— Штыком шмат чаго можна зрабіць, але сядзець на ім нязручна.
— А я буржуінаў праклятых танкамі душыў бы!
— Камунізм прыдумаў габрэй Маркс…
— Выратаваць нас можа толькі адзін чалавек — таварыш Сталін. Яго б нам на два дні… расстралялі б іх усіх і няхай ідзе, кладзецца.
— І слава табе, Госпадзе! Я ўсім святым пакланюся.
— Сталінскія сукі! У вас кроў на руках яшчэ не астыла. Царскую сям’ю навошта забілі? Не пашкадавалі нават дзяцей.
— Вялікую Расію не зробіш без вялікага Сталіна.
— Засралі народу мазгі… Я просты чалавек. Сталін простых людзей не чапаў. У нашым родзе ніхто не пацярпеў — усе рабочыя. Ляцелі галовы начальнікаў, а просты чалавек жыў спакойна.
— Чырвоная гэбня! Хутка дагаворыцеся да таго, што ніякіх лагераў не было, акрамя піянерскіх. Мой дзед быў дворнікам.
— А мой каморнікам.
— Машыністам…
Каля Беларускага вакзала пачаўся мітынг. Натоўп выбухаў то апладысментамі, то крыкамі: «Ура! Ура! Слава!» У канцы ўся плошча грымнула песню на матыў «Варшавянкі» — рускай «Марсельезы», з новым тэкстам:
Пасля гэтага, згарнуўшы чырвоныя сцягі, адны заспяшаліся да метро, іншыя сталі ў чэргі каля кіёскаў з піражкамі ды півам. Пачаліся народныя гулянні. Скакалі і весяліліся. Старая жанчына ў чырвонай хустцы кружылася і прытупвала вакол гарманіста:
Каля самага метро мяне дагналі п’яныя прыпеўкі: «Отъебися всё плохое, приебись хорошее».
ПРА ТОЕ, ШТО НАМ ТРЭБА ВЫБІРАЦЬ: ВЯЛІКУЮ ГІСТОРЫЮ ЦІ БАНАЛЬНАЕ ЖЫЦЦЁ?
Каля піўнога кіёска заўсёды шумна. Народ розны. Тут сустрэнеш прафесара, рабацягу, студэнта, бамжа… П’юць і разважаюць. Усё пра тое ж — пра лёс Расіі. Пра камунізм.
— Я — чалавек пітушчы. Чаму п’ю? Мяне маё жыццё не грэе. Хачу зрабіць галавакружны кульбіт з дапамогай алкаголю і нейкім чынам апынуцца ў іншым месцы. І там усё будзе прыгожа і добра.
— Для мяне пытанне стаіць больш канкрэтна: дзе я хачу жыць — у вялікай краіне або ў нармальнай?
— Я любіў імперыю… Мне жыццё пасля імперыі сумнае. Нецікавае.
— Вялікая ідэя патрабуе крыві. Сёння ніхто не хоча паміраць недзе. На нейкай вайне. Як у той песні:
А калі вы сцвярджаеце, што ў нас ёсць мэта, то якая яна? Кожнаму па «Мерсэдэсу» і пуцёўцы ў Маямі?
— Рускаму чалавеку трэба ў нешта верыць… Верыць у светлае, высокае. У нас у падкорцы закладзена імперыя і камунізм. Гераічнае нам бліжэй.
— Сацыялізм змушаў чалавека жыць у гісторыі… прысутнічаць пры чымсьці вялікім…
— Бляць! Мы такія духоўныя, мы такія спецыяльныя.
— Не было ў нас дэмакратыі. Якія мы з вамі дэмакраты?
— Апошняя вялікая падзея ў нашым жыцці — перабудова.
— Расія можа быць толькі вялікай ці не быць зусім. Нам патрэбна моцная армія.
— Ну на храна мне вялікая краіна? Хачу жыць у маленькай, такой, як Данія. Без ядзернай зброі, без нафты і газу. Каб ніхто мяне не біў рэвальверам па галаве. Можа, тады мы таксама навучымся тратуары шампунем мыць…
— Камунізм — невыканальная для чалавека задача… У нас заўсёды так: ці то канстытуцыі хочацца, ці сяўружыны з хрэнам…
— Як я зайздрошчу людзям, у якіх была ідэя! А мы цяпер жывём без ідэі. Хачу вялікую Расію! Я яе не памятаю, але ведаю, што яна была.
— Была вялікая краіна з чаргой па туалетную паперу… Я добра памятаю, як пахлі савецкія сталовыя і савецкія крамы.
— Расія ўратуе свет! І сама так уратуецца!
— Мой бацька да дзевяноста гадоў дажыў. Казаў, што ў яго жыцці нічога добрага не было, толькі вайна. Гэта ўсё, што мы ўмеем.
— Бог — гэта бясконцасць, якая закладзена ў нас… Мы створаныя на вобраз і падабенства…
ПРА ЎСЁ…
«Ува мне савецкага было дзевяноста адсоткаў… Я не разумела, што адбываецца. Памятаю, як выступаў па тэлебачанні Гайдар: вучыцеся гандляваць… рынак нас уратуе… Купіў на адной вуліцы бутэльку мінеральнай вады і прадаў яе на іншай — гэта бізнес. Людзі слухалі няўцямна. Я прыходзіла дадому. Зачыняла дзверы і плакала. У мамы інсульт, так яе ўсё гэта напалохала. Можа, яны хацелі нешта добрае зрабіць, але ім не хапіла спагады да ўласнага народа. Ніколі не забуду старых, тых, хто просіць міласціну, яны шэрагамі стаялі ўздоўж дарогі. Пазамываныя капялюшыкі, зацыраваныя пінжачкі… Бягу на працу і з працы — баюся вочы падняць… Працавала я на фабрыцы парфумы. Замест грошай выдавалі нам духі… касметыку…»