А цяпер… Прыцягнуць сябрукі ноччу і пакладуць ля парога. Без гадзінніка і кашулі… ляжыць голы да пояса… Суседзі тэлефануюць: «Забяры, Тамара! Богу душу ад холаду аддасць». Уцягну ў хату. Плача, раве, качаецца па падлозе. Ні на адной працы ён не затрымліваецца: ахоўнікам быў, вартаўніком… Яму то выпіць трэба, то пахмяліцца. Ну ўсё прапіў… Ніколі не ведаеш: будзе дома што пажраць ці не? Адхуярыць або сядзе перад тэлевізарам. У суседзяў кватарант, ён армянін… Нешта ён сказаў, і майму не спадабалася. Валяўся той на зямлі ў крыві з выбітымі зубамі і паламаным носам. Усходніх людзей не любіць. На рынак з ім баюся хадзіць, там жа адны ўзбекі і азербайджанцы гандлююць. Як што… адна ў яго прымаўка: «На кожную кручаную задніцу ёсць болт з разьбой». Яны яму зніжкі робяць, не хочуць звязвацца. «А-а… «афганец»… шалёны… Чорт!» Дзяцей б’е. Малы яго любіць, лезе да яго, а ён яго падушкай душыць. Дык той адразу, калі ён адчыняе дзверы, хуценька бяжыць у свой ложак і — спаць, вочы заплюшчвае, каб не біў, ці ўсе падушкі пад канапу схавае. Мне ці плакаць… ці… (Паказвае сваю забінтаваную руку.) У дзень дэсантніка… збяруцца сябры… усе, як і ён, у цяльняшках… Панапіваюцца ў хлам! Абасцуць мне ўсё ў прыбіральні. У іх нешта з галавой… Манія велічы: мы былі на вайне! Крутыя! Першы тост: «Увесь свет — гаўно, усе людзі — блядзі, а сонца — ёбаны ліхтар». І так да самай раніцы: «за спачын», «за здароўе», «за ордэн», «каб усе здохлі». Жыццё ў іх не склалася… Я вам не скажу чаму — з-за гарэлкі ці з-за вайны? Злыя, як ваўкі! Каўказцаў усе ненавідзяць і жыдоў. Жыдоў ненавідзяць за тое, што Хрыста забілі і справу Леніна загубілі. Дома ім ужо нявесела: прачнуўся, памыўся, паеў. Нудота! Яны б і цяпер — пакліч толькі! — імгненна б сабраліся ў Чачню. Пагеройстваваць! Нейкая ў іх крыўда засталася, крыўда на ўсіх: на палітыкаў і на генералаў, на тых, хто там не быў. На гэтых асабліва… у першую чаргу… Ніякай спецыяльнасці ў многіх, як і ў майго, няма. У іх ва ўсіх адна спецыяльнасць — хадзіць з пісталетам. Кажуць, што п’юць ад крыўды… Ой-ой! І там яны пілі, не хаваюць гэтага: «без ста грамаў рускі салдат да перамогі не дажыве», «кінь нашага чалавека ў пустыню, праз дзве гадзіны ён п’яны, а вады не знойдзе». Метылавы спірт ужывалі, тармазную вадкасць… Па дурнаце, сп’яну падрываліся… Прыехалі дадому: хтосьці павесіўся, кагосьці застрэлілі ў разборках, аднаго так збілі, што стаў інвалідам… яшчэ адзін звар’яцеў, зачынілі ў псіхушцы… Гэта тое, што мне вядома. Хрэн яго ведае, што яшчэ… Капіталісты… ну гэтыя, новыя рускія… іх наймаюць, праплочваюць, каб яны дапамагалі ім адзін у аднаго пазыкі выбіваць. Страляюць яны лёгка, нікога не шкада. Малакасосу дваццаць гадоў, у яго — вар’яцкія грошы, а ў іх — медалі. Малярыя, гепатыт… Хіба яны будуць яго шкадаваць? Іх жа ніхто не пашкадаваў… Ім страляць хочацца… Ты гэта не запісвай… Я баюся… Размова ў іх кароткая: адразу — да сценкі! У Чачню яны хочуць паехаць, таму што там свабода, там рускіх крыўдзяць… і мараць жонкам футры прывезці. Залатыя пярсцёнкі. І мой рваўся туды, толькі п’яніц не бяруць. Здаровых мужыкоў хапае. Кожны дзень адно чую: «Дай грошай». — «Не дам». — «Да нагі, сука!» І ўлупіць. А потым сядзіць і плача. На шыі вісіць: «Не кідай мяне!» Я доўга яго шкадавала… (Плача.)
Падлюка-шкадоба… Я ўжо не дам ёй ходу… На шкадобу не цісні! Сёрбай свае ваніты сваёй лыжкай. Сам расхлёбвай! Даруй мне, Госпадзе, калі ты і сапраўды ёсць. Даруй!
Вяртаюся вечарам з працы… Яго голас. Вучыць сына. Я ўжо ўсё ведаю на памяць: «Стоп! Запамінай: ты шпурнеш гранату ў акно — кульбіт сюды. На зямлю. А другою — за калону…» Маць-перамаць!