Выбрать главу

— Разумею.

— А ты толькі падумай сабе, што было б, каб цар занаравіўся? Усё — канец і яму, і, адпаведна, Божаму плану збавіць чалавецтва ад граху! — узвысіў голас я, у адной руцэ трымаючы Біблію, а другою ўчапіўшыся за трубу батарэі. — Але Давід робіць адзіна правільную выснову — не ўпадае ў роспач ад невыпраўляльнасці мінулага, не апраўдваецца паводле людское логікі, а каецца ў злачынстве, чым не толькі сябе ратуе, але і дае месца самаму парадаксальнаму цуду ў гісторыі чалавецтва! Ведаеш якому?

— Распавядай, якому? — падахвосціў мяне цалкам паланёны гісторыяй Дзёня.

— Бог упісвае гэтую самую Вірсавію ў радавод Хрыста! — голасна абвесціў я, захлопнуўшы Біблію і адарваўшыся ад батарэі. — Яна становіцца ягонаю прамаці. Уяўляеш гэткую неймаверную рэч? І хаця за злачынства з Вірсавіяй прыйшлося Давіду моцна пацярпець (бо дзе грэх, там і ягоныя плады): дзіця, ёю народжанае, памерла; паўстаў на Давіда ягоны ж сын, усіх паваявалі, вялікі цар ледзь уратаваўся і доўга бадзяўся па пячорах; потым, у рэшце рэшт, Бог ягоную ўладу аднавіў, але і страты былі вялікія, і раны глыбокія.

Аднак, спавяданне Давіда дазваляе Госпаду пераўтварыць пракляцце праз грэх у блаславенне праз пакаянне, і там, дзе Сатана думаў атрымаць самую вялікую перамогу, ён атрымоўвае самую сваю вялікую паразу — Вірсавія нараджае Давіду другое дзіця, Саламона, каторы і становіцца наступным па Давідзе царом ды працягвае радавод Хрыста. І ўсё гэта — дзякуючы правільнай выснове, якую зрабіў Давід з таго, што ўжо не выправіш.

Дык я цябе пытаю: калі ў Давіда атрымалася, дык чаму ў нас не атрымаецца? Мо і атрымацца ў нас, га, Дзёня?

— Мо і атрымаецца, Дзімон, — Чарвяк узрушана ўздыхнуў. — Павінна атрымацца. Бо навошта тады ўсё?..

Пасля адбою на голыя нары я ўжо не ўкладваўся — вырашыў перад этапам прагуляцца, балазе было гадзінкі чатыры, каб памаліцца ды паразважаць пра будучыню, якая як ні круці, але беспрасветнасцю сваёю пужала.

Недзе праз гадзіну сцішыўся гук Дзёнінай малітвы. “Прыкірнуў мабыць, чарвяк” — падумаў я і чамусьці сталася зусім сумна, так хацелася перад дэпартацыяй крыкнуць пару добрых словаў гэтаму Божаму чарвяку. “Гэта ж вынайсці такое — “чарвяк”, — усміхаўся я сам сабе. — І як актуальна! ”

Насамрэч бывае так часам, калі ў якой-небудзь супольнасці знаёмых (ці не вельмі) людзей, нейкі жарт, рэпліка, проста слова становяцца афарызмам самі сабою, незалежна ад кантэксту і прамоўцы. Тады нехта прамаўляе яго, і ўсе усміхаюцца, ці смяюцца, ці разважаюць над нейкімі ўспамінамі, ці, паглыбіўшыся ў сябе, думае кожны аб асабістым. І вось “чарвяк” гэты стаўся сымбалем шасці маіх сутак у адзіночцы, за якія я, сапраўды адпачнуў душою і, перахапіўшы паветра, гатовы на новы рывок у цемру. Дзякуй табе, чарвяк, цяпер гатовы.

Хаця, падавалася б, ну што можа нас аб’ядноўваць? У яго свае ўстаноўкі, у мяне — свае: ён можа памаліцца “святому” самадзержцу, я — не прызнаю; ён не вельмі любіць Амерыку, я — люблю; ён — русіч, я — ліцьвін. Але ён спавядае Айца, Сына і Духа Святога, і я спавядаю; ён любіць дзіўную матчыну мову, і я люблю; ён — беларус, дык і я, здурэўшы кажу, тым больш!

І ці не ў тым спрадвечная бяда нашая, што найперш шукаем мы не тое, што нас яднае, а тое, што адрознівае?.. Хаця, падумаць толькі, наколькі ж усё гэта пустое: злева направа ці справа налева, трыма пярстамі ці двума, ад Айца ці ад Айца і Сына, ды нават: святыя тыя ўзурпатары ці не святыя?! — усё, усё пустое. Навошта мне яно, калі я ведаю, што сам — ніякі, калі я бачу, як шмат ўва мне нават элементарных рэчаў, над якімі працаваць яшчэ і працаваць.

Канешне, хочацца, каб кожны веруючы ў Хрыста, меў цэласны біблійны светапогляд, без забабонаў і рэлігійнай зашоранасці, каб быць паспяховым на ўсіх шляхах і пераможцам ва ўсіх справах. Аднак, калі нехта бачыць пэўны аспект жыцця ў адрозным ад майго святле, ці падстава гэта для таго, каб я кагосьці адмовіў ці за гэта вінаваціў? Ды не, навошта мне браць на сябе працу Сатаны, пра якога Ян у тым жа “Адкрыцці” піша: “…скінуты абвінаваўца братоў нашых, які абвінавачваў іх перад Богам нашым днём і ўночы” (Адкр.12:10). Во як: не грэшнікаў абвінавачвае Сатана (тыя самі сабе прысуды падпісваюць), а святых абвінавачвае ў Хрысце! Не, не буду дапамагаць — няхай робіць вораг сваю рабацёнку сам. Я думаю так. Хаця, на жаль, некаторыя не толькі дапамагаюць, але так горача захопліваюцца гэтай місіяй, так граматна выводзяць догмы аб праўдзівасці аднаго пункту гледжання і ілжывасці другога; так слёзна даказваюць, што толькі гэтаму вучэнню належучы выратуешся, а як іншаму — загінеш. І ўсё так горача, так граматна, так слёзна, што самі пачынаюць верыць у беззаганнае сваё зачацце. А што ім зробіш? Няхай. Такім ужо нічога не дакажаш.