Выбрать главу

Нібы прачытаўшы мае думкі, ён страсянуў ускалмачанай шавялюрай:

— Дазвольце прадставіцца. Сэр Лемюэль Грымсвотн. Прашу прабачэння за мой жаласны выгляд! Запрацаваўся, ды і не чакаў гасцей.

Ён правёў рукой па шчацэ, мабыць, узгадваючы, як даўно не галіўся. Потым зірнуў на мяне. У яго поглядзе я прачытала цікаўнасць і лёгкае здзіўленне. Вой-вой, зараз жа, па правілах прыстойнасці, павінна была прадставіцца я, а сама маўчу і гляджу на яго, як на дзіўнага звера ў заасадзе.

— Дэйсі Мэй, да вашых паслуг, — і я пачціва ўсміхнулася, чакаючы якойнебудзь рэакцыі на знаёмае імя. Але рэакцыі не было. Ён ветліва глядзеў на мяне, чакаючы працягу. Як жа так? Ён не памятае маю прабабулю? Ці ён не зразумеў, што я яе праўнучка? Так і ёсць. Выглядае молада, а звычкі дзядоўскія. Памяць — гэта не зморшчыны, яе так проста не паправіш.

— Чым магу быць карысны? — спытаў ён.

— Я шмат чула пра вас, — сказала я. Гэта было няпраўдай, але ж усе так кажуць, калі хочуць зрабіць прыемнае суразмоўцу. — Сэр Лемюэль, вы выдатна выглядаеце. Для вашых гадоў вы трымаецеся малайчынай!

Здзіўленне ў яго вачах узмацнілася.

— Не думаў, што ўсё так дрэнна, — і ён ізноў правёў рукой па шчоках. — Бяссонныя ночы за працай, зразумела, не вельмі карысныя для колеру твару…

— Так, так, — нібы кітайскі балванчык, заківала я. — Асабліва, калі гаворка ідзе пра такую тонкую і карпатлівую працу, як ваша!

Ён слухаў мяне моўчкі. А я марудзіла, не ведаючы, як прыступіць да галоўнага. Калі ён забыўся пра маю прабабулю, бестактоўна нагадваць, бо гэта намякне на яго дзіравую памяць. Дый ліст, выходзіць, я прачытала чужы ліст, хай і незнарок, але паспрабуй прызнайся ў падобным…

Мабыць, мае думкі адлюстраваліся на твары. Калі я нервуюся, заўсёды чырванею.

Сэр Лемюэль раптам падышоў да мяне зусім блізка і ўзяў маю руку ў свае далоні.

— Дэйсі, мілая, што з вамі здарылася?

Ад дабрыні ды спагады я заўсёды размякаю. Слёзы тут жа набеглі на вочы, і дрыготкім голасам, ледзь стрымліваючы рыданні, я прагаварыла:

— Сэр Лемюэль, вы адзіны можаце мне дапамагчы…

Да таго моманту я і не падазравала, як моцна абрыдла мне маё жыццё. Шматлікія людзі гадамі і дзесяцігоддзямі жывуць, прыкідваючыся перад іншымі і перад сабой, што ў іх усё добра, што гэта іх уласны выбар, што не так ужо і дрэнна быць адзінокім і нябачным ці тоўстым і непрыгожым, ці бедным і хворым. У кожнага свой праклён, але не ў кожнага ёсць свой чараўнік, таму цяпер, атрымаўшы шанс на выратаванне, я трэслася як асінавы лісток.

Сэр Лемюэль ахвотна кіўнуў.

— Вядома, я дапамагу вам і зраблю ўсё, што ў маіх сілах, толькі скажыце, нарэшце, у якой дапамозе вы маеце патрэбу?

— Мая прабабуля. яна пісала вам пра мяне.

— Ваша прабабуля? Пісала? Верагодна, ліст згубіўся па дарозе, я яго не атрымліваў, — развёў рукамі ён. Небарака, зусім памяць адбіла.

— Не-не, — ласкава сказала я, імкнучыся не закрануць яго пачуцці, — ліст быў атрыманы вамі… але не цяпер… а шмат гадоў таму. Прыкладна трыццаць… ці дваццаць пяць… і вы напісалі прабабулі адказ…

— Трыццаць? Ці дваццаць пяць? — ён наморшчыў лоб.

— Мая прабабуля памерла дваццаць пяць гадоў таму, — кіўнула я.

— Спачуваю вам ад шчырае душы. Але, верагодна, тут нейкая памылка. Я ніяк не мог перапісвацца з вашай прабабуляй дваццаць пяць гадоў таму. Справа ў тым.

— Не, вы проста забыліся! Так бывае ў старасці, — бестактоўна перабіла яго я, ліхаманкава намацваючы ў сакваяжы абрывак ліста, але натыкалася то на лаўравіш нёвую пляшачку, то на яблыкі. — Чакайце, адну хвіліначку.

— Справа ў тым, — паўтарыў ён тонам, якім дарослыя звычайна размаўляюць з дзецьмі, — што дваццаць пяць гадоў таму мне было два гады, і я яшчэ не ўмеў пісаць.

Вось калі б вам сказалі, што ўсё ваша астатняе жыццё на дварэ будзе ліць дождж і вы ніколі больш не ўбачыце сонца. Калі б вам сказалі, што ўсё астатняе жыццё вы не атрымаеце ніводнага кавалачка шакаладу, а сілкавацца будзеце выключна вараны мі цыбулінамі. Калі б паабяцалі вам тое, пра што вы марылі шмат гадоў, а потым паказалі б — і адразу аднялі. Напэўна, тады б вы таксама, як і я, без сіл апусціліся б на першае, што патрапілася (у маім выпадку гэта быў нейкі дэкаратыўны валун парослы мохам), ледзь стрымліваючы слёзы. Якое гора, якое няшчасце, я знайшла адрас, прыехала, заспела яго дома — а ён мала таго, што страціў памяць, дык яшчэ і зусім выжыў з розуму!