Ранічкаю еду на рынак, адтуль да сваіх знаёмых, вару булён. Усё працерці, пакрышыць… Хтосьці прасіў: "Прывязі яблычак". З шасцю паўлітровымі слоічкамі… Заўсёды на шасцёх! У бальніцу… Сяджу да вечара. А ўвечары — зноў на другі канец горада. Наколькі б мяне гэтак хапіла? Але праз тры дні прапанавалі, што можна жыць у гасцініцы для медработнікаў, на тэрыторыі самой бальніцы. Божа, якое шчасце!!
— Але ж там няма кухні. Як я буду ім гатаваць?
— Вам ужо не трэба гатаваць. Іх страўнікі перастаюць успрымаць ежу.
Ён пачаў мяняцца — кожны дзень я сустракала іншага чалавека… Апёкі выходзілі напаверх… У роце, на языку, шчоках — спачатку з'явіліся маленькія болечкі, пасля яны разрасліся… Слаёчкамі злазіла слізістая… Плевачкамі белымі… Колер твару… Колер цела… Сіні… Чырвоны… Шэра-буры… А яно такое ўсё маё, такое любімае! Пра гэта не расказаць! Пра гэта не напісаць!
Я кахала яго! Я не ведала яшчэ, як яго кахала! Мы толькі пабраліся… Ідзём вуліцаю. Падхопіць мяне на рукі і закружыцца. I цалуе, цалуе. Людзі ідуць міма, і ўсе ўсміхаюцца…
Клініка вострай прамянёвай хваробы — чатырнаццаць дзён… За чатырнаццаць дзён чалавек памірае…
У гасцініцы ў першы ж дзень дазіметрысты мяне замервалі. Адзенне, сумка, кашалёк, туфлі — усё "палала". I ўсё гэта тут жа ў мяне забралі. Нават ніжнюю бялізну. Не ўзялі толькі грошы. Узамен выдалі бальнічны халат пяцьдзесят шостага памеру, а тапачкі сорак трэцяга. Адзенне, сказалі, можа, прывязём, а можа, і не, наўрад ці можна будзе яго "адчысціць". У такім выглядзе я і з'явілася перад ім. Спалохаўся: "Божачкі, што з табой?" А я ўсё-такі ўхітралася варыць булён. Ставіла кіпяцільнік у слоік… Туды кідала кавалачкі курыцы… Маленькія-маленькія… Пасля хтосьці аддаў мне сваю каструльку, здаецца, прыбіральшчыца ці дзяжурная гасцініцы. Нехта — дошчачку, на якой я крышыла свежую пятрушку. У бальнічным халаце сама я не магла выбрацца на рынак, нехта мне гэтае зяленіва прыносіў. Але ўсё марна, ён не мог нават піць… Праглынуць сырое яйка… А мне хацелася здабыць што-небудзь смачненькае! Быццам гэта магло памагчы. Дабегла да пошты: "Дзяўчаткі, — прашу, — мне трэба тэрмінова пазваніць маім бацькам у Івана-Франкоўск. У мяне тут памірае муж". Чамусьці яны адразу здагадаліся, адкуль я і хто мой муж, тут жа злучылі. Мой бацька, сястра і брат тым жа днём вылецелі да мяне ў Маскву. Яны прывезлі мае рэчы. Грошы.
Дзевятага мая… Ён заўсёды мне казаў:"Ты не ўяўляеш, якая прыгожая Масква! Асабліва ў Дзень Перамогі, калі салют. Я хачу, каб ты ўбачыла". Сяджу ля яго ў палаце, расплюшчыў вочы:
— Цяпер дзень ці вечар?
— Дзевяць вечара.
— Адчыняй акно! Пачынаецца салют!
Я расчыніла акно. Восьмы паверх, увесь горад перад намі! Букет агню ўскінуўся ў неба.
— Ух ты!
— Я абяцаў табе, што пакажу Маскву. Я абяцаў, што па святах буду ўсё жыццё дарыць кветкі…
Азірнулася — дастае з-пад падушкі тры гваздзікі. Даў медсястры грошы — і яна купіла. Падбегла і цалую:
— Мой адзіны! Любы мой!
Разбурчэўся:
— Што табе кажуць урачы? Няможна мяне абдымаць! Няможна цалаваць!
Мне не дазвалялі яго абдымаць… Але я… Я падымала і саджала яго… Перасцілала пасцелю… Ставіла градуснік і вымала… Прыносіла і выносіла судна… Пра гэта ніхто нічога не гаварыў…
Добра, шго не ў палаце, а ў калідоры… У мяне закружылася галава, я ўхапілася за падаконнік… Міма ішоў урач, ён узяў мяне за руку. I нечакана:
— Вы цяжарная?
— Не-не! — Я гэтак пералякалася, каб нас хто-небудзь не пачуў.
— Не падманвайце, — уздыхнуў ён.
Я так разгубілася, што не паспела нічога ў яго папрасіць. Назаўтра мяне выклікаюць да загадчыцы. — Чаму вы мяне падманулі? — спытала яна.
— Вымушана была. Калі б сказала праўду — адправілі б дадому. Святая хлусня!
— Што ж вы нарабілі!!
— Але я з ім…
Усё жыццё я буду ўдзячна Ангеліне Васільеўне Гуськовай. Усё жыццё!
Іншыя жонкі таксама прыязджалі, але іх ужо не пусцілі. Былі са мной іхнія мамы… Мама Валодзі Правіка ўвесь час прасіла Бога: "Вазьмі лепш мяне".
Амерыканскі прафесар, доктар Гейл… Гэта ён рабіў аперацыю па перасадцы касцявога мозгу… Суцяшаў мяне: надзея ёсць, маленькая, але ёсць. Такі моцны арганізм, такі дужы хлопец! Выклікалі ўсіх яго сваякоў. Дзве сястры прыехалі з Беларусі, брат з Ленінграда, там служыў. Малодшая Наташа, ёй было чатырнаццаць гадоў, вельмі плакала і баялася. Але яе касцявы мозг падышоў лепш за ўсіх… (Змаўкае.) Я ўжо магу пра гэта распавядаць… Раней не магла… Я дзесяць гадоў маўчала… Дзесяць гадоў. (Змаўкае.)