Выбрать главу

Я ўсё вам успомню… Ляцяць самалёты і ляцяць. Штодзень. Нізка-нізка над галовамі. Ляцяць на рэактар. На станцыю. Адзін за адным. А ў нас — эвакуацыя. Перасяленне. Штурмуюць хаты. Людзі пазачыняліся, пахаваліся. Скаціна рыкае, дзеці плачуць. Вайна! А сонейка свеціць… Я села і не выходжу з хаты, праўда, на ключ не замыкалася. Пастукалі салдаты: "Што, хазяйка, сабралася?" Пытаюся: "Сілком будзеце мне рукі і ногі звязваць?" Памаўчалі, памаўчалі і пайшлі. Маладзенькія-маладзенькія. Дзеці! Бабы на каленях перад хатамі поўзалі… Маліліся… Салдаты пад рукі адну, другую — і ў машыну. А я прыгразіла, каторы мяне зачэпіць, таго кіем агрэю. Сварылася! Моцна сварылася! Не плакала. Тады я не плакала.

Сяджу ў хаце. То крык. Крык! А то стала ціха… Аціхла. Я першым днём не выйшла з хаты…

Расказвалі: ішла калона людзей… I йшла калона скаціны. Вайна!

Мой гаспадар любіў казаць, што чалавек страляе, а Бог кулі носіць. Каму які лёс! Маладыя, што паз'язджалі, ужо ёсць што паўміралі. На новым месцы. А я з кавенькай — хаджу. Сумна стане, паплачу. Вёска пустая… А птушкі тут усялякія… Лятаюць… I лось ідзе хоць бы што… (Плача.)

Я ўсё ўспомню… Людзі паз'язджалі, а катоў і сабак пакінулі. Першыя дні я хадзіла і малака ім налівала, а сабакам па лусце хлеба давала. Яны стаялі ля сваіх двароў і гаспадароў чакалі. Чакалі людзей доўга. Галодныя каты елі агуркі… Елі памідоры… Да восені я ў суседкі касіла траву пад веснічкамі. Плот паваліўся, плот ёй прыбіла. Чакала людзей… Жыў у суседкі сабачка, звалі Жучком. "Жучок, — прашу, — калі першым людзей стрэнеш, — дык гукні мне".

Уначы сню, як я эвакуіруюся… Афіцэр крычыць: "Хазяйка, мы зараз усё будзем паліць і закопваць. Выходзь!" I вязуць мяне кудысьці, у нейкае незнаёмае месца. Няўцямнае. Гэта і не горад, і не вёска. I не зямля…

Надарылася такое… Быў у мяне харошы каток. Васька. Узімку галодныя пацукі панадзіліся — радачкі няма… Пад коўдру лезлі… Збожжа ў бочцы — дзірку прагрызлі. Дык Васька ўратаваў… Без Ваські б загінула… Мы з ім пагамонім, паабедаем. А тады Васька прапаў… Можа, агаладалыя сабакі дзе напалі і з'елі? Яны ўсё бегалі галодныя, пакуль не паўміралі, кошкі былі такія галодныя, што кацянят елі, улетку не елі, а зімой. Даруй мне, Божа! А адну бабу пацукі загрызлі… Зжэрлі. Рыжыя пацукі… Праўда ці не, а кажуць. Сноўдаюцца тут бамжы… Першыя гады дабра хапала… Сарочкі, кофты, футры… Бяры і вязі на барахолку… Нап'юцца яны, песні гарлаюць. Маць-перамаць. Адзін зваліўся з веласіпеда і заснуў на вуліцы. Раніцою дзве костачкі знайшлі і веласіпед. Праўда ці не? Не скажу. Гавораць.

Тут усё жыве. Ну, усё-ўсё! Яшчарка жыве, жаба жыве. I чарвяк жыве. I мышы ёсць! Усё ёсць! Надта ж вясною хораша. Я люблю, як бэз цвіце. Чаромха пахне. Пакуль ногі моцна трымалі, сама па хлеб хадзіла, у адзін толькі бок пятнаццаць кіламетраў. Маладой бегма туды б і назад. Прывычная. Пасля вайны мы хадзілі па насенне на Украіну. За трыццаць, за пяцьдзесят кіламетраў. Людзі па пуду насілі, а я тры. А зараз па хаце, бывае, не перайду. Старой бабе і ўлетку на печы холадна. Міліцыянеры едуць сюды, правяраюць вёску, дык мне хлеба вязуць. Толькі што яны тут правяраюць? Жыву я і каток. Гэта ўжо другі каток у мяне. Міліцыя пасігналіць, мы з ім зарадуемся. Бяжым. Яму прывязуць костачак. А ў мяне будуць пытацца: "А як бандыты заскочуць?" — "Дык чым яны ў мяне разжывуцца? Што возьмуць? Душу? У мяне толькі душа". Добрыя хлопчыкі… Смяюцца… Батарэйкі для прыёмніка прывезлі, я цяпер усё радыё слухаю. Людмілу Зыкіну люблю, але яна нешта рэдка зараз пяе. Пэўна, састарэла, як і я… Мой гаспадар любіў сказаць… Дык яшчэ казаў: скончан баль — і скрыпкі ў торбу!

Раскажу, як я катка сабе знайшла. Не стала майго Ваські… I дзень чакаю, і два… I месяц… Ну, зусім, было, я адна засталася. Няма да каго і загаварыць. Пайшла па вёсцы, па чужых садках клічу: Васька, Мурка… Васька! Мурка! Па першым часе шмат іх бегала, а пасля недзе прапалі. Знішчыліся. Смерць не выбірае… Усіх прымае зямелька… I хаджу я, і хаджу… Два дні клікала. На трэці дзень — сядзіць пад крамаю… Мы пераміргнуліся… Ён рады, і я радая. Толькі што ён слова не прамовіць. Ну, пайшлі, — прашу, — пайшлі дамоў". Сядзіць… Мяў… Я давай яго ўпрошваць: "Што ты тут будзеш адзін? Ваўкі з 'ядуць. Разарвуць. Пайшлі. У мяне яйкі ёсць, сала". От як растлумачыць? Кот чалавечае мовы не разумее, а як ён тады дацяміў, што я казала яму? Я іду паперадзе, а ён бяжыць ззаду. Мяў… "Адрэжу табе сала"… Мяў… "Будзем жыць удваіх"… Мяў… "Назаву цябе Васькам"… Мяў… I от мы з ім ужо дзве зімы перазімавалі…