— Пагулялі, і харош! — агучыў устаноўку зайшоўшы на дах прапар.
Салдацік-навабранец,каторы, кантралюючы нас хадзіў уздоўж дворыкаў, пачаў адчыняць адну з клетак з ПКТэшнікамі.
— Што, ужо ўсё? — абурыліся тыя, хаця і самі ведалі, што “усё”.
— А як хацелі? Усё па кодэксе: патрэслі касцямі паўгадзіны і — ў склеп свой.
Жыхары склепа спрачацца не збіраліся і вярталіся ў хаты, развітваючыся са мною і такім шануемым страгачамі чэлам з іншае адзіночкі, каторы гуляў у скрайнім ад мяне, першым дворыку. І калі ўсе выйшлі, я угледзеў, што суседам маім, Дзёнем, ёсць колішні знаёмы — белы пекар. Я радасна узняў далонь.
— Здароў!
— Здароў! — махнуў у адказ і светлы чалавек.
— Як гэта ты тут апынуўся? — прыкрыкнуў я зважаючы на чатыры клеткі паміж намі.
— О, доўгая гісторыя, — з незыходзячай з твару ўсмешкаю адказаў ён і запытаў кантралёра: — Не выводзяць нас яшчэ?
— Не, на агульных жа умовах — гуляеце гадзіну.
— Ды, на працы там… — хіба нехаця пачаў Дзяніс, — прыйшлося ўгаманіць аднаго.
— Гэта тая бойка? — прыгадаў я абмяркоўваемую апошнімі днямі між зэкаў падзею — рукапашную на прамзоне.
— Ну, — кіўнуў пекар, —не здолеў стрываць.
— Усяк жа бывае. Яно мо і не заўсёды правільна — трываць.
— Не, я ведаю: мяне Госпад вучыў цярпенню, пакоры. А я сарваўся.
Я сам сабе ўсміхнуўся : філасофія пакоры для Беларусі не нава. Многія памылкова (а мо і адмыслова) інтэпрэтуюць біблійны заклік упакорыцца Хрысту, як загад упакорыцца усяму і кожнаму. Не ведаю як каго, а мяне гэтая ідэалогія памяркоўных і талерантна-прыгнечаных, узведзеная некаторымі тэолагамі ў культ, прымушае праведна абурыцца і пасекчы апанента параю новазапаветных прыкладаў (найбольш падабаецца мне памяркоўны Павал, каторы першасвятару, загадаўшаму ўдарыць апостала па твары, кажа, чыста так па-памяркоўнаму: “Дык няхай ударыць цябе Бог, сцяна пабеленая!”(Дзеян.23:3) ), але тут абурацца ніяк я не мог: з аднога боку, было бачна, што Дзёня ўсё ж не з тых, хто чалавекам упакорвацца будзе, а з другога, нават, калі і патрапіў ён пад недарэчныя ідэі, але выказваўся з такім прасветленым абліччам, што мог я толькі ўсцешана ўсміхнуцца:
— Што ж за нягоднік збіў цябе са шляху?
— Ёсць там зэк адзін, камендант прамзоны.
— А гэта што? — такой зэкаўскай пасады чуць у калоніях мне яшчэ не даводзілася.
— Ды ніхто толкам і не ведае “што”, — махнуў рукою Дзёня. — Ходзіць буры такі ды ўсё кімсьці камандваць спрабуе. У асноўным муціць з кабелямі: кілаграмы на сябе закрывае, зэкам — па пару блокаў “Прымы”. А ў дадатак і жыць спакойна не дае: то жалеза забярэ, каб спортам не займаліся (ходзяць яны потым свае ж гантэлі ў яго выкупляюць); то не выпускае ў душ, пакуль зэк норму медзі не здаў. А калі няма кабеляў, дык што не мыцца зэку? — пекар спыніўся ў дворыку і паглядзеўшы на мяне дадаў: — Ты ж ведаеш у якіх умовах працуюць людзі, як цярпець такое?
Што адказаць Дзянісу я не ведаў — не хацелася мне яго засмучваць зусім: тыя ўмовы, у якіх працуюць у “Глыбокім”, дзе на промцы ёсць лазня ў 15-20 душавых кранаў і мыйся хоць кожны дзень — люксавыя, калі параўнаць з тым, што бачыў я хаця б у папярэдняй сваёй камандзіроўцы — у “Горках”.
Горкаўскія цэхі па дабычы каляровых металаў (у асноўным —медзі і алюмінія) з адпрацаваных кабеляў, умяшчаюць сотню-другую мурзатых твараў.
Перад пачаткам працы да цэха пад’язджае які МАЗ і вывальвае пад “лакалку” гарукабеляў, на якую зэкі тут жа кідаюцца з усіх бакоў і яна пераўтвараецца ў жывы арганізм: адзін цягне кабель, другі — зэка за нагу, трэці з чацьвёртым чысцяць лычы адзін аднаму — ідзе грамадзянская вайна, у якой кожны імкнецца заваяваць паболей здабычы
Пасля падбітыя ваякі цягнуць трафеі ў цэхі і — усе ў мазуце, саляры і шчэ якой гадасці — пачынаюць іх драць, здабываючы для радзімы каляровы метал. Тут нябёсы разраджаюцца дажджом (а дажджы неяк вельмі любяць цудоўную горкаўскую зямлю і дзікунскую горкаўскую калонію), і цэхі пераўтвараюцца ў вялікую душавую кабіну — зліва з даху палівае ўсё: чорных рабоў, кабеля, мазут і нават мусара якога, што зайшоў пракантраляваць медны руднік. А пячорныя людзі каменага веку, хоць у руках у іх прылады металёвыя, усё дзяруць, дзяруць, дзяруць: норма-та — 60 кг!
(Чытач, калі ты маеш дома адпрацаваны медны, алюміневы ці любы іншы кабель, ніколі, ніколі не здавай яго на пункт пераапрацоўкі! “Закапай яго!” — умаляюць цябе разам са мною ўсе зэкі Беларусі. — Не ўмацоўвай рабаўладальніцкі лад на Бацькаўшчыне!)