ANDANTE
Што прынясу я ў дзень свой судны? —
Пусты арэх успамінаў?
Шкарлупінкі мар?..
Жыццё кар'ерам шурпаціцца рудным,
Чалавечыя рукі —
наймудрэйшы прыроды дар.
Рукі свае прынясу,
як споведзь, у дзень апошні
i пакладу побач з рукамі
бабулі маёй i дзеда.
Ды не хачу
бялейшымі i раўнейшымі
каб яны былі,
бо ляжаць жа таксама
над коламі Часу.
I мне — чалавеку Дваццатага Шляху —
трымаць на руках сваіх
веку нейтронную цяжкасць.
Толькі б не выпусціць з рук
гэтую страшную чашу!
Рукі ў напружанні сцяты,
ў гэтых руках надзея,
гарачая, быццам сонца.
Вокны, як вочы,— насупраць.
Дом заглядае ў душу
дома другога.
Чалавекаістота нагадвае зубра
на зямлі запаведнай,
ды з аховы —
нікога.
Паляўнічыя ж — супермэны,
а не вандалы.
Няўжо, чалавецтва, было табе войнаў
мала?..
Ідзе чалавек.
Балючыя крокі
не па траве —
па цвіках эпохі...
ALLEGRO
Ідзе чалавек,
збірае асколкі ў жменю
былых сустрэч,
пачуццяў шчырых i слоў.
I капае кроў,
бо парэзаны рукі,
i меней
з тых пуцявін прыходзідь у сёння
сяброў...
Сустрэча, расстанне,
ўспаміны, блуканне па марах.
Пераможца сумлення —
i сумлення ахвяра.
Запаветныя рукі,
запаветныя рухі
пяшчоты.
Голас:
што ты? —
Ціхі голас: ну што ты?.»
Пустата i абвал адзіноты.
Толькі шэпат застаўся
адчайны:
— Ну што ты?..
Потым — смех
над стаптаным абуткам
са слова Душа.
— Душа? — запытаўся.
— Душа!
— А нашто табе трэба душа —
атавізм, ненармальнасць у час энтээр
i прагрэсу?..
Чуеш, як забіваюць яе
на ўсіх скрыжаваннях? —
I ўздых, нібы ўсхліп,
наваколле прарэзаў...
Абазваўся пранізліва яр:
Забываюць душу, забываюць.
I сумленне катуе ахвяр,
пераможцы яго забіваюць.
Ідзе чалавек.
Балючыя крокі
не па траве —
па цвіках эпохі.
PRESTO
Ідзе чалавек,
посцілкі тчэ сваіх тыдняў,
I чалавеку ніколі
занятак такі не абрыдне,
хоць пастрыкае ўсе пальцы,
паколе кастрыцай душу.
Смутак мінулых стагоддзяў
у сэрцы нашу.
Дрот іржавых стагоддзяў
разладаў былых
каронай цярновай сціскае
чало Дваццатага Брата.
Чырвоныя хмары плывудь праз вякі;
дажджамі сцякаюць слёзах
забітых дзяцей Зямлі
I тых, што яшчэ будуць забіты
ў дарослай гульні
у — не гумавы! — атамны мячык.
Не!
Уздымі свае ручкі, Алеська,
малая дачка ўсемагутнай,
безабароннай планеты.
Што ў ix трымаеш? —
Ляльку?
Малпу з чырвонага штучнага футра?
Пластмасавы кубачак ляльчын?
Анучку i гумавы мячык?..
Ты, сонейка,— гумавы мячык,
Каціся ў далонькі дзіцяці,
Скачы па зямлі, гумавы мячык,
Для ўсіх на свеце Алесек...
Гумавы мячык!
Мне здаецца, сусвет,
я забыла сказаць табе
самае важкае слова:
пра гумавы мячык,
які выратуе цябе,
калі ўсе дарослыя,
звар'яцелыя ў мітусні сваіх будняў,
стануць хоць на адзін дзень
дзецьмі
ў светлых,
запэцканых гумавым сонцам
кашульках.
FINALE
Ідзе чалавек.
Час ідзе.
Супадзенне?
Адзін пасадзіць сад
або пабудуе палац для дзяцей.
Другі каменне
пакіне ад гмаху
i пыл —
ад камення.
Супадзенне?
Адзін выціскае гарачыя сляды розуму
на паперы.
Другі ўладна стукае ў дзверы
сусвету,
каб далі яму на жыхарства
не кватэру — усю планету.
Адзін лечыць раны хваробнага веку.
Другі на свет прыбаўляе калекаў.
Супадзенне ў часе, ў прасторы:
паляна жыцця — дзеці,
паляна смерці — морак.
Колькі каштуе жыцдё чалавечае сёння
Дваццаць тон узрыўчаткі?
Пуд солі?
Грам сіні нябёснай
ці два кубаметры зямлі —
покрыва вечнага даху?
— Спіш, чалавек?
— Сплю,
каб праспаць,
калі павядуць чалавецтва на плаху.
Бо той, хто ідзе наперадзе,—
першы загіне.
Лепш рапухай ззаду жыцця
сядзець у каляіне.
Што каму!
Хто падняўся на стромкі Біг Бэн,
той рапухай не стане.
Хто свой дом загародкай паставіў вайне,
той сябе не падмане.