Выбрать главу

Мне цяпер хочацца ўспамінаць… Я хачу зразумець тое, што пражыта. Не толькі сваё жыццё, а нашае… савецкае… Я не ў захапленні ад уласнага народа. І ад камуністаў таксама, і ад нашых камуністычных лідараў. Сёння асабліва. Усе здрабнелі, абуржуазіліся, усе хочуць добра, салодка хочуць жыць. Спажываць і спажываць. Ухапіць! Камуністы таксама ўжо не тыя. У нас ёсць камуністы з гадавым прыбыткам у сотні тысячаў даляраў. Мільянеры! Кватэра ў Лондане… палац на Кіпры… Што гэта за камуністы? У чым жа іх вера? Спытаеш — як на дурнічку паглядзяць. «Не расказвайце нам савецкія казкі. Вось гэтага не трэба». Разбурылі такую краіну! Распрадалі па дэмпінгавых цэнах. Нашую Радзіму… Каб нехта мог лаяць Маркса і ездзіць па Еўропе. Час такі ж страшны, як і пры Сталіне… Я адказваю за свае словы! Напішаце гэта? Не веру… (І я бачу — не верыць.) Ужо няма ні райкамаў, ні абкамаў. Развіталіся з савецкай уладай. А што атрымалі? Рынг, джунглі… Улада злодзеяў… Хапалі — хто хутчэй, пірог вялікі. Бог мой! Чубайс… «прараб перабудовы»… Цяпер ён хваліцца, што лекцыі па ўсім свеце чытае. Маўляў, у іншых краінах капіталізм складваўся стагоддзямі, а ў нас за тры гады. Дзейнічалі хірургічным метадам… А калі нехта накраў, то і дзякуй Богу, можа, іх унукі будуць прыстойнымі людзьмі. Бррр!! І гэта дэмакраты… (Маўчыць.) Амерыканскі гарнітурчык прымяралі, слухалі дзядзьку Сэма. А амерыканскі гарнітурчык не лезе. Крыва сядзіць. Вось!! Не па свабоду пабеглі, а па джынсы… у супермаркеты… купіліся на яркія абгорткі… Цяпер і ў нас у крамах поўна ўсяго. Багацце. Але горы каўбасы ніяк не звязаныя са шчасцем. Са славай. Быў вялікі народ! Зрабілі з яго гандляроў і марадзёраў …лабазнікаў і менеджараў…

Прыйшоў Гарбачоў… Загаварылі аб вяртанні ленінскіх прынцыпаў. Усеагульная радасць. Узбуджэнне. Народ даўно чакаў пераменаў. У свой час паверылі Андропаву… Ну кадэбісты, так… Як вам растлумачыць? КПСС ужо не баяліся. Ля піўнога кіёска мужыкі маглі партыю абмацюкаць, а кадэбэ — ніколі… Вы што! У памяці сядзела… Ведалі, што жалезнай рукой, калёным жалезам, яжовай рукавіцай… гэтыя хлопцы навядуць парадак. Не хочацца паўтараць банальныя рэчы, але Чынгісхан гены нам сапсаваў… і прыгоннае права… Прывыклі, што біць усіх трэба, без біцця нічога не атрымаецца. Андропаў з гэтага і пачаў — з закручвання гаек. Усе разбэсціліся: у працоўны час хадзілі ў кіно, у лазню, бегалі па крамах. Гарбату распівалі. Міліцыя стала рэйды праводзіць, аблавы. Правяралі дакументы і хапалі прагульшчыкаў проста на вуліцах, у кавярнях, у крамах і паведамлялі на працу. Штрафавалі, звальнялі. Але Андропаў цяжка хварэў. Хутка памёр. Мы іх хавалі, хавалі. Брэжнеў, Андропаў, Чарненка… Найпапулярнейшы анекдот да Гарбачова: «Перадаём паведамленне ТАСС. Вы будзеце моцна смяяцца, але памёр чарговы Генеральны сакратар ЦК КПСС…» Ха-ха-ха… Народ на сваіх кухнях смяяўся, а мы на сваіх. На выспачцы свабоды. Кухонная балбатня… (Смяецца.) Выдатна памятаю, як падчас размоваў уключалі гучна тэлевізар ці радыё. Цэлая навука. Вучылі адзін аднаго, як ухітрыцца, каб гэбістам, што праслухоўвалі тэлефонныя размовы, нічога не было чуваць: пракручваеш дыск — старыя тэлефоны былі з дзірачкамі для лічбаў — устаўляеш у адну з іх аловак і фіксуеш… можна пальцам трымаць, але палец жа стамляецца… Напэўна, вас таксама вучылі? Памятаеце? Трэба што-небудзь «сакрэтнае» сказаць, адыходзілі на два-тры метры ад тэлефона, ад трубкі. Стукацтва, праслухоўка — гэта было ўсюды, ва ўсім грамадстве зверху і да нізу, і мы ў райкаме варажылі: хто ў нас стукач? Як потым высветлілася, падазравала я нявіннага чалавека, а даносчык быў не адзін, іх было некалькі. Вось на тых я ніколі б не падумала… Адна з іх — нашая прыбіральшчыца. Ветлая, добрая жанчына. Няшчасная. Муж — п’яніца. Бог мой! Сам Гарбачоў… Генеральны сакратар ЦК КПСС… Чытала ў адным яго інтэрв’ю, як падчас канфідэнцыйных гутарак у сябе ў кабінеце ён рабіў тое ж самае — уключаў тэлевізар на ўсю гучнасць, ці радыё. Увогуле, азбука. Запрашаў для сур’ёзных размоваў на сваю дачу за горад. І яны там… Там яны выходзілі ў лес, гулялі і размаўлялі. Птушачкі не данясуць… Усе чагосьці баяліся, баяліся і тыя, каго баяліся. Я баялася.