Выбрать главу

— Вітаю, — прамовіў я цішэй, каб не перашкаджаць размове —у прыстойным калектыве гэта не прынята — і махнуў галавою: — Ідзеш?

Якраз у гэты момант пачалі выходзіць з “лакалкі” асуджаныя, што меліся ісці на служэнне, і пекар з заўсёднаю ўсмешкаю спахапіўся: — О, хадзем!

Мы тут жа выйшлі ў шэрагі іншых жадаючых асвяціць сёмы дзень.

Пакойчык, дзе збіраліся па нядзелях хрысціяне, знаходзіўся ў суседнім будынку, старым корпусе зоны — базыльянскім кляштары.Веруючыя, будуючы яго ў XVII стагоддзі наўрад ці маглі ўявіць, што сцены гэтыя будуць служыць людаедам бальшавіцкім, потым нацысцкім, потым ізноў бальшавіцкім, а ўрэшце рэшт стануцца самай жорсткай зонай Беларусі, дзе толькі ў некалькіх пакоях раз на тыдзень будзе дазволена маліцца.

Для таго ж, каб у пакойчык той патрапіць, трэба было загадзя падаваць замову адміністрацыі, якая складала спіс, і нядзельны паставы, каторы дзяжурыў на невялікім пятаку зону — выхадзе з двух “лакалак”, — правяраў, ці не праціснуўся сюды лішні — які-небудзь жадаючы прабрацца са свайго корпусу ў суседні да земляка на гарбату.

Адзін раз перад гэтым я ўжо быў на служэнні, якое праводзіў дыякан мясцовай пратэстанцкай суполкі, і якое наведвала штотыдня дзесяць-дванаццаць авец, з каторых некаторыя былі ўжо знойдзены. Гэтым разам нас таксама выйшла чалавек дзесяць. Кантралёр пералічыў паству па спісе, і я памкнуўся ўжо ісці за астатнімі, як заўважыў, што светлы чалавек стаіць са сваім таварышам на месцы ды гэтак жа прыціскае да грудзей Біблію, і таму я яго падахвоціў:

— Дык пайшлі!

— Не, я ж у праваслаўную, — адмоўна закруціў ён галавою.

— Праваслаўную? — утаропіўся я.

— Так.

— Ну… давай тады… мо як убачымся, — прамармытаў я і пасунуўся за сваімі адзінаверцамі, каторыя ўжо заходзілі ў суседні лакальны ўчастак кляштарскага корпуса.

Цікава, праваслаўны… І адкуль прыйшло мне, што пратэстант ён? Зрэшты, праваслаўны — і дзякаваць Богу — Хрыстос Адзін. Мо яшчэ пагаворым калі-небудзь — бліжэйшыя паўгода нікуды з зоны я не збіраюся.

* * *

— Можа давай у ніжнюю пасадзіш, каб не валачы кешары гэтыя.

— Не, Зьміцер, ніжнія цякуць там пастаянна, давай наверх, — адказаў на маю просьбу старэйшы змены, мой цёска прапаршчык Зміцер.

Прыйшлося цягнуць дзве торбы пажыткаў па вузкай жалезнай лесвіцы, якая пад вострым вуглом злучала адзіночныя камеры першага і другога паверхаў. Паставіўшы рэчы на падлогу, зробленую з навараных прэнтаў так, што можна было бачыць скрозь іх ніжні паверх, я спусціўся за матрацам. Гэтым разам прапаршчык падняўся следам за мною, адчыніў другую ад вугла камеру — 20-ую, і з усмешкаю прамовіў:

— Міласці просім!

— Дзякуй за сэрвіс!

Як толькі дзверы за мною зачыніліся, хуткімі ўдарамі ў сцены затарабаніў сусед — жыхар сярэдняй з пяці адзіночак на паверсе. Гэта быў маяк на сувязь, і я крыкнуў:

— Гавары!

— Хто заехаў?

— Дашкевіч.

— А-а… І што далі?

— Год.

— Нармальна… Ну дык з новым годам!

— Дзякуй, і табе не хвараць, — адказаў я, зацягваючы рэчы далей, углыб камеры. — Давай пазней перамовім, трэба раскласціся.

— Добра, — згадзіўся зэк з 21-й, — маякуй як што!

Для раскладвання, у прынцыпе, варыянтаў шмат не было: усёй адзіночкі маёй было метр ушыркі і два ў даўжыню. Адразу ля дзвярэй знаходзіўся пляскаты ўнітаз з кранам над ім. За эканамічным вынаходніцтвам унітаза-ўмывальніка мацавалася да сцяны яшчэ адна знаходка камуна-гулагаўскай інжынерыі — ложак-стол: жалезная нара, да якой знізу прывараны столік у 25 на 25 сантыметраў. Калі нара на дзень падымалася і прышпільвалася да сцяны — у хаце з’яўляўся столік, калі нара на ноч апускалася — столік знікаў. Побач з нараю быў увараны ў дол жалезны зэдлік, але аддадзім належнае, з прышрубаванаю на ім у часы “перабудовы” драўлянаю дошчачкаю. На ноч зэдлік знікаў таксама — на яго клалася нара. У сцяне насупраць дзвярэй была даволі вялікая, і тым больш для адзіночкі, фортка шырынёю амаль у шырыню самой камеры і вышынёю троху больш за метр. Пад вакном дзве шырокія трубы служылі батарэяй.

Такія адзіночкі вы не сустрэнеце ў Беларусі больш нідзе. Так сведчаць стрыжаныя. Гэта толькі тут, у былой, — адной з трох на ўсю краіну Саветаў, — зоне асобага рэжыму. Цяпер “асобікаў” сядзіць ў калоніі ўсяго тры камеры, а вось дзесяць адзіночак, для іх прызначаных, служаць усім “страгачам”.