Можа ўзнікнуць пытанне, а для чаго гэта зэку-сэксоту? А зэк за гэта атрымоўвае плюсік, а за назбіраныя плюсікі можна: стаць на ўзмоцненае харчаванне (самы шыкоўны бонус, асабліва калі няма каму “грэць”), атрымаць дадатковую пасылку, палепшыць бытавыя ўмовы ў атрадзе і… шмат, шмат, што яшчэ можна — абы плюсікі былі!
Таму небядовы хлопец Серы меў поўна прычынаў перастрахавацца. Аднак ці тое заўвага аб бегаючых у операддзел абразіла Санчоўса, ці прага атрымаць дозу некацінавага яду ўзяла верх над розумам, але завёў Санёк баракас па-поўнай:
— Да ты не ламайся …піп… дай ты …піп-піп… сюды цыгарэты …піп.
Па гуках было падобна, што Серы, спартовага складу хлопец, пачаў запіхваць суседа нашага ў камеру, на што той запратэставаў таксама:
— Давай паакуратней …піп-піп… а тое і ў адмашку магу пайсці …піп-піп.
— Ты, у адмашку? — пакпіў кантралёр. — Баюся ад цябе мала што застанецца.
— Усе вы …піп-піп… смелыя, як з дубінкаю ды па форме …піп-піп… а сустрэнеш вас дзе пад вуглом, сціскаецеся ў штонікі без памперсаў …пііііііііііп… — тут пакутуючы па нікаціну перайшоў ужо на персоны і апошнія словаформы, — калі ён канчаткова зразумеў, што цыгарэты будзе паліць нехта іншы, — былі асабліва брутальным, і Сярога абавязаны быў на іх рэагаваць:
— Ты …піп… за словы свае гатовы адказваць? — гаркнуў ён сваім басам.
— Я заўсёды адказваю, — ганарлівым тэнарком праспяваў з-за дзвярэй Саня-Тэрмінатар.
— Ну глядзі, — ужо спакойна адказаў Серы і сышоў.
Не паспелі мы з Дзёнем і падзівіцца, як чудзіць курыльшчык без баяну, аж загрукалі тут некалькі пар ботаў па жалезнай лесвіцы і зарыпелі дзверы Санінай адзіночкі.
— Выходзь! — крыкнуў Сяргей.
Санчоўс выйшаў моўчкі і ўсе рушылі ўніз, на першы паверх. Добрая гучнасць дазваляла нам чуць і тое, што адбывалася паверхам ніжэй. Прагучалі ўладарныя загады: “Да сцяны!”, “Ногі!”, “Шырэй!”, “Шырэй ногі!”, пасля чаго пачуліся пяшчотныя паляпванні гумавымі прыкурвальнікамі, а за імі ўдзячныя воклічы закурваючага Санчоўса: “А вой!”, “Да ты што!”, “Што ж вы творыце!”, “Харош, Серы!”
Мы з Дзянісам спачувалі як маглі — ледзь не плакалі рагочучы ад пуза.
— Во, той, што ў адмашку пайшоў! — крыкнуў я.
— Так, зараз яму находзяць! — падтрымаў Дзёня.
Серы ж спыніў працу і прыгадаў:
— Дык ты ж збіраўся за словы свае адказваць?
— Ты мяне не так зразумеў, Серы! — адказаў як мог за свае словы Санёк.
Пасля яшчэ некалькі свістаў перавыхавальніка ў паветры, якія сканчваліся лясканнем аб мяккія тканіны і па іх галашэннямі: “А-ёечкі!”, “А-ёй!”, “А-ё-ёй!”, перавыхоўваемы быў вернуты ў хату.
Мы з Дзянісам ажно заходзіліся:
— Ну што Санька, закурыў? — гагатаў Дзёня.
— Закуры-ы-ў…— працягла праскавытаў аматар тытунёвых смолаў, што нагадала мне застаўку да аднога са спеваў Вінцэнта.
— А мы казалі табе: папрасі прабачэнне, пакуль не позна, — нагадаў Дзяніс.
— Таблеткі на раз прапісалі ці яшчэ будзеш прымаць? — хахатаў я.
— Не, хопіць аднога разу… — стагнаў пацыент.
— Ну як што, гавары, — працягваў канцэрт па заяўках Дзяніс, — мы з Серым дамовімся, каб яшчэ пару рэцэптаў выпісаў!
— Мне б пакуль гэтыя пераварыць рэцэпты…
— Мо ўжо і з курывам завяжаш?
— Мо, Дзёня, і трэба, я ж збіраўся, — узгадаў раптам курэц аб сваіх намерах на новае жыццё.
— Глыбоцкая медыцына — самая лепшая медыцына ў свеце! — не стрымаўся я, каб не парадвацца за Санчоўса і айчынных паслядоўнікаў Гіпакрата.
— А як збочваць пачнеш, дык ты і на волі можаш звяртацца да Серага — за бюлетэнямі, — слушна параіў Дзяніс, — і пад’язджай ды заводзь баркас свой!
— Не, гэты баркас лепш не заводзіць, — ужо і сам праз стогн пасмейваўся ацалёны ад палення Санёк.
У перадапошні вечар знаходжання майго сярод блакітных азёраў, Дзёня клікнуў мяне:
— Дзімон, давай мо заварым што?
— Давай.
— Я вару каву, а ты?
— Дык і я каву, — згадзіўся я з выбарам.
— Тады праз дзясяць хвілін — “на рэшцы”.