Апошнія савецкія гады… Што я памятаю? Пачуццё сораму не пакідала. За абвешанага ордэнамі і Зоркамі Брэжнева і за тое, што Крэмль у народзе празвалі камфартабельным домам састарэлых. За пустыя паліцы. Планы выконваем і перавыконваем, а ў крамах нічога няма. Дзе нашае малако? Мяса? Я і цяпер не разумею, куды гэта ўсё падзелася. Малако канчалася праз гадзіну пасля таго, як адкрываліся крамы. З абеду прадаўцы стаялі каля чыста вымытых латкоў. На паліцах — трохлітровыя слоікі бярозавага соку і пачкі солі, чамусьці заўсёды мокрыя. Кілька ў бляшанках. Усё! Выкінуць у продаж каўбасу — яе размятуць умомант. Сасіскі і пельмені — далікатэс. У райкаме ўвесь час нешта дзялілі: гэтаму заводу — дзесяць халадзільнікаў і пяць футраў, а гэтаму калгасу — два югаслаўскія мэблевыя гарнітуры і дзесяць польскіх жаночых сумачак. Рондалі і жаночую бялізну дзялілі… калготкі… Такое грамадства магло трымацца толькі на страху. На надзвычайцы — паболей страляць і паболей саджаць. Але сацыялізм з Салаўкамі і Беламорканалам скончыўся. Патрэбны быў нейкі іншы сацыялізм.
Перабудова… Быў момант, калі людзі зноў пацягнуліся да нас. Уступалі ў партыю. Вялікія ва ўсіх чаканні. Усе тады былі наіўныя — левыя і правыя, камуністы і антысаветчыкі. Усе — рамантыкі. Сёння за гэта сорамна, за тую сваю наіўнасць. Моляцца на Салжаніцына. Вялікі старац з Вермонта! Не адзін Салжаніцын, многія ўжо разумелі, што так, як мы жывём, жыць нельга. Забрахаліся. І камуністы — верыце вы мне ці не? — таксама гэта разумелі. Сярод камуністаў было нямала разумных і сумленных людзей. Шчырых. Я асабіста ведала такіх людзей, асабліва часта яны сустракаліся ў правінцыі. Як мой бацька… Бацьку не прынялі ў партыю, ён пацярпеў ад партыі, але ён ёй верыў. Верыў партыі і краіне. Кожная раніца ў яго пачыналася з таго, што ён адкрываў газету «Праўда» і прачытваў яе цалкам. Камуністаў без партбілета было больш, чым з партбілетамі, яны душой былі камуністы. (
Маўчыць.) На ўсіх дэманстрацыях неслі лозунг «Народ і партыя — адзіныя!». Гэтыя словы — не выдумка, гэта была праўда. Я нікога не агітую, я расказваю, як яно было. Ужо ўсе забыліся… Многія ўступалі ў партыю, бо сумленне патрабавала, а не толькі дзеля кар’еры або з іншых прагматычных меркаванняў: калі я беспартыйны і ўкраду — мяне пасадзяць, калі я ўступлю ў партыю і ўкраду — мяне выганяць з партыі, але не пасадзяць. Я абураюся, калі пра марксізм гавораць пагардліва, з насмешкай. Хутчэй яго — у смеццевы бачок! На звалку! Гэта вялікае вучэнне, яно перажыве ўціск. І нашую савецкую няўдачу — таксама. Таму што… ёсць шмат прычынаў… Сацыялізм — гэта не толькі лагеры, стукацтва і жалезная заслона, гэта і справядлівы, ясны свет: з усімі дзяліцца, слабых шкадаваць, спачуваць ім, а не падграбаць усё пад сябе. Мне кажуць: нельга было купіць машыну, але ні ў каго не было машыны. Ніхто не насіў касцюмы ад Версачэ і не купляў дом у Маямі. Бог мой! Правадыры СССР жылі на ўзроўні бізнесменаў сярэдняй рукі, да алігархаў ім не дацягнуць. Слабо! Не будавалі яны сабе яхтаў з душам з шампанскага. Падумаць толькі! Па тэлевізары перадаюць рэкламу: купляйце медныя ванны — коштам з двухпакаёвую кватэру. Для каго яны, скажыце? Пазалочаныя дзвярныя ручкі… Гэта — свабода? Маленькі, шараговы чалавек — ніхто, ён — нуль. На дне жыцця. А тады ён мог напісаць у газету, пайсці і паскардзіцца ў райкам: на начальніка або на дрэннае абслугоўванне… на здрайцу-мужа… Былі глупствы, не адмаўляю, але хто сёння гэтага простага чалавека наогул слухае? Каму ён патрэбны? Памятаеце савецкія назвы — вуліца Металургаў, Энтузіястаў… Заводская, Пралетарская… Маленькі чалавек… ён быў галоўны… Дэкларацыя, шырма, як вы кажаце, а цяпер і хавацца нікому не трэба. Няма грошай — пайшоў прэч! Пад лаву! Вуліцы пераназываюць: Мяшчанская, Купецкая, Дваранская… Нават каўбасу я бачыла «Княская», а віно «Генеральскае». Культ грошай і поспеху. Выжывае наймацнейшы, з жалезнымі біцэпсамі. Але не ўсе здольныя ісці па галовах, вырываць кавалак у іншага. У адных прырода такая, таму што не могуць, а іншым брыдка.