Зміцер ДАШКЕВІЧ
ЧАРВЯК
Я стаяў у “клетцы”. Гэта была адна з трох камер КПП-2 — 50 на 50 см, з цаглянымі сценамі і замест дзвярэй кратамі, якія гэтак жа адчыняліся і зачыняліся. Дзякуючы дызайнерскім асаблівасцям, буды гэтыя і называюць у народзе “клеткамі” ці “стаканамі”.
КПП-2, як і кожнае такое КПП у іншых лагерах, падзяляе жылую і працоўную зоны. Апроч камер для правапарушальнікаў, на КПП, перадусім, знаходзяцца: пакой дзяжурнага, дзе ўсталяваны электронныя прыборы кантролю калоніі; у выглядзе дзвярной рамы — металашукальнік, праз які мусяць праходзіць зэкі вяртаючыся з прамзоны. Ёсць тут яшчэ невялікі кабінецік, на сцяне яго вісіць пластыкавы макет зоны з усімі абарончымі рубяжамі: адначасова і пакой для інструктажу змены перад працаю, і перакусачная; а побач месціцца пакой для дагляду асуджаных, перад закрыццём у “стакан”. У пакоі гэтым, чамусьці, стаіць вялізны сейф.
— Што захоўваеце ў сейфе-та? — запытаў я неяк у кантралёра, каторы асабліва пільна там мяне распранаў.
— Паслядоўнасць растрэлу бандытаў пры надзвычайным становішчы, — ці тое усур’ёз, ці тое па прыколу заявіў мне даглядчык.
— Дык якія вам паслядоўнасці? — даў я ў сваю чаргу параду. — Шмаляйце ўсіх направа-налева і канцы ў ваду.
— Ну так, вады тут шмат, — загадкава пагадзіўся той.
Што мне было яшчэ казаць? Вады і сапраўды там шмат — зона стаіць у возеры. Віцебшчына — край блакітных азёраў.
— Трымай.
Я працягнуў з клеткі руку і зэк гэтак жа хутка паклаў нешта мне ў далонь ды тут жа выйшаў у шэрагу асуджаных, што вярталіся з працы ў зону.
Я расціснуў кулак—то былі тры шакаладныя цукеркі. Мяне ажно праняло: не тое, каб ад шакаладных пачастункаў (раздаваць якія невядома каму — гэта святатацтва для зэка), як ад разумення таго, што сярод гэтага шэра-чорнага натоўпу чалавекаў, усё ж, больш, чым тое можна было б меркаваць. Вось гэты—невядома хто,але не пабаяўся падтрымаць, хоць, безумоўна, ведае, што вокамгненна можа патрапіць у няласку і стаць побач, у суседнюю клетку.
— Што там перадалі табе? — адразу падскочыў малы вяртлявы кантралёр.
— Цукеркі.
— Хто перадаў?
— Не ведаю.
— Пакажы.
Я дастаў цукеркі з кішэні.
— Давай сюды.
— Ды ўжо не перапрацоўвай ты можа? — кінуў я спакойна, але з некаторым абурэннем.
— Я тут пакладу, — асёкчыся апраўдаўся Дзяніска, — непаложана.
— На, — непаложана, дык непаложана.
— Во, будуць наверсе, — і стаўшы на дыбачкі, ён паклаў непаложанае на дах майго стакану. — Па вызваленні забярэш.
Я прамаўчаў, даючы разумець, што забяру і без ягоных парадаў: дзе тое бачана, каб зэк шакалад мог забыць?!
Неўзабаве прыйшоў і мой вызваліцель — доўгі руды кантралёр з траха лупатымі вачыма. Адчыняючы клетку, ён з усмешкаю запытаў:
— Ну што ты, усё парушаеш?
— Канешне, — пацвердзіў я, выйшаўшы з камеры, і адразу згроб з даху цукеркі.
— Ты мо завязвай з гэтым?
— Не магу: парушаць рэжым — гэта маё крэда. І тут, і на волі.
— Раскруцяць жа.
— Ды кішка ў іх танка, — адсёк я ўпэўнена.
— Не, тут раскруцяць, павер мне, — паківаў той.
— Ну дык няхай і круцяць, у нас усё адно, за кожным вызваленнем ідзе арышт.
Пасля колькісекунднай паўзы рыжы зрабіў дапушчэнне:
— Тут ты мо і маеш рацыю.
— Гэта не я, гэта класік гулагаўскай прозы жыцця, — удакладніў я, ідучы ды выхаду, і кінуў на развітанне: — Давай!
— Сёння ўжо не завітаеш да нас? — падкалоў мяне кантралёр.
— Куды ж ужо на ноч? Заўтра мо, пасля “промкі”.
— Ну глядзі, нашыя апартаменты заўсёды радыя вас прыняць.
— Гэта не можа не абнадзейваць, Пятро! — падзякаваў я і выйшаў з КПП.
Перад адбоем я піў смачную гарбату са смачнымі шакаладнымі цукеркамі і думаў: “Дай Бог харошаму чалавеку здароўя і добрую жонку!”
Што такое “промка”? “Промка” —гэта галоўны інструмент перавыхавання зэка. Як падаткавікі маюць штомесяцовую разнарадку на колькасць злоўленых неплацельшчыкаў “мзды”, дзяржкантрольшчыкі — на колькасць выяўленых сабатажнікаў мадэрнізацыі і г.д., і г.д., так і турэмшчыкі маюць спушчаны з вярхоў план на адсотак перавыхоўванага кантынгенту, і адсотак не абы які — 100 працэнтных пунктаў. І няхай ніхто не думае, што гэта завялікія патрабаванні, бо зона іх не толькі выконвае, але і перавыконвае. Не, я не пра прыпіскі, усё адбываецца цалкам законна, па наступнай схеме. Выходзіць на промзону, да прыкладу, 10 зэкаў — гэта азначае, што ўсе яны перавыхоўваюцца і перавыхаваныя да рэшты вызваляюцца ўмоўна-датэрмінова ці, хаця б, “па званку”. Ужо маем 100 працэнтаў перавыхаваных. Праз колькі месяцаў— “дома” 9 з 10. Іх зноў перавыхоўваюць, зноў вызваляюць, і вось, маем мы —190%! Канешне, было б 200%, але адзін, пасля першага перавыхавання, баршчануў на волі “максімкаю” і ад перадозу аддаў душу сваю іншым выхавальнікам. Сапсаваў, паскуднік, паказнікі!