Выбрать главу

…Двух маладых таджыкаў з будоўлі павезлі на «хуткай дапамозе» ў бальніцу… Усю ноч яны праляжалі ў халодным прыёмным пакоі, да іх ніхто не падышоў. Дактары не хавалі сваіх пачуццяў: «І чаго вы, чарнажопыя, сюды панаехалі?»

…Амапаўцы вывелі ноччу з падвала пятнаццаць дворнікаў-таджыкаў, паклалі на снег і пачалі біць. Скакалі па іх… каваныя чаравікі… Адзін пятнаццацігадовы хлопчык памёр… …Атрымала маці мёртвага сына з Расіі. Без органаў унутры… На маскоўскім чорным рынку можна купіць усё, што ёсць у чалавека: ныркі, лёгкія, печань, зрэнкі, сардэчныя клапаны, скуру…

Гэта — мае браты і сёстры… Я таксама нарадзілася на Паміры. У гарах. Зямля ў нас на вагу золата, пшаніцу мераюць не мяшкамі, а цюбецейкамі. Усюды — гіганцкія горы, побач з якімі ўсе дзівосы, створаныя чалавекам, здаюцца дзіцячымі. Цацачнымі. Жывеш там — ногі на зямлі, а галава ў аблоках. Ты так высока, што быццам ты ўжо не ў гэтым свеце. Мора — гэта зусім іншае, мора вабіць да сябе, а горы даюць адчуванне абароны, яны цябе ахоўваюць. Яшчэ адны сцены ў хаце. Таджыкі не ваяры, калі на іх зямлю прыходзіў вораг, яны падымаліся ў горы… (Маўчыць.) Мая ўлюбёная таджыкская песня — гэта песня-плач аб пакінутай роднай зямлі. Заўсёды плачу, калі яе слухаю… Найстрашнейшае для таджыка — пакінуць сваю Радзіму. Жыць удалечыні ад яе. Чалавек без Радзімы — салавей без свайго саду. Шмат гадоў я ўжо жыву ў Маскве, але я ўвесь час атачаю сябе тым, што было ў мяне дома: убачу ў часопісе горы, абавязкова гэты фотаздымак выражу і павешу на сценку, і тую, дзе красуе абрыкос і белая бавоўна. Я ў сне часта збіраю бавоўну… Адчыняю скрыначку, краі вельмі вострыя ў гэтай скрыначкі, а ўнутры ляжыць белы камячок, як вата, вагі амаль не мае, трэба так яго выцягнуць, каб не падрапаць рукі. Раніцай прачынаюся стомленая… На маскоўскіх кірмашах я шукаю таджыкскія яблыкі, яны ў нас самыя салодкія, таджыкскі вінаград, ён саладзейшы за рафінад. А ў дзяцінстве я марыла, што ўбачу калі-небудзь рускі лес, грыбы… Паеду і ўбачу гэтых людзей. Гэта другая частка маёй душы: хата, печ, піражкі. (Маўчыць.) Я пра нашае жыццё распавядаю… І пра сваіх братоў… Для вас яны ўсе на адзін твар: чорнавалосыя, нямытыя, варожыя. З незразумелага свету. Чужое гора, якое Бог паклаў на парог вашага дома. А ў іх няма адчування, што яны прыехалі да чужых людзей, таму што іх бацькі жылі ў СССР і Масква была сталіцай для ўсіх. І цяпер ім тут далі працу і прытулак. На Усходзе кажуць: не плюй у калодзеж, з якога бярэш ваду. У школе ўсе таджыкскія хлопчыкі мараць паехаць на заробкі ў Расію… Каб купіць білет, пазычаюць грошы ва ўсяго кішлака. Рускія мытнікі ў іх пытаюцца на мяжы: «Да каго едзеш?» Яны адказваюць: «Да Ніны»… Усе рускія жанчыны для іх Ніны… Рускую мову ў школе ўжо не вучаць. Кожны вязе з сабой кілім для малітвы… Мы размаўляем у фондзе. Тут усяго некалькі маленькіх пакояў. Не змаўкаюць тэлефоны.

Вось учора я дзяўчынку выратавала… Яна здолела патэлефанаваць мне проста з машыны, калі паліцыянты везлі яе ў лес, тэлефануе і шэпча: «Схапілі на вуліцы, вязуць за горад. Усе п’яныя». Нумар машыны назвала… З п’яных вачэй яны забыліся яе абшукаць і забраць мабільнік. Дзяўчынка толькі прыехала з Душанбэ… прыгожая дзяўчынка… Я — усходняя жанчына, я яшчэ маленькая была, а бабуля і мама ўжо вучылі мяне, як трэба з мужчынамі размаўляць. «Агонь не пераможаш агнём, а толькі мудрасцю», — казала бабуля. Тэлефаную ў паліцэйскі ўчастак: «Слухай, мой дарагі, нешта дзіўнае адбываецца: вашыя хлопцы кудысьці не туды павезлі нашую дзяўчынку, і яны нападпітку. Патэлефануйце ім, каб да граху не дайшло. Нумар машыны нам вядомы». На тым канцы проваду — суцэльны паток лаянкі: гэтыя «чуркі»… гэтыя «чорныя малпы», якія толькі ўчора з дрэва злезлі, маўляў, якога чорта вы марнуеце на іх час. «Мой дарагі, ты паслухай мяне, я такая ж «чорная малпа»… Я — твая мама…» Маўчанне! Там жа таксама чалавек… Заўсёды на гэта спадзяюся… Слова за слова, і мы сталі размаўляць. Праз пятнаццаць хвілінаў машына развярнулася… Прывезлі дзяўчынку назад… Маглі згвалціць, забіць. Неаднойчы… я ў лесе гэтых дзяўчынак па кавалачках збірала… Ведаеце, хто я? Я працую алхімікам… У нас грамадскі фонд — грошай няма, улады няма, ёсць толькі добрыя людзі. Нашы памочнікі. Дапамагаем, ратуем безабаронных. Жаданы вынік атрымліваецца з нічога: з нерваў, з інтуіцыі, з усходняй ліслівасці, з рускай шкадобы, з такіх простых слоў, як «мой дарагі», «мой ты добры», «я ведала, што ты сапраўдны мужчына, ты абавязкова дапаможаш жанчыне». Хлопцы, — кажу я садыстам у пагонах, — я ў вас веру. Веру, што вы людзі. З адным паліцыянтам-генералам доўга вяла гутарку… Гэта быў не ідыёт, не салдафон, а інтэлігентнага выгляду мужчына. «Вы ведаеце, — сказала я яму, — у вас працуе сапраўдны гестапавец. Майстар катаванняў, яго ўсе баяцца. З бамжоў і гастарбайтараў, якія трапляюць да яго, ён робіць інвалідаў». Я думала, што ён жахнецца або спалохаецца, будзе абараняць гонар мундзіра. А ён паглядзеў на мяне з усмешкай: «А дайце мне яго прозвішча. Які малайчына! Мы яго павысім, узнагародзім. Такія кадры берагчы трэба. Я яму прэмію выпішу». Я здранцвела. А ён працягваў: «Шчыра вам прызнаюся… Мы спецыяльна ствараем для вас такія невыносныя ўмовы, каб вы хутчэй з’ехалі. У Маскве два мільёны гастарбайтараў, горад не можа ператравіць такую колькасць людзей, якая раптам звалілася нам на галаву. Вас дужа шмат». (Маўчыць.)