Выбрать главу

Час вячэраць. Чалавек дзесяць ужо сядзяць за сталом. Знаёмімся: Амір, Хуршыд, Алі… Старэйшыя вучыліся ў савецкай школе, па-руску гавораць без акцэнту. Маладыя рускай мовы не ведаюць. Толькі ўсміхаюцца.

Гасцям рады.

— Давайце мы трошкі перакусім, — усаджвае нас за стол Амір, у мінулым настаўнік, ён тут за старэйшага. — Паспытайце таджыкскі плоў. Смачна — мама дарагая! У таджыкаў так: калі ты сустрэў чалавека непадалёк ад свайго дома, ты мусіш паклікаць яго да сябе і даць яму піялу з чаем.

Дыктафон уключыць не магу — баяцца. Дастаю ручку. Тут мне дапамагае іх сялянская павага да таго, хто піша. Адны прыехалі з кішлакоў, іншыя спусціліся з гор. І адразу трапілі ў гіганцкі мегаполіс.

— Масква — добра, работы — шмат. А жыць наогул страшна. Я іду па вуліцы адзін… Нават днём… Маладым хлопцам у вочы не гляджу — забіць могуць. Маліцца кожны дзень трэба…

— Да мяне падышлі ў электрычцы трое… Я з працы ехаў. «Ты што тут робіш?» — «Дадому еду» — «Дзе твой дом? Хто цябе сюды прасіў?» Пачалі біць. Білі і крычалі: «Расія — для рускіх! Слава Расіі!» — «Хлопцы, за што? Алах усё бачыць» — «Твой Алах тут цябе не бачыць. У нас свой Бог». Зубы выбілі… рабро зламалі… Поўны вагон людзей, і адна толькі дзяўчына абараняла: «Кіньце! Ён вас не чапаў». — «Ты чаго? «Хача» б’ём».

— Рашыда забілі… Трыццаць разоў пырнулі нажом. Ты мне скажы, навошта трыццаць разоў?

— На ўсё воля Алаха… гаротніка і на вярблюдзе сабака ўгрызе.

— Мой тата вучыўся ў Маскве. Сёння ён дзень і ноч плача па СССР. Ён марыў, што я таксама буду вучыцца ў Маскве. А мяне тут паліцэйскі б’е, гаспадар б’е… Жыву ў падвале, як котка.

— Мне СССР не шкада… Дзядзька Коля, наш сусед… ён рускі быў… Ён на маю маму крычаў, калі яна адказвала яму па-таджыкску: «Гавары на нармальнай мове. Зямля ваша, улада наша». Мама плакала.

— Я сёння сон бачыў: іду па нашай вуліцы, суседзі кланяюцца: «Салам алейкум»… «Салам алейкум»… У нашых кішлаках засталіся толькі жанчыны, старыя і дзеці.

— Дома ў мяне заробак быў пяць долараў у месяц… Жонка, трое дзяцей… У кішлаках гадамі людзі не бачаць цукру…

— На Чырвонай плошчы не быў. Леніна не бачыў. Праца! Праца!

— Рыдлёўка, кірка, насілкі. Увесь дзень з мяне, як з кавуна, цячэ.

— Заплаціў аднаму маёру за дакументы: «Няхай Алах дасць табе здароўе. Які добры чалавек!» А дакументы выявіліся фальшывыя. Пасадзілі. Білі нагамі, білі палкамі.

Няма дакументаў — няма чалавека… Чалавек без Радзімы — бяздомны сабака… Кожны можа пакрыўдзіць. Паліцыянты за дзень дзесяць разоў спыняць: «Пакажы дакументы». Гэтая паперка ёсць, а гэтай няма. Не дасі грошай — б’юць.

— Хто мы? Будаўнікі, грузчыкі, дворнікі, пасудамыйкі… Менеджарамі мы тут не працуем…

— Мама задаволеная, я грошы дасылаю. Знайшла мне прыгожую дзяўчыну, я яе яшчэ не бачыў. Мама выбірала. Прыеду — ажанюся.

— Усё лета працаваў у аднаго багатага пад Масквой, а ў рэшце рэшт яны мне не заплацілі: «Пайшоў! Пайшоў! Я цябе карміў».

— Калі ў цябе ёсць сто бараноў — ты маеш рацыю. Ты заўсёды маеш рацыю.

— Мой сябар таксама прасіў у гаспадара грошай за працу. Паліцыя потым яго доўга шукала. Адкапалі ў лесе… Мама труну атрымала з Расіі…

— Выганяць нас… Хто Маскву адбудоўваць будзе? Двары падмятаць? Рускія за тыя грошы, што нам плоцяць, спіны гнуць не стануць.

— Заплюшчу вочы — бачу: арык цячэ, бавоўна цвіце, яна цвіце пяшчотна-ружова, як сад.

— А ты ведаеш, што ў нас была вялікая вайна? Пасля развалу СССР адразу сталі страляць… Добра жыў толькі той, у каго быў аўтамат. Я ў школу хадзіў… Кожны дзень я бачыў два-тры трупы. Мама ў школу не пусціла. Я сядзеў дома і чытаў Хаяма. У нас усе чытаюць Хаяма. А ты яго ведаеш? Калі ведаеш, то ты мне сястра.

— Забівалі няверных…

— Алах сам вырашыць — хто верны, а хто няверны. Сам будзе судзіць.

— Маленькі быў… Я не страляў. Мама расказвала, што да вайны жылі так: на адным вяселлі гаварылі па-таджыкску, па-ўзбекску і па-руску. Хто хацеў — маліўся, а хто не хацеў — не маліўся. Скажы, сястра, чаму людзі так хутка навучыліся забіваць адзін аднаго? Яны ўсе Хаяма ў школе чыталі. І Пушкіна.

— Народ — караван вярблюдаў, які паганяюць бізуном…

— Вучу рускую мову… Вось паслухайце: красывы дэвушка, хлэб, дэнги… начальнык плёхой…

— Ужо пяць гадоў я ў Маскве, і са мной ні разу ніхто не павітаўся. Рускім патрэбныя «чорныя», каб яны маглі адчуваць сябе «белымі», глядзець на кагосьці зверху ўніз.