Выбрать главу

Усе гэтыя гады, пакуль мяне не было, мае сябры пражылі ў поўнай эйфарыі: рэвалюцыя адбылася! Камунізму не стала! Чамусьці былі ўпэўненыя, што ўсё складзецца добра, таму што ў Расіі шмат адукаваных людзей. Вельмі багатая краіна. Але Мексіка таксама багатая… За нафту і газ дэмакратыю не купіш, і яе не завязеш, як бананы або швейцарскі шакалад. Прэзідэнцкім указам не абвесціш… Патрэбны свабодныя людзі, а іх не было. Іх і цяпер няма. У Еўропе дзвесце гадоў даглядаюць за дэмакратыяй, як за газонам. Дома мама плакала: «Вось ты кажаш, што Сталін дрэнны, але мы з ім перамаглі. А ты хочаш здрадзіць Радзіме». Прыйшоў у госці мой старадаўні прыяцель. П’ём на кухні чай: «Што будзе? Нічога добрага не будзе, пакуль не расстралялі ўсіх камунякаў». Зноў кроў? Праз некалькі дзён я падала дакументы на выезд…»

«…З мужам разышліся… падала на аліменты, ён не плоціць і не плоціць. Дачка паступіла ў камерцыйную ВНУ, грошай не хапала. У маёй сяброўкі быў знаёмы амерыканец, ён пачаў у Расіі свой бізнес. Яму патрэбна была сакратарка, але ён хацеў знайсці не мадэльку даўгалыгую, а надзейнага чалавека. Сяброўка парэкамендавала мяне. Яго вельмі цікавіла нашае жыццё, ён шмат чаго не разумеў. «Чаму ва ўсіх вашых бізнесоўцаў лакіраваныя туфлі?», «А што такое «даць на лапу» і «ў нас усё схоплена і ўсё праплочана»?» Такія пытанні. Але планы ён меў вялікія: Расія — велізарны рынак! Абрабавалі яго банальна. Простым прыёмам. Для яго вялікую вагу мела слова — яму сказалі, ён паверыў. Страціў шмат грошай і вырашыў з’ехаць дадому. Запрасіў мяне перад ад’ездам у рэстаран, я думала, што мы развітаемся і ўсё. А ён падняў чарку: «Давай вып’ем — ведаеш за што? Грошай я тут не зарабіў, затое знайшоў добрую рускую жонку». Ужо сем гадоў разам…»

«…Раней мы жылі ў Брукліне… Спрэс руская мова і рускія крамы. У Амерыцы можна ўбачыць свет на руках у рускай акушэркі, вучыцца ў рускай школе, працаваць у рускага гаспадара, хадзіць на споведзь да рускага святара… Каўбаса ў крамах: «ельцынская», «сталінская», «мікаянаўская»… і сала ў шакаладзе… Старыя на лаўках рэжуцца ў даміно і гуляюць у карты. Вядуць бясконцыя дыскусіі пра Гарбачова і Ельцына. Ёсць сталіністы і антысталіністы. Праходзіш паўз іх і чуеш: «Ці патрэбны быў Сталін?» — «Так, патрэбны». А я маленькая ўжо ўсё пра Сталіна ведала. Пяць гадоў мне было… Мы стаім з мамай на аўтобусным прыпынку, як я цяпер разумею, непадалёк ад раённага будынка КДБ, я то нэнджу, то гучна плачу. «Не плач, — просіць мама, — а то нас пачуюць дрэнныя людзі, якія забралі нашага дзядулю і яшчэ шмат іншых добрых людзей». І яна пачынае мне распавядаць пра дзядулю… Маме трэба з кімсьці пагаварыць… Калі Сталін памёр, у дзіцячым садку нас усіх пасадзілі плакаць. Адна я не плакала. Дзядуля вярнуўся з лагера і ўстаў перад бабуляй на калені, яна ўвесь час за яго хадайнічала…»

«…Цяпер і ў Амерыцы з’явілася шмат маладых рускіх хлопцаў, якія носяць футболкі з партрэтам Сталіна. На капотах сваіх машынаў малююць серп і молат. Ненавідзяць чорных…»

«…А мы з Харкава… Адтуль Амерыка нам здавалася раем. Краінай шчасця. Першае ўражанне, калі прыехалі: будавалі камунізм мы, а пабудавалі яго амерыканцы. Знаёмая дзяўчынка павяла нас на распродаж, прыехалі — у мужа адны джынсы і ў мяне, трэба было апрануцца хоць. Гляджу: спаднічка — тры долары, джынсы — пяць… Смешныя цэны! Пах піцы… добрай кавы… Увечары адкаркавалі з мужам бутэльку «Марціні» і запалілі «Мальбара». Мара здзейснілася! Але ўсё трэба было пачынаць з нуля ў сорак гадоў. Тут адразу спускаешся на дзве-тры прыступкі ўніз, забудзься пра тое, што ты рэжысёр, акторка або скончыла МДУ… Спачатку я ўладкавалася нянечкай у бальніцы: гаршкі выносіла, падлогу шаравала. Не вытрымала. Стала выгульваць сабак у двух старых. Працавала касірам у супермаркеце… Было Дзявятага мая, дарагое для мяне свята. Бацька да Берліна дайшоў. Я ўспомніла пра гэта… Старэйшая касірка кажа: «Мы перамаглі, але вы, рускія, таксама малайцы. Дапамаглі нам». Так іх у школе вучаць. Я ледзь з крэсла не ўпала! Што яны пра Расію ведаюць? Рускія п’юць гарэлку шклянкамі, і ў іх шмат снегу…»