— Чарвякі, Дзімон, — усміхнуўся і светлы чалавек.
— І я падумаў, — працягваў я, натхніўшыся Дзёнінай праўдай жыцця, якая і ў маім жыцці шмат што тлумачыла, — няхай так, няхай не стае сілаў падняцца, я буду тады паўзці, паўзці, каб толькі ў гэтай калюзе не валяцца. Яно ж не ўсім сходу лётаць дадзена! — пацепаўшы плячыма я кіўнуў Дзянісу. — Дык будзем, чарвякі, паўзці — мо калі і выпаўзем. Як ты мяркуеш, Дзёня?
— Выпаўзем, Дзімон, — цвёрда запэўніў Дзяніс. — Не можа быць, каб не выпаўзлі. І я цяпер думаю так, што нават гэтыя выпрабаванні дадзеныя нам, каб выпаўзлі. Ва ўсялякім разе мне, дык дакладна. І я дзякую Богу за гэтую “дванашку”: што яно такое ў параўнанні з тым, што я знайшоў Хрыста? Вось тут, у зоне, першы раз за 25 год адчуў сябе свабодным і шчаслівым? — Дзяніс пранікнённа паглядзеў на мяне. — Лічыш я вар’ят?
І хаця толькі з замілаваннем можна было глядзець у вочы Дзяніса, дыягназ трэба было ставіць.
— Так, вар’ят. Для тых, што ідуць ў пагібель, ты — вар’ят.
Я замаўчаў, але каб моцна не засмучваць светлага чалавека ды быць ужо да канца праўдзівым псіхатэрапеўтам, дадаў пасля паўзы:
— Але ты не думай, я і сам вар’ят для многіх.
“Не, такіх пасвячоных людзей, — думаў я лежачы на нары, — сярод усіх тых баракаў і камер, якія ўмудрыўся я прапаўзці, не сустракаў.” Як так атрымалася, што прыйшоў да гэткае высновы, сказаць цяжка. Можа раней кепска глядзеў? Можа быць. Хаця наведваў пратэстанцкую суполку і ў “Шклове”, і ў “Горках” паспеў перасекчыся з некаторымі, і тут вось заходжваў, але… неяк так выходзіла, што большасць свайго шукае. Нават так бывае, калі некаторыя з пачуццямі шчырымі, дый і тыя навывучваюць біблійных цытатаў з дакладным веданнем нумара раздзела і верша (за 5, 10 ці 15 гадоў-та!), бегаюць ўсё ды нешта адзін адному іншым даказваюць, спрачаюцца па прычыне і без яе.
Дайшло да таго, што пачаў я расчароўвацца ды многіх у сэрцы асуджаць. Асабліва калі бачу: у нядзелю ён на малітве прычашчаецца, а потым — цыгарэта ў зубах, і не магу яго ў натоўпе адрозніць ад любога іншага тонучага. О, тады я думаў, што стаю! “А калі ты думаеш, што стаіш, глядзі, каб не ўпаў!” (1 Кар.10:12)І я не проста ўпаў, я ў такі бруд зарыўся, што той, з цыгарэтаю ў зубах, у параўнанні са мною праведнік! Яшчэ адзін закон быцця: калі ты думаеш, што ты нешта, ты становішся нічым.
Потым, дзякаваць Богу, троху, але прасвятлеў: што патрабаваць ад таго няшчаснага, хто жыў ўсё жыццё ў цемры і толькі ў зоне, сярод ванітаў гэтых і нянавісці, адчуў побач промень сонца і хаця сляпы, аднак спрабуе да святла ісці? А калі так разабрацца, ці не ўсе мы ў зоне, дзе з аднаго боку надзіраючыя за табою, а з другога — жадаючыя выжыць? Ці мала нас такіх—у гэткай жа цемры? Ва ўсялякім разе я, дык дакладна. Так кажа Дзёня, гэты пасвячоны чарвяк, каторы свайго не шукае, нікому тэалогію не ўцірае, а ўпакорвае сэрца—толькі каб стаяць на праведным шляху, нават калі на ім і прыходзіцца угамоньваць асабліва борзых. Ну а з кім не бывае? Ва ўсялякім выпадку са мною, дык нават часта. Так кажа Дзёня, гэты пасвячоны чарвяк.
— Ты ведаеш, Дзёня, — гучна прамовіў я, заклаўшы рукі пад галаву і гледзячы ў столь.
— Ну, Дзімон, — адказаў Дзяніс.
— Можа няшмат, гады толькі чатыры пратуляўся я па розных камерах, а такіх праведнікаў, як ты, не сустракаў.
— Ды ладна, Дзімон, — выбачаючыся запярэчыў сябар. — Я проста ніякі перад Богам, чарвяк я.
— І я чарвяк. Але ты чарвяк не такі, ты — чарвяк праведны, — пацвердзіў я яшчэ раз і, узгадаўшы наш “сумесны” паход у царкву, вырашыў распавесці праваслаўнаму чарвяку свае першыя аб ім уражанні. — І разумееш якая справа, быў я перакананы спачатку, што ты пратэстант.
— Чаму? — з усмешкаю ў голасе перапытаў Дзяніс.
— Відаць, з-за Бібліі: і тады, калі мы ў царкву дамаўляліся ісці, чытаў ты яе, і потым бачыў я цябе пару разоў, — у памяці маёй паўстаў белы чалавек, пастаянна чытаючы Біблію на высокім ганку пякарні. — А тое ж многія нават не адкрываюць яе ды ўмудраюцца лічыць сябе веруючымі. У лепшым выпадку, калі трапляецца рэлігійны праваслаўны, дык чытае якіх-небудзь пустэльнікаў.
— Я таксама чытаю… — нібы засмуціўся Дзяніс.