Таму, каб паказнікі не псаваць, усе павінны выходзіць на “промку”. Як там працуюць і ці працуюць увогуле —гэта іншая гаворка, а якая выніковасць —увогуле не адной дысертацыі тэма. Галоўнае — хадзіць, перавыхоўвацца. І я хадзіў, я ўмацоўваў справаздачнасць — каб турэмшчыкі мелі прэміі, каб былі сытымі і поўнымі сілаў на нялёгкую місію перавыхавання.
І заўтрашнім пагожым чэрвеньскім днём я ішоў на промку з самымі шчырымі намерамі пазмагацца за працэнтныя пункты — пазагараць. А дзень якраз выдаваўся сонечным, і пакуль неба дарыла такі шанец, я прыпальваў год не бачыўшую сонца скуру — скінуўшы кашулю, прагульваўся па пляцы.
Пляц — заасвальтаваная прастора метраў 20 на 50, якую атачаюць некалькі працоўных цэхаў прамзоны. На высокім ганку аднога з будынкаў, насупраць цэху ў якім знаходзілася мая працоўная кніжка, сядзеў на зэдліку нехта белы, быццам анёл ды пабліскваючы на сонцы схіліўся над кнігаю. Заўважыўшы мяне, белы чалавек махнуў рукой і нягучна, але дастаткова каб я чуў, гукнуў:
— Здароў!
— Здароў, — адказаў я, падышоўшы бліжэй.
Анёлам апынуўся сярэдняга росту, плячысты, жыццярадасны зэк з прасветленым шырокаскулым тварам, блакітнымі вачыма, над якімі чорныя бровы злучаліся ля самога носа, шырокаватыя ноздры якога маглі сведчыць аб характарнасці, а завяршаючы партрэт высокі лоб — аб мудрасці, ці аб заўчасным аблысенні. Закрыўшы невялічкае выданне Новага Запавету “Братоў Гедэонаў” светлы чалавек адказаў на мой запытальны позірк:
— Гэта я табе ўчора цукеркі перадаў.
— А-а, — працягнуў я. — Дзякуй. А то ж я і не пазнаў бы — хутка неяк усё адбылося.
— Не забраў кантралёр?
— Ты што, як мог ён так рызыкаваць здароўем? — пасміхнуўся я і дадаў сур’ёзней: — Не, проста ўзяў на захаванне.
— Ну дык добра, — кіўнула астрыжаная пад нуль галава белага зэка.
Я стаяў перад ім і глядзеў на цэх, разважаючы, чым тут маглі б займацца.
— Пякарня, — кіўнуў мне суразмоўца.
— Зразумела цяпер, а тое я думаю: “Што гэта такое: усе зэкі як зэкі — чорныя і чумазыя, а тут — белыя і чыстыя?” — патлумачыў я пра сваю цікаўнасць і запытаў, кінуўшы на Кнігу: — Веруючы?
— Так, канешне.
— “Канешне”, — паўтарыў я. Каму — “канешне”, а большасці б пуза толькі забіць ды чыфірнуць пад цыгарэтку.
— Так і ёсць.. — сумна прамовіў светлы чалавек, — але і на волі тое ж самое.
— Сапраўды, і на волі… — выдыхнуў я і задумаўся. — На волі толькі патрэбы іншыя.
Цяпер задумаліся мы абодва.
— Хадзіў у царкву па свабодзе? — перапыніў я паўзу, узгадаўшы аднога свайго сябра са шклоўскай калоніі, каторы перад зняволеннем наведваў пратэстанцкую царкву, потым сышоў у свет, а са свету, як і мае быць, — у месцы не гэтак аддалёныя.
— Спрабаваў, захаджваў пару разоў… І ведаў, адчуваў у сэрцы, што кліча Бог… але… ведаеш як яно бывае — свет праглынуў…
— Ведаю, — паківаў галавою я.
— І вось навука, — белы зэк абвёў рукою будынкі, — ізноў тут.
— Колькі ж табе вучыцца прапісалі?
— Дванаццаць.
— Н-да… дванаццаць, — пры агучванні такіх тэрмінаў не ведаеш што і казаць. — Гэта — ніколі.
— Зьміцер! — гукнуў ад майго цэху Віця — брыгадзір з зэкаў, да якога я быў прыстаўлены. Ці гэта ён да мяне быў прыстаўлены? Не ведаю, разабраць было цяжка.
— Нешта там хочуць, — кіўнуў я пекару. — Пайду пакуль.
— Паслухай, — спыніў ён мяне.
— Ну.
— Хацеў паразмаўляць з табою на адну тэму.
— Можна, — згадзіўся я, — тут жа суполка збіраецца ў царкву па нядзелях. Пойдзеш?
— Пайду.
— Дык во, сходзім, а пасля можна і пагаварыць.
— А ізалятар не выпішуць табе да нядзелі?
— Ну, мо, пратрымаюся на волі пару дзён, — выказаў я верагоднасць, усміхнуўшыся зэкаўскаму аксюмарану пра волю ў зоне.
Да нядзелі, усё ж, на свабодзе ўдалося пратрымацца. А 14-й, перад пачаткам служэння, я выйшаў з трохпавярховага будынку, у якім месціўся мой атрад, у “лакалку”. “Лакалкай” называюць своеасаблівы панадворак — агароджаную трохпавярховым прэнтам тэрыторыю вакол атрада, якая пазбаўляе зэкаў мажлівасці перасоўвацца па ўсёй зоне, лакалізуе іх, так бы мовіць, непасрэдна ля самай хаты. Як і любы плот у вёсцы якой, лакалка таксама мае весніцы, але тут — жалезныя, з тых жа прэнтаў, і на электрычных замках. Таму, у адрозненне ад панадворку уласнай хаткі, з панадворку зонаўскага зэк выйсці самастойна не можа — толькі пад суправаджэннем заўхоза атрада (з зэкаў) ці супрацоўніка калоніі.
Агледзеўшыся ў “лакалцы”, якая ў выходны сонечны дзень была падобна на ходнік сталічнага праспэкта перад Макдакам, я ўбачыў ля весніц пекара, каторы прыхіліўшыся да плота слухаў кагосці, актыўна жэстыкулюючага перад ягоным тварам. Белы чалавек сёння быў ужо гэткім ж шэра-чорным, але выдзяляў яго з агульнае масы такі ж прасветлены твар і яшчэ вялікая Біблія, якую ён, узяўшы рукі пад пахі, прыціскаў да грудзей.