Выбрать главу

* * *

А будзе толькі край пяшчоты... Тваёй рукі імклівы дотык Так зачаруе, павядзе Па сцежках, дзе жыве каханне У кветцы кожнай, у вадзе, У дрэве, што ля сцежкі стане. I я, забыўшыся на ўсё, Ратуючыся ад спакусы, У кветку раптам абярнуся, Каб зведаць новае жыццё. Тваёй рукі імгненны дотык, Дзе ён згубіўся, край пяшчоты?..

КАХАННЕ

Каханне, як i мы, хварэе, Калі адступіцца цяпло. Ды не кажу: яно не грэе, Не наракаю: адгуло. Калісьці бег ручай бурлівы, На ўсіх каменьчыках звінеў Сваей бяздумнасцю шчаслівай I заглядаў у твар вясне. Цяпер луска ракі ліецца Між берагамі нашых рук. I вонкі стрыманай здаецца, Ды ў глыбіні займае дух.

* * *

Так мала весняга цяпла! Мае халодныя далоні Прынікнуць стомлена да шкла, Калі наблізіцца сутонне. Яны чакаюць цеплыні, А твой агонь згасае ў змроку. Знікаеш, добры чараўнік, Цішэюць незваротна крокі. Ізноў самота, неспакой, Па нечым сум неспадзяваны. I смутак тонкаю рукой Вядзе мяне ў свой край нязнаны.

* * *

Кранае клавішы рука, Крадзецца па пакоі смутак. Як доўга, сябра, ты блукаў, Маімі думкамі закуты, Маёй ахутаны тугой I ад бяды адратаваны. Гучала музыка табой, Цябе хаваючы старанна.

* * *

Чаму я так смуткую без цябе? Мой дзённы келіх поўніцца чаканнем. Нябачны нехта піша на сцяне Тваё імя, як школьнік, ca стараннем.
Зайшоў па-гаспадарску сум у дом, Твае ў кутку насоўваючы шлёпкі. Ды бразгае, нібы пустым вядром, Перадчуваннем спозненай палёгкі.

* * *

Калі я цябе пакрыўдзіла ўчора I слова пяшчотнага не адшукала, То сённяшні дзень, як вірлівае мора, Няма ні чаўна, ні вясла, ні прычалу.
Разгублена хвалі-хвіліны гартаю, Тапельніца ў прыкрым бяссіллі. Ды рукі твае з цеплынёю праталін Агонь для мяне распалілі.

* * *

Гэты вечар самотай імгліцца, Ён — жудлівы вядзьмар. I няма да каго прытуліцца, I сапраўднай спагады няма.
Ёсць пукатыя рысы трывогі На шурпатай сцяне. Вуглем лініі перасцярогі Паміж літар хтось вёў для мяне.
I скідаў па цаглінцы ў маўчанні Ca сцяны маіх мар... Я пайду, я не здамся адчаю, Вып'ю зёлак зямны адвар.

ДРУГІЯ

Як адпушчэнне за грахі, Ёсць у цябе зара другая, I светач у мяне другі, Але сустрэчу бласлаўляю. Удвух нам добра памаўчаць, Забыўшы вечныя сумненні. I хоры ўсёй зямлі гучаць У таямнічым тым імгненні. Але не зменіш плынь ракі, Не рассячэш агонь сякерай. Сцяна — другая i другі — Між нашым высіцца даверам

* * *

Не было кахання i няма, Проста пацалункаў мне не трэба, I вачэй блакітная мана Зараз горш за хмарыстае неба.
Сціхлі навальніцы без грымот, Вусны лёдам закавалі словы, Гэта поўначы адвечны лёд, А не ценькі лёд вясновы.

ГЛЯДЗІЦЬ КАХАННЕ

Вялікі дом. Жыве каханне Звярком у шчыліне надзей. Вачмі, дзе смех i спачуванне, Глядзіць на сумны свет людзей.
Як завядзёныя, таўкуцца Яны ад ранку да начы: Купляюць, сварацца, смяюцца, Для плачу знойдуць сто прычын.
Здараецца, што i кахаюць, Але ўсё роўна, як ядуць, Або сукенку прымяраюць, Ды ў ступе мерна час таўкуць.
Былі ж i прыгажосць, i свята, I захапленне, маладосць... Глядзіць каханне вінавата І ціха шэпча ўсім: «Я ёсць...»