць быцця, а гэты занятак, як вядома, патрабуе цішыні.
Бацька, ледзь не забылася распавесці і пра яго. Бацька таксама жыве з намі, але лічыць за лепшае рабіць выгляд, што яго тут няма. Адзіны мужчына ў хаце, поўнай жанчын, ён бліскуча выконвае свае абавязкі: чытае газету за сняданкам, паліць трубку на верандзе пасля вячэры, разразае гусака за святочным сталом. Яго цёплае паліто вывешваюць улетку на сонейка праветрыцца, а шкарпэткі цыруюць з асаблівым стараннем, яго клапатліва накрываюць пледам, калі ён кладзецца адпачыць пасля абеду. Не ўпэўнена, што цётка чуе ад яго што-небудзь, акрамя «добрай раніцы», «дзякуй» і «дабранач», але гэта іх асабістая справа. Ды і не тое, каб цётка Аўгуста нудзілася па гутарках, маючы ў наяўнасці бойкую на язык свякруху, дзвюх вельмі гаманкіх дачок і адну маўклівую, але ўсё ж здатную да маўлення падчарку. Часам жа прыемна і памаўчаць.
Частка 3
Аднойчы сястра Аліса забралася на гарышча. Вырашыла зрабіць там майстэрню ці студыю — не ведаю, як правільна называецца месца, дзе творчыя людзі творча раскідваюць і развешваюць прыгожыя дробязі і рупліва робяць выгляд, што «ствараюць». Дык вось, сястрыца разграбала скрынкі, кардонкі, бляшанкі — і знайшла прабабчыны рэчы. Аказваецца, іх як прывезлі пасля яе смерці, так яны і прастаялі дваццаць пяць гадоў у замкнёных куфрах, ужо дакладна не спадзеючыся калі-небудзь ізноў убачыць сонечнае святло. Неадкладна Аліса паведаміла пра знаходку сям’і.
Цётцы Аўгусце не было калі «перабіраць розны старажытны хлам», да таго ж прабабуля была для яе абсалютна чужым чалавекам. Бацька, у сваёй флегматычнай манеры, толькі паціснуў плячыма. А бабуля паставілася да пачутага з дзіўным халадком, але аддала нам ключы ад куфраў, і мы з Алісай і Эмай сунулі ўнутр свае цікаўныя насы.
Скарбаў знайшлося нямала. Сёстры падзялілі паміж сабой прабабчыны ўборы — такі фасон якраз вярнуўся ў моду, — і нават мне дасталася адна сукенка, пры выглядзе якой сустрэчныя не ўздрыгвалі б і не сплёўвалі ўпотай праз левае плячо. Сціплае, бледна-блакітнае з ружачкамі, яно вельмі вылучалася з чарады іншых, пярэстых і яркіх, таму і не спадабалася малодшанькім. Аліса ўзяла баа і вееры, мудрагелістыя капялюшыкі і пальчаткі, шкатулку з біжутэрыяй і статуэткі. Гаспадарлівая Эма рашуча прысунула да сябе стос прасцін, скруткі з карункамі, сталовае срэбра, аднесла на кухню кулінарныя кнігі ды прабабчын вышыты фартух. А рукадзельнае прыладдзе і гатовыя вышыўкі ў зашклёных рамках сёстры велікадушна аддалі мне.
Гэта было сапраўды вельмі прыемна — сядзець на падлозе ў сваім пакоі і перабіраць прабабчыны запасы. Ніткі мулінэ яна сплятала ў рознакаляровыя косы, канву згортвала ў акуратныя рулончыкі, захоўваючы нават самыя маленькія кавалачкі, — а што, як спатрэбіцца квадрацік, каб вышыць манаграму на насавой хустачцы ці метку на бялізне? Гаплікі для вязання ляжалі ў невялікай касцяной шкатулачцы, вязальныя пруткі — у доўгім драўляным футаральчыку з разьбой. Яшчэ я знайшла прыгожую падушачку для іголак, вышытую крыжыкам ўпрыгожаную на бакавінках яркімі пацеркамі. Праўда, у ёй не было ніводнай іголкі, але гэта неістотна, у мяне досыць сваіх. Не адшукала я і няскончанай вышыўкі. А скончаных было роўна дзесяць, і я, крыху падумаўшы, развесіла іх на сцяне ў сваім пакоі. Усё лепш, чым пустая рамка. Цётка Аўгуста ўхваліла мой выбар.
Клубкоў мне таксама дасталася шмат. Якасная воўна самых прыдатных для зімы адценняў — жоўтыя, чырвоныя, блакітныя, зялёныя і аранжавыя тоўстыя ніткі, да якіх не дабралася моль. Адны клубочкі былі тоўстыя, іншыя — усяго на пару радкоў, але гэта добра, я таксама заўсёды захоўваю рэшткі воўны: не хопіць на цэлую панчоху, але досыць, каб пусціць палоску кантраснага колеру. Яркія паласатыя рэчы вельмі цешаць узімку, калі вакол усё чорна-белае і халоднае. Магія, старажытная магія колеру, цяпла і ўмелых рук, што з любоўю ствараюць вопратку для сваіх блізкіх. У нашай сям’і ніхто не хварэе на грып, з чаго я раблю нясціплую выснову, што магія мая працуе добра. Ці, прынамсі, добра працуюць цёплыя і ўтульныя швэдары, шалікі і каптуры, якія я вяжу.