Выбрать главу

Самога выбуху я не бачыла. Толькі полымя. Усё нібы свяцілася… Усё неба… Высокае полымя. Чад. Гарачыня страшэнная. А яго ўсё няма і няма. Чад ад таго, што бітум гарэў, дах станцыі быў заліты бітумам. Хадзілі, пасля прыгадваў, як па смале. Збівалі полымя. Гарэў графіт. Яго скідвалі нагамі… Паехалі яны без брызентавых касцюмаў, як былі ў адных сарочках, так і паехалі. Іх не папярэдзілі, іх выклікалі на звычайны пажар…

Чатыры гадзіны… Пяць гадзін… Шэсць. А шостай мы з ім збіраліся ехаць да ягоных бацькоў. Садзіць бульбу. Ад горада Прыпяць да вёскі Спярыжжа, дзе жылі ягоныя бацькі, сорак кіламетраў. Сеяць, араць… Яго любімы занятак… Маці часта прыгадвала, як не хацелі яны з бацькам адпускаць яго ў горад, нават новую хату паставілі. Забралі ў армію. Служыў у Маскве ў пажарных войсках і як вярнуўся: толькі ў пажарнікі! Нічога іншага не прызнаваў. (Маўчыць.)

Часам, быццам чую ягоны голас… Жывы… нават фотакарткі гэтак на мяне не ўздзейнічаюць, як голас. Але ён ніколі мяне не кліча… I ў сне… Гэта я яго клічу…

Сем гадзін… А сёмай мне перадалі, што ён у бальніцы. Я пабегла, але вакол бальніцы ўжо стаяла кружком міліцыя, нікога не пускалі. Адны машыны "Хуткай дапамогі" заязджалі. Міліцыянеры крычалі: машыны зашкальваюць, не падыходзьце. Не адна я, усе жонкі прыбеглі, усе, у каго мужы той ноччу апынуліся на станцыі. Я кінулася шукаць сваю знаёмую, яна рабіла ўрачом у гэтай бальніцы. Ухапіла яе за халат, як яна выходзіла з машыны: "Прапусці мяне!" — "Не магу! З імі бяда! З імі ўсімі бяда". Трымаю яе: "Толькі глянуць". — "Добра, — кажа, — тады пабеглі. На пятнаццаць-дваццаць хвілін". Я ўбачыла яго… Ацёклы ўвесь, апухлы… Вачэй амаль няма… "Трэба малака. Шмат малака! — сказала мне знаёмая. — Каб яны выпілі хоць бы па тры літры". — "Але ж ён не п'е малако". — "Цяпер будзе піць". Многія ўрачы, медсёстры, асабліва санітаркі гэтай бальніцы праз нейкі час захварэюць… Памруць… Але ніхто тады гэтага не ведаў…

А дзесятай раніцы памёр аператар Шышанок… Ён памёр першым… У першы дзень… Мы даведаліся, што пад руінамі застаўся другі — Валера Хадзямчук. Яго так і не дасталі. Забетанавалі. Але мы яшчэ не ведалі, што ўсе яны — першыя…

Пытаюся: "Васечка, што рабіць?" — "Едзь адсюль! Едзь! У цябе будзе дзіця". А я цяжарная. Толькі ж як я пакіну яго? Просіць: "Едзь! Ратуй дзіця!" — "Спачатку я павінна прынесці табе малака, а пасля вырашым".

Прыбягае мая сяброўка Таня Кібянок… Яе муж у гэтай самай палаце… З ёй ейны бацька, ён на машыне. Мы сядаем і едзем у бліжэйшую вёску па малако. За кіламетры тры ад горада… Купляем шмат трохлітровых слоікаў з малаком… Шэсць — каб на ўсіх хапіла… Але ад малака іх страшэнна ванітавала… Увесь час абміралі, ім ставілі кропельніцы. Урачы чамусьці ўсё паўтаралі, што яны атруціліся газамі, ніхто не гаварыў пра радыяцыю. А горад запоўніўся ваеннай тэхнікай, перагарадзілі ўсе дарогі… Перасталі хадзіць электрычкі, цягнікі… Мылі вуліцы нейкім белым парашком… Я непакоілася, як жа мне заўтра ў вёску патрапіць, каб купіць яму сырадою? Ніхто не гаварыў пра радыяцыю… Толькі вайскоўцы хадзілі ў рэспіратарах… Гараджане неслі хлеб з крамаў, адкрытыя пакуначкі з булачкамі… Пірожныя ляжалі на латках…

Увечары ў бальніцу не прапусцілі… Мора людское вакол… Я стаяла насупраць ягонага акна, ён падышоў і штосьці мне крычаў. З такім адчаем! У натоўпе хтосьці пачуў: уначы іх павязуць у Маскву. Жонкі ўсе збіліся ў адну купку. Парашылі: паедзем з імі. Пусціце нас да нашых мужоў! Не маеце права! Біліся, драпаліся. Салдаты, ужо стаялі салдаты, нас адштурхоўвалі. Тады выйшаў урач і пацвердзіў, што яны паляцяць на самалёце ў Маскву, але нам трэба прынесці ім адзенне, — тое, у якім яны былі на станцыі, згарэла. Аўтобусы ўжо не хадзілі, і мы бегма праз увесь горад. Прыбеглі з сумкамі, а самалёт паляцеў ужо… Нас спецыяльна падманулі… Каб мы не галасілі, не плакалі…

Ноч… Па адзін бок вуліцы аўтобусы, сотні аўтобусаў (ужо рыхтавалі горад да эвакуацыі), а па другі бок — сотні пажарных машын. Прыгналі адусюль. Уся вуліца ў белай пене… Мы па ёй ідзём… Лаемся і плачам…

Па радыё аб'явілі, што, магчыма, горад эвакуіруюць на тры-пяць дзён, вазьміце з сабой цёплыя рэчы і спартыўныя касцюмы, будзеце жыць у лесе. У палатках. Людзі нават узрадаваліся: на прыроду! Сустрэнем там Першамай. Здорава! Гатавалі ў дарогу шашлыкі… Бралі з сабой гітары, магнітафоны… Плакалі толькі тыя, чые мужы пацярпелі.