Паўцэнтнера алюмінію (гэта ж — цэлы воз!), канешне, здаць за змену нерэальна і ніхто ўстаноўку са столі ўзятую не выконвае. Падавалася б тады: навошта ўвогуле норма гэтая, хворымі людзьмі выдуманая? Аж не, людзі-та не хворыя, людзі — граматныя і добра прашараныя: норма для таго, каб любога і ў любую секунду можна было прыцягнуць у цугундзер за яе невыкананне.
Пасля працы пячорнаму рабу хацелася б прыняць не імправізаваны небам, а просты, штучны душ. І вось, заходзіць ён на ўмывальнікі — і што бачыць? На ўмывальніках ён бачыць чатыры ракавіны і тут жа, за невялікаю перагародкаю — чатыры, адна ля адной дзіркі (даруйце, даруйце мне дзеці, жанчыны, натуры тонкія і вытанчаныя — усе даруйце!), за дзень сотняю зэкаў заваленыя натуральнымі і ненатуральнымі выкідамі замучаных баландаю страўнікаў. У такой абстаноўцы мыйся як хочаш: тут — чатыры ракавіны, дзе ценяў восем, паздымаўшы кашулі, штурхаючыся, шаруюць далонямі па грудзях, а побач — дыміцца чатыры гары …
Я скажу дакладна, каб не быў я зэкам, каб быў я нармальным чалавекам і прачытаў такое, седзячы пры гальштучку за кампутарам, альбо ў газетцы, у халаціку разваліўшыся на канапе, не паверыў бы я і сам, што такое можа быць у IIIтысячагоддзі. Але, клянуся вам: так і ёсць! Абы толькі не “ехалі” вы правяраць мяне ў “Горкі”!
Ну і ці можна з такім дзікунствам параўнаць што-небудзь у свеце? Можа быць толькі канцлагеры ў Паўночнай Карэі.
Ізноў, хацелася б абурыцца: чаму рабы церпяць?! Чаму не патрабуюць наймінімальнейшых умоваў, якія адрозніваюць чалавека ад быдлоты?! Але, узгадваю я словы Алега пра наступствы для патрабуючых… і разумею, што і абвінаваціць няма каго: каб стацца свабодным, раб павінен быць гатовы развітацца са сваім рабскім жыццём. А гэтыя: хочуць хаця б неяк, але існаваць, думаючы, што, выбраўшыся з дзвюхтысячнай зоны ў дзесяцімільённую, яны будуць вольнымі.
— Як цярпець? — паўтарыў Дзяніс.
— Нельга цярпець, — згадзіўся я. — Але ж, церпяць.
— Я спакойна глядзець на такое не магу, — адрэзаў праўдашукальнік і, вытрымаўшы паўзу, працягнуў: — Неяк кажу яму: “ Што ты тварыш, ё-маё?! Ты з людзей маеш, дык дай жа і ім дыхаць!” Ён на нейкі час супакоіўся, а потым ізноў: панапрыдумваў “лакалкі” варыць каля цэхаў, каб зэкі не маглі з амбараў сваіх выходзіць нават паветрам падыхаць. У нас там, ля пякарні, таксама пачалі варыць клетку, а ён бегае ўсё і кантралюе. Я, гледзячы на рух такі, прыкалоўся: “Вам, — кажу, — і наглядчыкаў не трэба, вы тут самі гатовыя пазаварваць сябе з усіх бакоў у арматуру.” Ну і што ты думаеш? Пайшоў ён аперам наплакаўся, што хаджу я, маўляў, ды агітую зэкаў кіпішаваць супраць “лакалак”. Мяне выклікаюць, я ім тлумачу: “Якая мне розніца, вараць яны самі сабе наморднікі, дык няхай вараць — кожны ж вызначаецца перад начальствам як можа”. Ну троху прыкалоліся мы, ды пайшоў я з мірам.
А тут, праз пару дзён, рушым мы на абед з сябрам маім, Максам, і гэты насустрач: “Ну што, раздухарыла ця? Думаеш, адмазаўся?” — запытваецца нахабненька так і дадае сасмяшком: “Пачакай!” Але я ўжо не чакаў: даў раз у зубы і — з капыт небарака. Падняўся ды пабег. Макс кажа: “Ну што, пайшлі на “кічу” пераапранацца?” “Пайшлі,” — кажу. Ну і сапраўды, толькі мы пераапрануліся, за намі прыляцела ўжо змена. Далі нам спачатку па дзесяць сутак — ціпа не па форме адзення хадзілі па промцы, а потым Макса ў зону вызвалілі, мяне — на агульныя ўмовы ў адзіночку ды паабяцалі цягам месяца вывезці.
— І ў чым сэнс? — запытаў я, не разумеючы такіх падыходаў.
— Каб не было канфліктных сітуацыяў надалей, — патлумачыў добры пекар і па сумяшчальніцтву угамонвальнік борзых, — кагосьці з двух трэба вывозіць. Зрэшты, нармальна, зменім абстаноўку. Ва ўсім трэба шукаць станоўчыя моманты. Для мяне гісторыя гэтая — мажлівасць пераасэнсаваць рэчы некаторыя, гардыню сваю ўпакорыць, хаця б трошку цярпенню навучыцца…
Дзяніс задумаўся.
— На ўсё Ягоная воля. Хто я такі, Дзімон?
— Чалавек, —усміхнуўся я гэтаму простаму пытанню.
— Чарвяк я, — таксама з усмешкаю, але асвечанаю сумам абвесціў светлы чалавек. — Калі Ён так дапусціў, Ён ведае, што робіць.
Сапраўды, хто мы такія у гэтым валадарстве ценяў: чалавекі ці чарвякі? У такой дылеме сходу разабрацца было цяжкавата, і я пацвердзіў тое, у чым быў перакананы:
— Так, Ягоныя шляхі, не нашыя шляхі.
— Ну і самы пазітыўны аспект, — Дзёня строс сум і зноў заззяў, — з табою ўбачыліся.
— Да ты што, — сумеўся я. — Ці яно таго каштавала?
— Каштавала. Бачыш, які провід Божы: планавалі мы планавалі сустрэцца, а тут во — у адзіночках стрэліся.
Нейкі час пахадзілі мы туды-сюды па клетках сваіх, разважаючы над провідам Божым, пакуль не прыйшоў прапаршчык і за намі.