— Хто гэта?—паказаў я на шатэнку гадоў 17-ці.
— Была сяброўка ў мяне адна…—выдыхнуў Дзёня.—Пазнаёміўся я з ёю за месяц да арышту. Перад гэтым я два гады, з самае малалеткі з іншаю сустракаўся, нават распісвацца збіраліся. Але нешта расварыліся мы троху, і пайшоў я налева, пазнаёміўся якраз вось з гэтай шатэнкай, Вікай. І хаця мы былі знаёмыя толькі месяц, ваявала яна за мяне пасля арышту дзень і ноч, — Дзёня паглыбіўся ў мінулае і я яму не перашкаджаў. Мы моўчкі прайшліся пару разоў па сваіх клетках і сябар працягваў.
— Жанчыны, скажу я табе, гэта незвычайныя людзі! — усклікнуў ён. — Калі прымае яна рашэнне — усё, няхай не трапляюцца на дарозе — ідзе львіца, якая будзе рваць за цябе направа-налева ўсё і ўся. Вось так і гэтая. Падавалася б: ну хто я ёй такі? А мяне толькі закрылі, яна—тут як тут: на наступны ж дзень адчыняюцца ў хаце дзверы і кажа мне начальнік “кічы”: “Выходзь, прыйшлі да цябе!” Я падумаў, следак мо які. Заводзяць у пакой, а там—яна! Ты прыкідваеш?!
Я не адказваў—прыкінуць было цяжка нават відаўшым віды. Дзёня распавядаў далей:
— Кідаецца на шыю мне, плача: “Дзянісанька, вырвемся!”, “Буду чакаць!”, “Жыць не магу!” Я такі шакаваны быў… Мамка яшчэ не паспела зразумець, дзе я і што, а гэтая імгненна! І ўзялася яна па поўнае праграме: год і перадачы цягала, і мамку маю падтрымоўвала, і па сведках бегала, і па следаках — усё даказвала: “Вы ж ведаеце, ён невінаваты!” Падняла на ногі нават сваю маці. А ейная маці, ведаеш хто?
— Хто?
— Пракурорша!—крыкнуў Дзяніс і патрос рукою ў паветры.—І пракурорша, каторая мяне на малалетку закрывала!
— Во ты выдаеш…—уразіўся я такім паваротам і запытаў: —А тая што, з якой распісвацца меліся, кіданула?
— Яна, —сябар мой уздыхнуў, —апынулася, што была цяжарная.
— Н-да… проста нейкая санта-барбара.
— Так, Дзімон, але я потым даведаўся. Яна, відаць, не магла дараваць мне здраду, ды ўжо сувязі са мною не шукала. Бацькі ёй кажуць: “Рабі аборт!”, але яна не зважаючы ні на што, адмовілася. Дык, падумай ты сабе, выгналі з дому!
— Час ад часу не лягчэй,—уздыхнуў і я—усё ж, падобна было болей на тыповую трагедыю па-савецку.—І што?
— Нарадзіла усё-ткі. Потым выйшла замуж, за вайскоўца, харошага хлопца—я яго ведаю—сына ваенных таксама. Нарадзіўся ў іх яшчэ адзін дзіцёнак. Урэшце, і ейныя бацькі шчаслівыя, і ягоныя.
— Рэдкі выпадак…
— Дзякаваць Богу, Ён уладкаваў.
— Ну а Віка?—мяне ўжо вельмі цікавіў працяг турэмнага раману — такога сімвалічнага для нашага веку.
— Віка вяла за мяне няроўны бой да самага прысуду. А потым зляпіў я з ёю расход, — выдаў Дзяніс трагічную канцоўку ўзнёслага аповеду, але зрабіў гэта даволі спакойным тонам.
Я ўтаропіўся ў сябра—мне хацелася, каб усё завершылася каханнем “да смерці” —і са здзіўленнем запытаў:
— Навошта?
— Да ты што, Дзімон…—махнуў рукой Дзёня.—Маладая дзеўка, усё жыццё наперадзе, а тут я— і “дванаццатка”… Ды як падумаў я таксама: сядзі і потым заганяйся: дзе яна? з кім?.. І я адпісаў ёй з “кічы”, што ўсё, сканчваем гэтую любоўна-турэмную рамантыку. Так бы, ведаеш, мо і не асмеліўся б, але быў у аднаго чэла гераін, і мы пару дзён—“у саплях”, ну вось я вырашыў і яе вызваліць, і сябе. Віка, праўда, доўга не згаджалася; матуля яе вельмі палюбіла і наракала на мяне потым, што дурань я такі-сякі…Але што вырашана, тое вырашана, — завершыў Дзяніс скрыгатнуўшы сківіцамі.
— Ну ты чэл канкрэтны…—уражана прамармытаў я.
— Нядаўна замуж выйшла, — працягваў прыхільнік радыкальных рашэнняў, — але ў нас добрыя адносіны: піша мне, падтрымоўвае, нават дапамагае маёй матулі перадачы збіраць… хаця і прайшло столькі год, ды яшчэ пасля таго, як я яе выправадзіў. Можаш сабе ўявіць, які чалавек?
На гэтае пытанне можна было толькі паківаць галавою—я і мог сабе ўявіць, бо прыклады — і іх шмат — перад намі, і не мог, бо розумам чалавечым такое спасцігнуць нельга.
Зэк і жанчына — самая загадкавая, дзіўная і неспасцігальная сфера турэмнага жыцця (а можа быць і ўсяго жыцця пад нябёсамі). І якіх толькі лёсаў не сустрэнеш! Яму даюць “25-ку” за забойства палюбоўніцы, з якою ён паралельна жыў, а яна даруе ўсё, выбіваецца з апошняе моцы, але збірае перадачы, ездзіць на спатканні… піша, плача, свята чакае.
А колькі едуць у зону браць шлюб з зэкам, каторага ведаюць толькі па некалькіх лістах перапіскі ці двух-трох забароненых размовах па мабільніку?.. Не спыняе нічога: ні кот у меху, ні калючы дрот вакол месца жыхарства абранніка, ні 5, 10…25 год, якія гэтаму кату-абранніку пад аховаю аўчарак трэба пражыць. І гэтак жа свята будзе плакаць, пісаць, ездзіць і … чакаць, чакаць, чакаць. Уявіць жа, каб на гэтую ахвяру душы быў здольны мужчына — ніяк нельга. Не, такое,канешне, мусіць недзе быць, але я пакуль не бачыў.