Карацей, сядзяць яны там на кухні і размаўляюць, а я ў іншым пакоі, з дзяўчынаю піўко папіваю. Чую тут, што нейкая спрэчка усчыняецца, я — туды. Высвятляецца, што яго не задавальняе кошт, які за машыну выставілі. Ну я, праўдашукальнік… ці што я там шукаў? Не ведаю. Прыгодаў на сваю… Кажу яму: “Ты не бурэй, скажы дзякуй, што з табой проста размаўляюць за тачку спаленую. Заплоціш столькі, колькі табе скажуць ”. Не ведаю, што перасмыкнула таго, але ён — за нож і на мяне, троху нават падрэзаў. Я, праўда, угаманіў яго адразу і на каня падсеўшы вымалаціў добра. Аб’ехаў той па сцяне пасля апошняй падачы і сіпіць: “Усё, Дзёня, харош. Я зразумеў.” Ну, зразумеў дык зразумеў. Я, яго больш не чапаючы, адразу зваліў адтуль. Выйшаў, кашулю зняў, кроў парасціраў па целу, потым анучу гэтую выкінуў і пайшоў дахаты. Назаўтра за мною прыязджаюць і садзяць у ізалятар часовага ўтрымання.
Справа ж, як я потым даведаўся, была ў тым, што пасля мяне дабілі браты чэла таго і павезлі закапалі. Следакі робяць экспертызу, высвятляецца, што Кірыла закапалі яшчэ жывога. Становіцца зразумела, што я ні пры чым і мяне з “кічы” вызваляюць пад падпіску. Тыя ж сядзяць і ім інкрымінуюць укрыццё цела; а я бяру ўсё на сябе, але настойваю на самаабароне, тым больш, што пабоі — парэзы — з мяне знялі таксама.
Аднак тут прыязджаюць следакі з вобласці, кажуць: “Э не, так не пойдзе: Дзёня хітры чэл — ён і сябе адмазвае, і вас з турмы выцягвае. Нас такі расклад не задавальняе.” Пераробліваюць яны экспертызу, і тая дае ўжо, што Кірыла закапалі мёртвага, а не жывога.
— Як жа так?!—абурыўся я, быццам бы першы раз чуў пра метады працы МУС РБ і як бы сам саспецамі фальсіфікацыяў не знаёмы быў ніколі.
— Ну як… — хмыкнуў Дзяніс, — у нас паўсюль аднолькава робіцца: следакам трэба гучнае злачынства ды каб пацяжэй, раскрыццё, нейтралізацыя бандытызму і, — як вынік, — статыстыка, зорачкі з прэміямі ды павышэнні. Вось знайшлі і справу, і бандыта: мяне закрываюць ізноў, а братоў вызваляюць і пачынаюць тыя грузіць мяне па-поўнай. Я ў жаху... Ды што зробіш? Ім сказалі: “Ці вам “25” — “вышка”, ці яго грузіце.” Ну і ўсё, даводзяць мяне па забойству да суду. А гарадок-та невялікі, усе усё ведаюць і зразумела— і суддзі,і пракурору, — што я не забіваў. Там і маці Кірыла на судзе пратэставала, заяўляючы, што забілі браты, а не я. Але ўсё было загадзя вырашана і мяне прыгаворваюць. У гэтым і прычына, што далі толькі дванаццаць па такім артыкуле.
Н-да, “толькі”… — адно і заставалася пахітаць галавою мне.
Колькі я слухаю такія сведчанні, столькі не стамляюся дзівіцца таму ўзроўню бясчынства, у якім усе мы жывем. І колькі іх такіх сядзіць, абвінавачванні на каторых высмактаныя з пальца ці ўвогуле выдуманыя хворай (і — прашаранай) фантазіяй следчых?..
Калі мяне закрывалі першы раз, у 2006, я быў перакананы, што пад прэсам у нашай дзяржаве знаходзяцца толькі палітычныя апаненты, але як толькі я агледзеўся навокал, з жахам зразумеў: пад прэсам у нас усё грамадства: бізнэсмены, чынавенства, моладзь — усе і кожны.
Ты можаш самастойна зарабляць і не крышуешся ціцянковічамі? — у турму! Ты малады, энергічны, няўрымслівы і недзе спатыкнуўся? Мы дапаможам табе знайсці жыццёвы шлях! — у турму! Ты кіраваў калгасам і не мадэрнізаваў вілы? — у турму! (А ён табе казаў: “Сядзеш!”) Ты быў у абойме і, асмялеўшы на нейкім фуршэце, сказаў усё, што ты пра яго думаеш? Тваё месца там — у турме! Але ў гэтым выпадку не наракай таксама: ты ведаў чорта лысага, якому служыш.
Можа скласціся ўражанне, што коцікі тут усе такія пушыстыя сядзяць і чыноўнікі-небаракі. Безумоўна, гэта не так — сядзяць і злачынцы. Але расклад, па назіраннях маіх, прыблізна такі: 1/3 трэба адсюль выгнаць адразу, другую 1/3 адшлёпаць па срацы і адпусціць каго да мамкі, а каго да жонкі. З астатняю 1/3 трэба разбірацца — недзе столькі, відаць, сядзець маюць, але і тое не па такіх вар’яцкіх тэрмінах.
Вось такая карціна маслам, на якой “палітычныя” пачуваюць сябе значна ўпэўненей, чым іншыя — за палітвязняў ёсць хаця б каму заступіцца: пра іх пішуць СМІ айчынныя і міжнародныя, па ім прымаюць петыцыі праваабаронцы ўсяго свету, вызвалення іхняга патрабуюць дзяржавы. А хто заступіцца за гэтых? Хто спатрабуе для іх вызвалення?
А Дзёня, — сябра мой на турэмным шляху, — хто даможацца для яго справядлівага суду? Ці нарабіў ён на 12 без права на амністыю і датэрміновага вызвалення? (Па 139-м артыкуле амністыю не выдаюць і па замене рэжыму такіх не выпускаюць). І ўвогуле: які суд загляне ў душу? Які можа ўбачыць у вачох прагу да новага жыцця? Пад цяперашняй акупацыяй і разважаць пра тое не выпадае. Адбылося б гэта хоць пры незалежнай фемідзе, тады, мо, і сядзім не задарма.