Ідзе чалавек.
Балючыя крокі
не па траве —
па цвіках эпохі.
КАЛІ ЁСЦЬ ЛАНЦУГ ШЧАСЛІВЫ..
* * *
Я цябе малявала на кані i пры латах,
Цёмна-сіні твой плашч у сутонні чарнеў.
Найжаданейшы госць,
скінь паходныя шаты...
Чуцен вечавы бом: не сяўбе быць — вайне.
Нітавалі цябе з даўніной летуценні.
Здраднай сіле нябачны,
ты ў байніцы з прашчой.
О, якое вам дзякуй, стагоддзі цярпення,
Што прыйшоў ты з вайны,
кожным продкам прыйшоў.
Тут мячы паламала крыжацкая зграя,
Спатыкнуліся коні татарскай арды
Аб твае гарады, што, як свечкі, згаралі,
Але ўзводзіў наноў ты свае гарады.
Я — жанчына, я ведаю тайны нябыту.
Па маіх валасах попел болю сцякаў.
Я кахаю ў табе ўсіх забітых, забытых,
Хто прыход твой у свет прадракалі
ў вяках.
ПРЫГАРШЧЫ ДАЖДЖУ
На тонкіх нагах непрыгожае шчасце
Прыбегла, запыхаўшыся, на абцасах.
А хлопец гатоў быў паўнеба пакласці,
Ды што там паўнеба —
Зямной паўакрасы!
Ды што паўакрасы —
Сусвет зорнавокі
Гатоў быў пакласці дзяўчынцы над ногі.
Дождж прыгаршчай сыпаў гарохам
з кашолкі,
А ён гаварыў: гэта зоркі...
Ці помніш, стаялі мы ў парку аціхлым,
I вусны развучвалі першыя словы
Кахання?
I варта дажджу нам аховай
Была ад яшчэ незнаёмага ліха.
Калі б я не помніла тыя хвіліны,
Або яны прадажднсылі не з намі,
Не знаю,
хапіла б мне сілы цагліны
Жыцця на каханні замешваць,
Не знаю...
* * *
Аб чым з табою сёння памаўчым?
Пераплятаючыся, што абвесцяць душы?
Пяшчотным рухам можна зберагчы
Гармонію сусвету непарушнай,
А слова ўсё ж, не вытрымаўшы паўз,
Паставіць сваю сумную пячатку.
Давай паўторым з самага пачатку,
Пяшчоце не сфальшывіўшы ў адказ.
* * *
Табе на памяць лета падару:
Дажджы, рамонкі, стромкія арэлі —
Кахання i надзей маіх пару,
I мокрых кос, што на вятрах пятрэлі.
Табе на памяць лета падару.
Хоць, можа, падарунак не па чыну,
Вазьмі яго скарынкай на гару
Жыцця свайго: запас бяды не чыніць.
Вазьмі яго, сухарык, успамін...
А можа, будзе невыносна золка.
Ён адратуе некалькі хвілін
Для ўсмешкі, з-за якой прагляне золак.
* * *
Ты — мой першы дзень спаткання,
Пацалунак мой прасветлы,
Ты — дзівосны сон кахання,
Урачысты, запаветны.
Я жыву ў тваім дыханні,
У тваім свячуся сонцы,
Шэпты плаўлю ў заклінанні,
Каб званілі вусыы ў звонцы.
Ты — святое ўваскрасенне
У кожны будзень клапатлівы.
Я табой закута ў звенні,
Калі ёсць ланцуг шчаслівы.
* * *
У незлічоных формулах папера,
Вакол цябе раскіданы лісты,
Глядзіш на свет, яшчэ не твой, i верыш,
Што пройдзе міг няўдач i пустаты.
Тады ўваход адчыніць таямніца,
I першым ты запаліш свой ліхтар,
I адкрыццём там будзе скарб свяціцца.
Ён — тваё дрэва, ты — яго разьбяр.
Даруй,
што мне скрозь лічбы сумна крочыць,
Шукаю іншых ісцін карані.
Але нябачна нашы вусны, вочы
Адной вадою нехта акрапіў.