Не памятаю дарогі… Нібыта прыйшла да памяці, калі ўбачыла ягоную маці: "Мама, Вася ў Маскве! Павезлі спецыяльным самалётам!" Але мы дасадзілі гарод. (А праз тыдзень вёску эвакуіруюць!) Хто ж ведаў? Хто тады гэта ведаў? Надвячоркам у мяне пачалася рвота. Я — на шостым месяцы цяжарнасці. Мне гэтак блага… Уначы сню, што ён мяне кліча. Пакуль ён быў жывы, клікаў мяне ў сне: "Люся! Люсечка!" А як памёр, ні разу не паклікаў. Ні разу… (Плача.) Падымаюся раніцою з думкаю, што паеду ў Маскву. Сама… "Куды ты, гэтакая?" — плача маці. Сабралі ў дарогу і бацьку. Ён зняў з ашчадкніжкі грошы, што былі ў іх. Усе грошы…
Дарогі не памятаю… Дарога зноў выпала з памяці… У Маскве ў першага міліцыянера спыталі, у якой бальніцы ляжаць чарнобыльскія пажарнікі, і ён нам сказаў…
Шостая бальніца — на Шчукінскай…
У гэтую бальніцу, спецыяльная радыелагічная бальніца, без прапускоў не пускалі. Я дала грошы вахцёрцы, і тады яна кажа: "Ідзі". Кагосьці зноў прасіла, умольвала… I вось я сяджу ў кабінеце ў загадчыцы радыелагічнага аддзялення Ангеліны Васільеўны Гуськовай. Тады я яшчэ не ведала, як яе завуць, нічога не запамінала… Я ведала толькі, што павінна пабачыць яго…
Яна адразу ў мяне запыталася:
— У вас ёсць дзеці?
Як я прызнаюся?! I ўжо цюкнула, што не трэба гаварыць пра маю цяжарнасць. Не пусціць да яго! Добра, што я дробненькая, нічагуткі па мне не відаць.
— Ёсць, — кажу.
— Колькі?
Думаю: "Трэба сказаць, што двое. Калі адно — усё роўна не пусціць".
— Хлопчык і дзяўчынка.
— Калі двое, дык раджаць, пэўна, больш не давядзецца. Цяпер слухай: цэнтральная нервовая сістэма паражоная цалкам, касцявы мозг паражоны цалкам…
"Ну ладна, — думаю, — зробіцца трошкі нервовым…"
— Яшчэ слухай: калі заплачаш — я цябе адразу ж выпраўлю. Абдымацца і цалавацца няможна. Блізка не падыходзіць. Даю паўгадзіны.
Толькі я ведала, што ўжо нікуды адсюль не пайду. Калі пайду, дык з ім. Паклялася сама сабе! Заходжу… Яны сядзяць на ложку, гуляюць у карты і смяюцца.
— Вася! — гукаю яго. Паварочваецца:
— Ой, браткі, я прапаў! I тут знайшла!
Смешны гэткі, піжама на ім сорак восьмага памеру, а ў яго — пяцьдзесят другі. Кароткія рукавы, кароткія штонікі. Але пухліна з твару ўжо сышла… Ім улівалі нейкі раствор…
— А чаго ты гэта раптам прапаў? — пытаюся. I ён памкнуўся мяне абняць.
— Сядзі-сядзі, — не пускае яго ўрач да мяне. — Няма чаго тут абдымацца.
Ну неяк усё гэта жартам абышлося. I тут ужо ўсе збегліся, і з іншых палат таксама. Усе нашы. З Прыпяці. Іх жа дваццаць восем чалавек самалётам прывезлі. Што там? Што там у нас у горадзе? Я адказваю, што пачалася эвакуацыя, увесь горад вывозяць на тры ці на пяць дзён. Хлопцы маўчаць, а былі там дзве жанчыны, адна з іх на прахадной у дзень аварыі дзяжурыла, і яна заплакала:
— Божа мой! Там мае дзеці. Што з імі?
Мне хацелася пабыць з ім удваіх, ну, няхай бы адну хвіліначку. Хлопцы гэта адчулі, кожны прыдумаў сабе прычыну, і яны выйшлі ў калідор. Тады я абняла яго і пацалавала. Ён адсунуўся:
— Не сядай побач. Вазьмі крэселка.
— Ды глупства ўсё гэта, — махнула я рукой. — А ты бачыў, дзе адбыўся выбух? Што там? Вы ж першыя туды трапілі…
— Хутчэй за ўсё гэта шкодніцтва. Нехта спецыяльна ўчыніў. Усе нашы хлопцы гэтак мяркуюць.
Тады гэтак гаварылі. Думалі.
На наступны дзень, калі я прыйшла, яны ўжо ляжалі паасобку, кожны ў сваёй палаце. Ім катэгарычна забаранялася выходзіць у калідор. Сустракацца адно з адным. Перастукваліся праз сцяну… Кропка — працяжнік, кропка — працяжнік… Урачы тлумачылі гэта тым, што кожны арганізм па-рознаму рэагуе на дозы абпраменьвання, і тое, што вытрывае адзін, іншаму не пад сілу… Там, дзе яны ляжалі, зашкальвалі нават сцены. Злева, справа і паверх пад імі… Там усіх выселілі, ніводнага хворага… Пад імі і над імі анікога…
Тры дні я жыла ў сваіх маскоўскіх знаёмцаў. Яны мне гаварылі: бяры каструлю, бяры міску, бяры ўсё, што трэба… Я варыла булён з індычкі, на шасцёра чалавек. Шасцёра нашых хлопцаў… Пажарнікаў… З адной змены… Яны ўсе дзяжурылі той ноччу: Вашчук, Кібянок, Ціцянок, Правік, Цішчура. У краме купіла ім усім зубную пасту, шчоткі, мыла. Нічога гэтага ў бальніцы не было. Маленькія ручнічкі купіла… Я здзіўляюся цяпер са сваіх знаёмых, яны, вядома, баяліся, не маглі не баяцца, ужо хадзілі ўсялякія чуткі, але ўсё адно самі мне прапаноўвалі: бяры ўсё, што трэба. Бяры! Як ён? Як яны ўсе? Яны будуць жыць? Жыць… (Маўчыць.) Напаткала тады шмат добрых людзей, я не ўсіх запомніла… Свет звузіўся да адной кропкі… Ушчыльніўся… Ён… Толькі ён… Памятаю пажылую санітарку, якая мяне вучыла: "Ёсць хваробы невылечныя. Трэба сядзець і гладзіць рукі".