* * *
Спляліся цені цішыні,
He спіцца.
Здаецца месяц у акне
Газніцай.
У стоме слухае душа
Пакутна,
Як скардзіцца Сусвету шар
Магутны.
Яму таксама не да сну,
Бо нехта
Іграе ў страшны більярд
Планетай.
* * *
А што прыгожыя мясціны
Без чалавечай дабрыні?..
Балот пясчаныя магілы,
Буслянак кінутых брылі.
Яна бяжыць, людская памяць,
Не па каменьчыках падзей,—
Па тых руках, што не давалі падаць,
Па тых вачах з бярэмкамі надзей,
Што падвышалі неба сіняй столлю,
Каб на нарадзе ўсіх планет,
Зямля, буслянкаю пустою
Не пазірала ты ў Сусвет.
МЕТАМАРФОЗА
Бліскавіца
Апякла зямлю, як стрэмка,
У яе балючым целе
Засталася дрэвам чорным.
На яго руцэ вуглістай
Пасяліўся белы бусел.
Толькі ў небе ён здаваўся
Усім прамацеркай-маланкай.
КАСТРЫЧНІК
Белыя скроні туману.
Вечар схіліў галаву.
Захаду тварык святляны
Ніц ападае ў траву.
Думнай самотай, спакоем
Дыхаюць грудзі палёў,
Быццам ніколі-ніколі
Гоману тут не было.
Быццам зямля не буйнела
Звонкай ракой збажыны,—
Зморшчана, асірацела
Слухае пошчак зімы.
* * *
Чаму даем хвілінам паміраць
Бяздумна, непапраўна, ленавата?
Пабач, яны забітыя ляжаць
У дні мінулым са сваёй адплатай:
З дакорам спраў, не зробленых у час,
З радкамі слоў, табой не напісаных,
З каханнем, што не напаткала нас,
Бо існуе яно для самых-самых...
Для самых дбайных,— прагла я сказаць
Вядома, гэта можна i аспрэчыць.
Але хвілінак мёртвых паласа —
Як глеба для пакутаў чалавечых.
На ёй растуць i зайздрасць i вайна —
Не жыта, што любоўю каласіцца,
Там узрастае пышная мана,
Дзе не паспела праўда нарадзіцца.
НА РАСКОПЕ
Гляджу, як ажываюць чарапкі
I набывае новы сэнс арнамент —
Расказваюць пра старабыт глякі,
З глыбінь стагоддзяў вынятыя намі.
Зачаравана, здзіўлена сачу
За чаргаваннем рысак i насечак.
Трымаю. I хачу цяпло адчуць
Тых рук, што распісаліся за вечнасць.
СЫМОН КАНАРСКІ
Маналог паўстанца 1831 года
...Ён ведаў, што менавіта гэта чакае яго на радзіме, калі ён вернецца туды, але свядома вярнуўся.
Эмігранцкія шэрыя зімы,
А душа, быццам каня, ные.
На радзіму вялі,
На радзіму
Завірухі зямныя...
О, краю мой, у дальняй старане
Мне сніўся ты буслом асірацелым.
Як бацька сына,— клікаў ты мяне,
I я вярнуўся, бо душа гарэла.
Я не прышэлец тут, не з бізуном —
Ca словам праўды чыстым i пакутным,
Выгнаннік, я вярнуўея, вось мой дом!
Хтось вынес плашч, нябачнасцю ахутаў.
Не падмануць сябе, сваёй зямлі.
Хай плашч згарыць агнём на ганьбу кату!
То не мяне вялі на гэту страту,—
Цябе, о Беларусь мая, вялі.
Я ведаў, што вачэй тваіх блакіт
Апошні раз спагадліва прагляне.
Пераступайце праз мяне, вякі,
Каб разарваць на будучым кайданы.
Так мала нас, яшчэ так мала нас.
Ды закіпае з дна ужо зямліца!
Я чую, Каліноўскі, твой адказ...
Ды сатварыцца з нас нашчадкаў час,
Народ — не раб, не скот, не кат —
ды сатварыцца.
СУСТРЭЧА З ЦЁТКАЙ
Бачу i чую ці трызню?
Ці можа, аварыя часу?
«...А звалі мяне Алаіза,
Ці помніцца гэта імя? За
Сумным гадоў частаколлем
Так звабліва свеціць айчына,
Якую ўяўляла такой я
I крышачку іншай, магчыма.
Устану, прайду па палетках,
Знайду каляровы ваш горад.
I час зразумею па метках
На радасці, смутку i горы.
О, як я хацела б, я мушу
У твар вам зірнуць, беларусы!
Чужую абмерзлую душу
Сустрэць сярод вас я баюся.
Ваш выгляд i пекны, i здровы,
I модны — дзе тая сярмяжнасць!
А бог апякуе вас новы —
Не ў небе, a ў памяці вашай?
А чым вы сягоння жывеце,
Як вашай надзеі найменне?
Ці ведаеце пра вецер
Сусвету i пра натхненне?
Яно нас цаліла ашчадна
Глытком ад жуды перадыху.
О, як я жадаю ў нашчадку
Пазнаць сваё Мора хоць крыху.
О, як я жадаю... Хай будуць
I вашы грахі, i памылкі.
Адно — не жывіце марудна!
Заклён — не жывіце бяскрыла!
Душу ахінайце рызамі,
Для цела пакінуўшы кужаль.
...А звалі мяне Алаіза
Пашкевічава да замужжа...»