Выбрать главу

— Ну так, павалтузілі цябе. Але я сачу за табою! — рапартаваў Алег. — Чытаю ў “Народнай Волі” пастаянна. Ты — маладзец, я це гавару, руліш граматна.

— Граматна? — у дадзеным кантэксце такі выраз азначаў, што я сам сабе шукаю прыгодаў. — Век бы грамацейства гэтага не бачыць. Я проста не магу дазволіць перамалаціць сябе, ды яшчэ каб задарма, — патлумачыў я сваю грамату і дадаў рэалістычную ацэнку: — Канешне, могуць сажраць, але хаця б пару чалавек ды падавіцца.

Прайшоўшы пару разоў па клетцы, узгадаў я добрым словам беснаватую горкаўскую калонію і запытаў:

— А што, чытаюць такія газеты яшчэ ў “Горках”?

— З цяжкасцямі. Гэта ўжо як ты паехаў, блатныя хадзілі і забаранялі “Народную Волю”, “БелГазету” падпісваць. А не, каму — у мазгі, каму — “рамсоў” навешаюць, ты ж ведаеш, як яно там робіцца, калі хто супраць операддзела.

— Ага, троху сербануў.

— Ну во, сам не разумею — як выграб? — выказаў здзіўленне Алег і зацягнуўся цыгарэтаю. —Я ж там па справе пісаў ўсё, і ў “БелГазету” дасылаў некалькі разоў, але ў “Горках” не выпускаюць такое. Паскандаліў потым з блатнымі, далі паўгода ПКТ і адразу вывезлі. Ды і дзякуй Богу! Зараз, во, хоць даслаў у “Белку” дакуманты свае. Мо хаця б яны разварушаць што, бо спадзявацца ў гэтай дзяржаве няма на каго.

— Гэта так, спадзявацца можна толькі на скуру сваю, — згадзіўся я і вырашыў пацікавіцца яшчэ пра лёс аднога свайго завочнага сябра, каторы сербануў у “Горках” за мяне добра: — А што Ладноў Дзяніс, вызваліўся?

— Ну так, выйшаў з ПКТ і праз тыдзень— на волю.

— Дык а прыязджалі да яго з праверкамі?

— Былі нейкія, але ён пайшоў у адмову: не было такога, я — ні я.

— Як так? Яго ж там пры мне калацілі… Сіні як ізалента быў, — не мог зразумець я такой “адмовы”, узгадваючы тым больш, як лупілі Дзяніса на “прадоле” ізалятара і, каб не чутны быў ягоны дзікі роў, цягнулі па падлозе ў лазню. Лазня ж у “Горках” выконвае дзве функцыі: пакой для мыцця, дзе зручна раз на тыдзень адшараваць гразь; і пакой для біцця, дзе яшчэ зручней збіваць біялагічную адзінку пад назваю “зэк”: па-першае, ніхто не чуе, а па-другое, хутка змываецца кроў са сценаў і падлогі — толькі пару тазікаў вады і трэба.

— Ты што, не разумееш, што такое “дзявятка”? Гэта цябе там — ды яшчэ з адвакатам — пабойваліся. А так — праверка прыехала і ўехала, а людзям жыць потым як? Ды нават калі і пакажаш пабоі, — махнуў рукою Алег і задаў самае важнае пытанне: — як дакажаш, што ця блатныя з мусарамі валтузілі? А потым прыдуць блацюкі ў камеру, паламаюць косці і шчэ ў “петушатню” загоняць. І колькі там такіх выпадкаў было! Таму, каму гэта трэба, Дзімон?

— Н-да, сітуацыя вясёлая… — паківаў я галавою і выказаў найбольш для мяне і заўсёды незразумелае: — Самае парадаксальнае, што церпяць жа, рабы!.. Ды і з гэтымі, беснаватымі, ніхто нічога зрабіць не можа.

— Пастой, прыйдзе іхні час, павер ты мне. Адзін там ужо быў, вызваліўся, пасля знайшлі з паламаным хрыбтом. Хутка дадуць справаздачу і ванькі з петраковічамі, — упэўнена і пасміхаючыся сцвердзіў мой горкаўскі знаёмы, і настойваючы паўтарыў: — Час прыйдзе.

Нельга было не пагадзіцца з такою лагічнаю высноваю, аднак, у нашым выпадку, падалося мне неабходным удакладніць:

— Прыйдзе, але не таму, што нехта прыспешыць, а таму што ёсць жалезны закон быцця, які яшчэ ніхто не перахітрыў: што пасее чалавек, тое і пажне.

— Не, гэта таксама праўда, — кіўнуў Алег, закурваючы наступную. — Во, Кавалёва ж знялі.

— Да ты што, ён жа помнік?! — здзівіўся я, ўзгадаючы каларытнага персанажа — начальніка горкаўскай зоны Кавалёва, каторы такім шалёным лямантам гарланіў на мяне падчас выпісвання ізалятара, што я не мог разабраць ні слова, і толькі ягоны намеснік Лапатка перакладаў мне: “Пшол во-о-он!”

— Бывае і помнікі аб зямлю грукаюцца, — трапна адзначыў суразмоўца. — Але “чаму”, толкам ніхто там не ведае. Прыехала нейкая праверка на промку, быццам выявілі там процьму чорных схемаў, па якіх муцілі з мэбляй і лесам. Некалькі галоваў паляцела. Мо самі хутка некаторыя апрануць?! — Алег патрос рукою на грудзях робу.

Сапраўды, часам шанец апрануць робу выпадае і тым, хто сёння сам зэкаў у гэтую робу апранае, але толькі ў тым разе, калі заграбаў персанаж і не дзяліўся. А калі распіл адбываецца на ўсе лапы справу робячыя і яе кантралюючыя, дык схема жалезабетонная і стаіць доўга, вельмі доўга. Амаль вечна… “Дык няўжо хапугі ўсе такія, начальнікі зонаўскія?” — законна абурыцца хто-небудзь. Не, канешне, не ўсе — паўсюль ёсць людзі сумленныя. Але ж і з гэтага боку ўсё тое самое, што і з таго: улада, улада поўная, абсалютная і ніякім абскарджванням непадлягаючая. Як утрымацца ад гэткае ап’яняючае спакусы і ўсіх даброццяў з ёю звязаных? Ясная справа, гэта не дзесяць мільёнаў, але нават калі пару тысячаў рабоў пад тваім абцасам, як жа тут не абзавесціся сваім Кіраўніцтвам справамі?