Выбрать главу

Скончыўшы сказ абнадзейваючым клічнікам, я ўжо ведаў, якую жадаю дзіўную апавесці сябру гісторыю.

— І ведаеш, хто ёсць самым дзівосным прыкладам у гэтым? — запытаў я інтрыгуючы.

— Хто? — перапытаў Дзёня.

— Цар Давід — самы вялікі цар у гісторыі чалавецтва. Памятаеш, ягоную гісторыю з Вірсавіяй?

— Ну, нагадай.

— Санёк, ты з намі? — праверыў я сувязь з другім суседам.

— Канешне, — буркнуў той як заўсёды радасна, — я ў баркасе, валяюся тут, на падлозе.

— Валяйся — табе таксама будзе карысна паслухаць.

Я пачаў вечаровы шпацыр і гэткі ж размераны аповед.

— Справа была даволі банальная, — сказаў я, адмераўшы чатыры крокі ад дзвярэй і чатыры назад, да вакна, трымаючы пры гэтым адну руку ў кішэні, а другою рассякаючы паветра, быццам гэтым мог і цераз сцену моваю жэстаў дапамагчы мове вуснай. — Жыў сабе пажываў цар, усяго было ўдосталь у яго і нават больш за тое. І, неяк, адным пагожым днём, угледзеў ён на суседніх сотках жанчыну і ўпадабаў яе. Гарод жа належыў ягонаму генералу (каторы ў той момант за гэтага самага Давіда і біўся на вайне), а жанчына — Вірсавія, была жонкаю палкаводца. Але Давід, нейкім чынам даўшы месца д’яблу, на такія акалічнасці ўвагі ўжо не звяртаў — узяў чужую жонку і з ёю зблудзіў. Праз нейкі час высветляецца, што Вірсавія цяжарная. Што рабіць? (Закон такі: калі грэх не амыты, Сатана бярэ ў абарот на ўсю і за адным злачынствам ідзе іншае — звычайна, яшчэ больш жахлівае, і так да мяжы, каб злоўленаму бесамі чалавеку шляху навяртання ўжо не было.) Давід задумаўся. Але не як навярнуцца, а як выкруціцца — загадвае паставіць генерала ў заведама правільны фланг на фронце, дзе таго ў баі і забіваюць.

Усё, заваліўся, як бачым, Давід па-поўнай. Сатана на радасцях пацірае рукі — ён-та перакананы ўжо на ўсе сто, што знішчыў самы вялікі план Божы адносна чалавецтва. Бо, Дзёня, галоўны аспект-та ў чым? ( Трэба было зрабіць важнае адступленне). — У тым, — я спыніўся ля рэшкі і махнуў перад сваёй аўдыторыяй расчэпленай далонню вольнае рукі, — што Бог, уцаравіўшы Давіда, даў яму прароцтва, што з Давіда пойдзе Збаўляльнік свету, Каторы выкупіць грахі чалавецтва — Ісус Хрыстос. І Сам Сын Божы сведчыць аб сабе ў “Адкрыцці” Яна: “Я — корань і род Давідаў.” То бок, можаш ты ўявіць сабе маштаб асобы і магутнасць?! — з павялічанай гучнасцю запытаў я, сам захапіўшыся і ўжо дзвюма рукамі перад кратамі патрасаючы.

Адказу я не чакаў, і, працягваючы шпацыр, далей размахваў праваю далонню.

— І вось цяпер да нашае сітуацыі: цар, каторы мусіць стацца прабацькам Хрыста, і — такое падзенне! Ну і не дзіва пры такім раскладзе, што Сатана святкуе самую сваю вялікую перамогу. І яно так бы і сталася, але тут прыходзіць да Давіда прарок і, Дзёня, што яму апавядае?

— Што, Дзімон? — захоплена перапытаў галоўны і самы ўважлівы мой слухач за апошнія два гады. (Следакоў, канешне, я не лічу. Тым больш, апроч імя свайго я ім нічога больш не прамаўляў.)

— Апавядае ён цару дзіўную некаторую гісторыю і просіць Давіда рассудзіць. Ведаеш ты, — выдыхнуў я і прызнаўся: — Калі чытаю гэтае месца, я амаль заўсёды плачу. Зараз зачытаю табе.

Я палез у кешар і дастаў у Сёмухаўскім перакладзе Біблію, пагортаўшы якую знайшоў патрэбныя вершы і, зноў стаўшы перад вакном, працягнуў:

— Вось слухай Дзёня, гэта 12 раздзел 2-й кнігі царстваў: “І паслаў Гасподзь Натана прарока да Давіда, і той прышоў да яго і сказаў яму: адным горадзе былі два чалавекі, адзін багаты, а другі бедны; у багатага было вельмі многа дробнага і буйнога быдла, а ў беднага нічога, апрача адной авечкі, якую ён купіў маленькую і выкарміў, і яна вырасла ў яго разам з дзецьмі ягонымі; хлеб ягоны ела, і з ягонай чашы піла, і на грудзях у яго спала, і была яму, як дачка; і прыйшоў да багатага чалавека дарожнік, і той пашкадваў узяць са сваіх авечак ці валоў, каб прыгатаваць дарожніку, які прыйшоў да яго, а ўзяў авечку беднага і прыгатаваў яе чалавеку, які прыйшоў да яго. Моцна ўгневаўся Давід на гэтага чалавека і сказаў Натану: жывы Гасподзь! Варты смерці чалавек, які зрабіў гэта; і за авечку ён павінен заплаціць учацьвёра, за тое, што ён зрабіў гэта, і за тое, што не меў спагады. І сказаў Натан Давіду: Ты — той чалавек, які зрабіў гэта!”.

Я падняў вочы ад Бібліі і паглядзеў на ваконныя краты — нібы ў вочы Дзёніны ўзіраючыся.

— Бачыш, сябар, якая сур’ёзная і нават страшная гісторыя.

— Ну так, — здрыгануўшы голасам адказаў ён, — узрушвае. — Па гучнасці зразумеў я, што стаіць Дзёня на нары ці не да самых кратаў галавою прытуліўшыся.

— Якраз тут і надышоў самы вырашальны момант, — цішэй апавядаў я далей. — Давід, як уладар, мог бы сказаць апавядальніку: “Ідзі ты Натан, ды не дуры мне голаву — цар я ці проста так?”А мог бы і юліць пачаць: “Я — ні я.” І так калі і так — усё было б па-чалавечаму граматна, і юрыдычна законна. Але Давід хітрыць не стаў — ён сказаў прароку: “Зграшыў я перад Госпадам.” І што тады гаворыць прарок? Прарок анулюе пакаранне. “І Гасподзь зняў з цябе грэх твой, — сказаў Натан. — ты не памрэш.” Разумееш, Дзёня?