Самшытавая вуліца адшукалася досыць хутка, і я сама не заўважыла, як дайшла да самага яе пачатку, дзе і стаяў у тупіку неабходны мне дом нумар адзін. Трэба сказаць, ён зусім не быў падобны да жылля чараўніка. Не тое каб я чакала ўбачыць цмока на газоне ці зграйку фей, што водзяць карагод вакол флюгера, але ўсё-ткі хацелася сустрэць нейкі знак. Я разумею, магія была пад ганеннем ва ўсе часы, і ніякі разважлівы чалавек не стане вывешваць над ганкам шыльду: «Яды, зеллі, вядзьмарства», але, будзь я чараўніцай, я б неяк намякнула на гэта, каб добрапрыстойным жыхарам навакольных мястэчкаў было лягчэй адшукаць маю хату. А вось дом сэра Лемюэля Грымсвотна намякаў, здаецца, на адно: «Тут і ў паміне няма ніякага чараўніцтва, вы памыліліся, ідзіце прочкі».
Я павольна прайшла ўздоўж жывой агароджы, зазірнула ў сад, праверыла брамку. Не замкнёна. Дарожка акуратна пасыпана пяском, у каменнай паілцы для птушак — вада, лужок перад домам пастрыжаны не так даўно, а каля кветніка з ружамі стаіць сіняя палівачка. Ці сэр Лемюэль даўно прадаў дом якому-небудзь аматару пакапацца на градках, накшталт маёй бабулі, ці ж у вольны ад вядзьмарства час ён любіць займацца садоўніцтвам. Ведаеце, у мяне ўзнікла дзіўнае пачуццё. Мне здалося, што я тут ужо была. Што я бачыла ўжо гэту сінюю палівачку, паілку для птушак, брамку з прымацаванай да яе паштовай скрыняй, кульгавы зэдлічак, укапаны ў зямлю пад грушавым дрэвам і стары ліхтар на верандзе. Дом, прысадзісты і традыцыйны, з зялёнымі стаўнямі і чырвонай дахоўкай, з флюгерам у выглядзе ўзброенага амурчыка — усё было цьмяна знаёма. Але ж я ніколі тут не была!
Фіранкі ва ўсіх вокнах былі захінуты, дымок з коміну не ішоў, і, мяркуючы па ўсім, гаспадара не было дома. Сад маўчаў, толькі паціху шамацела лісцем старая груша. Раптам штосьці шэрае — жаба ці мыш — шаснула ў траве, і я ўскрыкнула ад нечаканасці.
— Не палохайцеся, прашу вас, — раздаўся прыемны мужчынскі голас аднекуль зверху, і я здрыганулася зноў. Затым раздаўся такі гук, быццам хтосьці саскочыў з дрэва. Вы будзеце смяяцца, але першая мая думка была пра тое, што чараўнік толькі што прашамацеў перада мной у звярыным абліччы, а зараз абярнуўся зноў у чалаве ка і спяшаецца мяне супакоіць.
— Напэўна, мыш, — прамармытала я разгублена.
— Не, гэта не мыш, — запярэчыў мой суразмоўца, застаючыся нябачным.
Я разгублена аглядала зарасці маліны, кветнікі з рудбекіямі, высокія бэзавыя кусты. Так, здаецца, менавіта за бэзам мільгала белая кашуля. А то я ўжо спалохалася, што вяду гутарку з сапраўдным невідзімкам…
— Не мыш? — механічна паўтарыла я, і ён падхапіў, ці то спрабуючы пажартаваць, ці то проста гуляючы словамі:
— Так, так, менавіта, нямыш звычайны, у садзе пражывае цэлае сямейства. Яны не кусаюцца, не бойцеся! Нямышы сілкуюцца толькі кветкавымі пялёсткамі ды абрыўкамі нашых сноў. Добрых салодкіх сноў, — паспешна ўдакладніў ён, быццам я збіралася адкрыць сакваяж і прапанаваць нямышу звычайнаму чэрствы кавалачак свайго заўчарашняга начнога кашмару.
Я не знайшлася, што адказаць. У нейкі момант амаль паверыла ў існаванне гэтых нямышаў. Я ж прыйшла ва ўладанні чараўніка, так чаго ж дзіўлюся нябачным істотам? Здаецца, я больш падобна да сваёй бабулі, чым падазравала.
— Прашу прабачэння, я зусім страціў навыкі пачцівасці, — прагаварыў незнаёмец і выйшаў, нарэшце, на свет. — Жыву як пустэльнік. Здзічэў. Хутка ўжо сам, як нямыш, буду шарахацца ад людзей. Вы з’явіліся надзвычай своечасова, — ён пачціва пакланіўся, — магчыма, заўтра я ўжо і не ўспомніў бы чалавечую гаворку…
Я ва ўсе вочы глядзела на яго. Першы чараўнік, якога я бачыла жыўцом, а не ў кнізе казак! Ды і, шчыра кажучы, гэта быў першы мужчына, з якім я вось так проста гутарыла сам-насам. І гэта быў вельмі прывабны мужчына. Мабыць, ён сабаку з’еў у амаладжальных загаворах, таму што, не ведай я сапраўднага яго ўзросту, вырашыла б, што ён маладзейшы за мяне.
Як вядома, найвялікі давер у людзей выклікае знешнасць паважнага дагледжанага мужчыны злёгку за пяцьдзясят. Сівізна, акуратная бародка, залатыя дужкі акуляраў, кішэнны гадзіннік на ланцужку, чыстая і дарагая адзежа. Вядома, чараўнікі — асаблівыя людзі. Можа, ім зручней апранацца ў спічасты каўпак і мантыю, не прычэсваць бараду і вусы ды насіць у нагруднай кішэні некалькі скарпіёнаў. Але той, хто стаяў перада мной, не выглядаў ні рэспектабельным прафесарам, ні экстравагантным ведзьмаком. Больш за ўсё ён нагадваў студэнта, які прыехаў дахаты на вакацыі. Манжэты выпацканы чарніламі, віхоры тырчаць ва ўсе бакі, бакенбарды густыя і доўгія, відавочна, адпушчаныя для самавітасці. Можа, гэта наогул не той, хто мне патрэбны?!