Пачалася новая гісторыя пачуццяў…
— Але чалавек і падзея не заўсёды суадносныя? Часцей за ўсё не суадносныя…
— Я шукала чалавека ўражанага. Які адчуў сябе адзін на адзін з гэтым. Які задумаўся.
Тры гады ездзіла і распытвала: работнікаў станцыі, вучоных, былых партыйных чыноўнікаў, медыкаў, салдатаў, перасяленцаў, самасёлаў… Людзі розных прафесіяў, лёсаў, пакаленняў і тэмпераментаў. Веруючыя і атэісты. Сяляне і інтэлектуалы. Чарнобыль — асноўны змест іх свету. Усё ўнутры і навакол атручана ім, а не толькі зямля і вада. Увесь іх час.
Падзея, распаведаная адным чалавекам, — ягоны лёс, многімі — ужо гісторыя. Гэта самае цяжкае: сумясціць дзве праўды — асабістую і агульную. А сённяшні чалавек на разломе эпох…
Сышліся дзве катастрофы: сацыяльная — на нашых вачах знікае пад вадой велізарны сацыялістычны мацярык, і касмічная — Чарнобыль. Два глабальныя выбухі. I першы — бліжэйшы, больш зразумелы. Людзі заклапочаныя днём і бытам: за што купіць, куды паехаць? У што верыць? Пад якія сцягі зноў стаць? Гэта перажываюць усе і кожны. А пра Чарнобыль хацелі б забыць. Па першым часе спадзяваліся яго адолець, але, зразумеўшы марнасць спроб, замоўклі. Цяжка абараніцца ад таго, чаго мы не ведаем. Чаго чалавецтва не ведае. Чарнобыль перамясціў нас з аднаго часу ў другі.
Перад намі рэальнасць, новая для ўсіх…
Але пра што б чалавек ні гаварыў, ён заадно выяўляе і сябе. Што мы за людзі?
Наша гісторыя — гэта гісторыя пакутаў. Пакуты — наша прыстанішча… Наш культ. Мы загіпнатызаваныя імі. Але мне хацелася спытацца і пра іншае — пра сэнс чалавечага жыцця, нашага існавання на зямлі.
Ездзіла, размаўляла, запісвала. Гэтыя людзі першымі… убачылі тое, пра што мы толькі здагадваемся. Што для ўсіх — яшчэ тайна. Але пра гэта яны самі раскажуць…
Неаднойчы мне здавалася, што я запісваю прышласць…
Раздзел першы. Зямля мёртвых
Маналог пра тое, навошта людзі ўспамінаюць
"Вы ўзяліся пра гэта пісаць? Пра гэта! А я не хацеў бы, каб пра мяне гэта ведалі… Што я там зведаў… З аднаго боку, ёсць жаданне адкрыцца, выгаварыцца, а з другога — адчуваю, як я распранаюся, а мне б гэтага не хацелася…
Памятаеце, у Талстога? П'ер Бязухаў гэтакі ашаломлены пасля вайны, што яму здаецца — ён і ўвесь свет змяніліся назаўсёды. Але мінае нейкі час, і ён кажа сабе: "Гэтак жа буду сварыцца на фурмана, гэтак жа буду бурчэць". Навошта тады людзі ўспамінаюць? Каб аднавіць ісціну? Справядлівасць? Вызваліцца і забыць? Разумеюць, што яны — удзельнікі грандыёзнай падзеі? Ці шукаюць у мінулым абароны? I гэта пры тым, што ўспаміны — крохкая рэч, эфемерная, гэта не дакладныя веды, а здагадка чалавека пра самога сябе. Гэта яшчэ не веды, гэта толькі пачуцці.
Маё пачуццё… Я пакутваў, корпаўся ў памяці і прыгадаў…
Самае страшнае са мной было ў дзяцінстве… Гэта — вайна…
Памятаю, як мы, хлапчукі, гулялі ў "таты і мамы": распраналі малых і клалі іх адно на аднаго… Гэта былі першыя дзеці, што нарадзіліся пасля вайны… Уся вёска ведала, якія словы яны ўжо гавораць, калі пачалі хадзіць, таму што за вайну на дзяцей забыліся. Мы чакалі з'яўлення жыцця. "У таты і мамы" — гэтак называлася наша гульня. Мы хацелі ўбачыць з'яўленне жыцця… А нам самім было па восем-дзесяць гадоў…
Я бачыў, як жанчына сама сябе забівала. У кустах ля рэчкі. Брала цагліну і біла сябе па галаве. Яна была цяжарная ад паліцая, якога ўся вёска ненавідзела. Яшчэ будучы дзіцем я бачыў, як нараджаюцца кацяняты. Памагаў маме цягнуць цялятка з каровы, вадзіў да кныра нашу свінню… Памятаю… Памятаю, як прывезлі забітага бацьку, на ім свэдар, мама сама яго вязала, бацька, напэўна, быў расстраляны з кулямёта ці аўтамата, і штосьці крывавае проста шматкамі вылазіла з гэтага свэдра. Ён ляжаў на нашым адзіным ложку, больш пакласці не было куды. Потым яго пахавалі перад домам. I зямля не пух, а цяжкая гліна. З-пад градаў для буракоў. Вакол ішлі баі… На вуліцы ляжалі забітыя коні і людзі…
Для мяне гэта настолькі забароненыя ўспаміны, што я не гаварыў пра іх услых…
Тады я ўспрымаў смерць гэтак жа, як і нараджэнне… У мяне было прыкладна аднолькавае пачуццё, калі паявілася цялятка з каровы… Паяўляліся кацяняты… I калі жанчына ў кустах сама сябе рашала… Чамусьці гэта здавалася мне адным і тым жа, аднолькавым… Нараджэнне і смерць…
Я памятаю з дзяцінства, як пахне ў хаде, калі колюць кабана… I Вы толькі зачапілі мяне, і я ўжо правальваюся, валюся туды… У кашмар… У жах… Лячу…
Яшчэ памятаю, як нас, малых, жанчыны бралі з сабой у лазню. I ва ўсіх жанчын, і ў маёй маці выпадалі маткі (мы гэта ўжо разумелі), яны падвязвалі іх анучынамі. Я гэта бачыў… Маткі выходзілі ад цяжкай працы. Мужчын не было, іх на фронце, у партызанах перабілі, коней не было таксама, жанчыны цягалі плугі на сабе. Пераворвалі свае гароды, калгасныя палеткі. Калі я вырас і ў мяне надаралася блізкасць з жанчынай, я гэта прыгадваў… Тое, што бачыў у лазні…