Агледзеўшы гаспадарку сваю, я ўзяўся за выканне галоўнага рытуалу зэка — варкі гарбаты. Хоча зэк тое ці не вельмі жадае, але як толькі з’яўляюцца пад рукою кіпяцільнік і разетка, зэк абавязаны заварыць чорнай травы. Пры адсутнасці прыладаў для варкі, зэк мучыцца доўга не будзе: ён раскладзе вогнішча, сцягне агонь з неба ці яшчэ што-небудзь вынайдзе, але травы, чорнай як ягонае жыццё, заварыць.
Я расклаў нару, якую не замыкнулі — меў права карыстацца ёй і ўдзень, да ўступлення прысуду ў законную сілу я быў ў статусе падследчага і сядзеў у адзіночцы ва ўмовах агульнага рэжыму. Стала бачна, што пашпацыраваць тут ужо не атрымаецца — ад сцяны да нары заставалася сантыметраў трыццаць. “Ладна, яшчэ панашпацыроўваюся,” — думаў я раскручваючы на жалезным ложку тонкую сваю “вату”, на якую з гарачым кубкам у руках адразу прысеў і прыхіліўся да сцяны.
Цяпер можна было б нават выдахнуць, быццам пераадолеўшы самы цяжкі жыццёвы этап. Этап і сапраўды быў не з простых, але колькі іх зараз наперадзе, этапаў гэтых, і дзе канец іхні — ведае ўжо адзін толькі Бог. Таму раслабляцца не выпадала. Аднак так хацелася троху, але адысці ад рэальнасці, перавесці дыханне, забыць пра ўсё!.. Хаця б на гэтыя шэсць сутак. Шэсць сутак, якія я маю да новага этапу ў невядомасць.
“Здароў, Дзёня!”, “Дзёня, здароў!”, “Дзяніс, здаровенька!” — віталіся ПКТэшнікі, падымаючыся па жалезнай лесвіцы на шпацыр.
“Здароўкі!”, “Вітаю, сябры!”, “Здаровенька!” — адказваў зэк з 19-й, той вуглавой адзіночкі ля самае лесвіцы.
Так паўтаралася тры разы — у колоніі было тры камеры ПКТ, якія знаходзіліся ў суседнім будынку, што амаль прыліпаў да нашага — тут месціліся і мы, і прагулачныя дворыкі, таму ПКТэшнікі ішлі гуляць паўз адзіночкі.
Завёўшы на прагулку ПКТ, кантралёр падышоў да нашых камер і запытаў у 19-й: — Зараз на “ гулку” пойдзеш ці пасля абеду?
— Давай зараз, — адказаў надта папулярны арыштант з вуглавой.
— А ты? — адчыніў старшына вочка у маёй хаце.
— Давай таксама зараз, — пацвердзіў я, вырашыўшы падымацца, — чатырнаццаць гадзін сну, для першага разу, дастаткова. Ды хацелася таксама і з ПКТэшнікамі перасекчыся (некаторых з іх ведаў з часу сваёй адсідкі ў ПКТ) і карцела пабачыць, што ж за сусед у мяне такі аўтарытэтны.
Апытваць астатнія адзіночкі кантралёр не пайшоў — шасцярых прагулачных дворыкаў на ўсіх не хапала усё роўна, і змена ў любым выпадку вымушана была выводзіць на прагулку яшчэ адну партыю, замест таго, каб сядзець спакойна пасля абеду і пацягваць “купчык”.
Кантралёр завёў майго суседа і прыйшоў за мною.
— Пайшлі, — кіўнуў ён, адчыніўшы дзверы.
— Пайшлі.
Мінуўшы адзін невялікі пакой, які аддзяляў адзіночкі ад дворыкаў, я адчыніў дзверы на вуліцу і ступіў на дах. Так, такіх дзівосных дворыкаў для прагулкі няма нідзе: апроч таго, што яны на даху, дык яшчэ і сцен не маюць, замест якіх — краты, і таму можна не толькі пабачыць зэкаў з суседніх камер, але і назіраць за цудоўнымі краявідамі, якія адкрываюцца з даху: возерам, лесам, дарогаю за ім, а потым ізноў: возерам, лесам, прыгожымі домікамі дзіўнага краю блакітных азёр, кляштароў і зонаў.
— Здаровенька! — павітаўся я.
У адказ загучала некалькі галасоў. Я зайшоў у апошні дворык. Перада мною адзін быў вольны, у наступным гуляла чалавек шэсць, у іншых таксама соўгаліся шэрыя постаці.
— Ну як ты, Дзімыч, асудзіўся? — запытаў Віталя, адзін са знаёмых мне па ПКТ асуджаных.
— Дык дзякаваць Богу, асудзіўся.
— Ведаем мы ўжо, ведаем. Нармальна адважылі табе, мы тут не думалі, што столькі дадуць.
— Ды я і сам не думаў. Спачатку я не думаў, што пачнуць круціць; потым я не думаў, што раскруцяць; потым — што так адважаць, — я ўсміхнуўся. — А цяпер яно і сапраўды: далей лепш ужо нічога і не думаць.
— Да, бо ёсць у стацці чатыры–адзін-адзін пачатак, і няма ў ёй канца, — агучыў філасофію ўсіх парушальнікаў рэжыму адзін з зэкаў і, сустрэўшыся са мною позіркам, запытаў: — Памятаеш мяне?
Я паглядзеў на зэка, потым іншых агледзеў, большасць з каторых не ведаў — за тры месяцы пасля майго вызвалення з ПКТ кантынгент змяніўся амаль цалкам. Гэты ж твар быў быццам знаёмы, але ніяк не мог прыгадаць, дзе я яго бачыў?
— Не.
— Алег мяне, памятаеш: у каранціне, у “Горках”, гарбату мы пілі, фоткі я свае табе паказваў?
— Ага, было такое, — узгадаў я. — Ты прабач, не заўсёды прыгадаеш адразу — столькі гэтых турмаў-этапаў-зонаў. А ў “Горках”, што я там: пару дзён каранціна і — ў ізалятар, а потым як выйшаў, дык вас там ужо па атрадах раскідалі.