Выбрать главу

Як толькі пачуў я гэтае дзівоснае апісанне будучыні сваёй, імгненна сэрца выкінула ў артэрыі гадавую дозу эндарфіна і замілаванне жыццём хваляю накрыла мяне з галавы да ног — я ўявіў сабе шклопакеты ў ізалятары і па еўрастандартах мягенькую драўляную падлогу, на якой могуць з’явіцца неблагія шанцы перажыць будучую зіму, бо яшчэ адну глыбоцкую, з пяццю пад’ёмамі на ноч на 20-30-хвілінную зарадку (каб не здохнуць ад холаду) я мог бы ўжо і не выцягнуць.

— Санёк!—задаволена гукнуў я. — Ты натхніў мяне неймаверна! “Курыць-варыць”, праўда, сто год мне не трэба, а вось Біблію хацелася бы неяк адваяваць.

— Там у кожнай хаце, — спакойна заявіў Санёк інтанацыяй усёведаючага, якая вызначаецца крыху ганарлівым тэмбрам.

— Ды не можа быць!— я ўжо ледзь не шалеў ад радасці.

— Точна табе кажу!

— Во ё-маё! Сядзеў бы і сядзеў бы ў такім санаторыі!

— Хе-хе,—гагатнуў добры сусед.—Ну дык пасядзіш.

Перад вечэраю я разлічыўся з зонаю — здаў матрац, падушку, коўдру, дзве прастыні, навалачку, алюміневы “кругаль”. Вызваліўшы шконку падняў яе да сцяны, усеўся на з’явіўшымся зэдліку ды пачаў да Насцюлечкі “этапны” ліст, які меўся працягнуць на сталыпінскіх нарах, а завершыць у “Віцебску” і адтуль жа даслаць. (Пры пераездах люблю пісаць храналагічныя пасланні.)

— Дзімон, а ты ведаеш што я зрабіў?—клікнуў тут мне Дзёня з пэўным выклікам.

— Што?—падыграў я.

— Падумаў я аб словах тваіх, на вас, вось, з Анастасіяй паглядзеў, і напісаў сваёй.

— І што напісаў?

— Так і так, пішу, Машанька, давай можа вызначымся мы з табою ў планах нашых і стасунках. Каб не было гэтае няпэўнасці. Ці давай распішамся, ці з мірам усё скончым… Яшчэ раз нагадаў пра погляды свае на жыццё; пра тое, што сям’ю можна стварыць толькі на падмурку Хрыста. А калі, інакш, дык лепш і не ствараць —нічога добрага не выйдзе.

Дзяніс агучыў сваё рашэнне раўнамерна і спакойным тонам, але і з некаторым у голасе хваляваннем — словы гэтыя, відавочна, абдумваў ён не аднойчы.

— Гэта ты правільна, — я паклаў асадку і падняўся — хацелася падтрымаць сябра. — І з каштоўнасцямі, канешне, трэба вызначацца адразу. Каб у адным духу быць.

— Так, бо наглядзеўся я на сем’і гэтыя, без Бога —сканчваецца ўсё трагічна. Я нават па сваіх бацьках гляджу: жылі сабе жылі, а потым — раз, і разышліся…—Дзяніс самотна ўздыхнуў і пасля некалькісекунднай паўзы эмацыйна працягваў:—Дык у нашых бацькоў хаця б нейкую мараль закладалі! Раней для дзяўчыны пацалавацца з хлопцам было неймавернай дзеяй, а паглядзі, што цяпер робіцца?! Цяпер яна з класа ўжо 8-га такое вытворвае, што і казаць сорамна. Калі мне прыносіць хто ў барак газеткі гэтыя жоўценькія, ганю прэч. Бо неяк узяўся раз чытаць, як там дзяўчынкі ў чатырнаццаць выпісваюць, дык сам сяджу і чырванею ад сораму. І вось ствары тут сям’ю, што гэта будзе?

— Нармальны будзе мурзач!—весела усклікнуў Санёк.

— Бачна, усё ж кепскавата цябе падлячылі, — абурыўся недарэчнай рэплікай Дзёня і запытаў: — Ты сам хацеў бы сям’ю такую?

— Ды ладна, Дзянёк, я ж прышпільнуўся,—паспрабаваў выправіцца той, разумеючы, што жарт не да месца.— Ясная справа, каму такое трэба?

— Вось і мне не трэба.

— З іншага боку, Дзімон,—памаўчаўшы, звярнуўся да мяне Дзёня.—Я як пагляджу на сябе…я ж сам—ніякі! Што я вырабляў? Як жыў?.. Такіх наўчыняў я дзеяў у сваім жыцці, яшчэ і пакруцей, чым тая, з чатырнаццаці каторая. Дык і не ведаю, ці апраўдаюся калі-небудзь ад гэтага, і ці можна ўсё гэта калі-небудзь выправіць?! — пытанне прагучала рэзка і з нейкім нават адчаем, патрабуючы, як я падумаў, якой-небудзь рады.

— Дзёня,—звярнуўся я да сябра з усмешкаю, якое ён не мог бачыць, але павінен быў чуць у маім голасе, — ты не думай толькі, што ты нейкае выключэнне ў гэтым свеце. Я магу за сябе сведчыць: я — такі ж самы, ды яшчэ і бруднейшы, бо ты сваё жыццё аплакаў і пачаў жыць новым, а я колькі аплакваў, а потым яшчэ горш рабіў.

— Да не, Дзімон, ты так не гавары.

— Павер, Дзёня, я гавару тое, што дакладна ведаю, дый яшчэ і не ўсё, бо ўсё ведае толькі Бог. — Я прайшоўся туды-сюды і спыніўшыся каля вакна працягнуў: — І я таксама ці не да апошняга заганяўся тым, як гэта збавіцца ад учыненага і выправіць невыпраўляльнае. А потым зразумеў: невыпраўляльнае выправіць нельга, разумееш, Дзёня, — яшчэ раз звярнуўся я да яго, але, не чакаючы адказу, паўтарыў: — Нельга, — і, павысіўшы голас, дадаў: — Але можна зрабіць лепш! Зрабіць са свайго злачынства правільную выснову, абярнуўшы пракляцце за яго —дабраслаўленнем!