Выбрать главу

Многа-многа людзей… поўны дом чужых людзей… Наколюць лекамі — я ляжу, ачомаюся — зноўку выклікаюць «хуткую». У мяне ў доме вайна… А ў людзей сваё жыццё. Ніхто чужое гора не разумее, дай Бог сваё зразумець. У-у-у… Усе думалі: я сплю, а я ляжала і слухала. Горка мне, горка…

«…У мяне двое сыноў. Яшчэ ў школе вучацца. Збіраю грошы, каб адкупіць іх ад войска…»

«…Наш народ цярплівы — гэта дакладна. Чалавек — мяса… вайна — праца…»

«…Еўрарамонт нам дорага даўся. Добра, што італьянскую плітку раней купілі, яшчэ па старых коштах. Пластыкавыя вокны сабе паставілі. Браніраваныя дзверы…»

«…А дзеці растуць… Радуешся, пакуль яны маленькія…»

«…Там вайна, і тут вайна… Кожны дзень страляюць. Падрываюць.

Едзеш у аўтобусе — страшна, у метро баішся заходзіць…»

«…У суседа сын быў беспрацоўны. Піў. Завербаваўся ў кантрактнікі. Праз год вярнуўся з Чачні з чамаданам грошай: машыну купіў, жонцы футра і залаты пярсцёнак. З’ездзілі сям’ёй у Егіпет… Цяпер без грошай ты — нуль. А дзе іх зарабіць?»

«…Раскрадаюць… ірвуць Расію на кавалкі… Вялікі пірог!»

Гэтая вайна паганая! Была яна дзесьці далёка… далёка… І прыйшла да мяне ў хату. Я Алесьцы крыжык павесіла… Не збярог. (Плача.)

Праз дзень нам яе прывезлі… Усё цякло… труна мокрая… абцірала прасцінамі. Начальства: хутчэй… хутчэй… хутчэй трэба хаваць. «Не адчыняйце. Там — халадзец». А мы адчынілі. Усе спадзяваліся, што памылка. Па тэлевізары сказалі: Алеся Нікалаева… дваццаць адзін год… Узрост няправільны. Раптам гэта іншая Алеся? Не нашая. «Там — халадзец…» Выдалі нам даведку: «…наўмыснае самапашкоджанне стрэлам з табельнай зброі ў правую частку галавы…» Што мне паперка! Я сама хачу паглядзець, памацаць. Пагладзіць сваімі рукамі. Калі адчынілі: твар быў жывы, добры… і маленькая дзірачка на левым баку… Такая маленькая… зусім… ну, аловак увойдзе. Ізноў няпраўда, як і з узростам, дзірачка на левым баку, а пішуць — на правым. Паехала яна ў Чачню са зводным атрадам міліцыянтаў з усёй Разані, а дапамагалі нам хаваць з аддзялення міліцыі, дзе яна служыла. Яе таварышы. І ўсе яны ў адзін голас: якое гэта самагубства? Гэта не самазабойства, а стрэл прыкладна з двух-трох метраў… Стрэл?! А начальства прыспешвала. Дапамагалі, штурхалі. Прывезлі яе позна ўвечары, а раніцай наступнага дня, а дванаццатай гадзіне, пахавалі ўжо. На могілках… У-у-у… Моц у мяне была… у чалавека не можа быць такой моцы… Вечка труны прыб’юць, а я адарву, зубамі б цвікі грызла. Начальства на могілках не было. Адмовіліся ўсе ад нас… дзяржава першая… У царкве не захацелі адпяваць: грэшніца… Бог душу такую, што заблыталася, не прыме… Ну як так… Як жа так? Я цяпер у царкву хаджу… свечку пастаўлю… Падышла адзін раз да бацюшкі: «Хіба Бог толькі прыгожыя душы любіць? Калі так, то нашто Ён тады?» Расказала яму ўсё… Я шмат разоў ужо пра гэта распавядала… (Маўчыць.) Бацюшка ў нас малады… Заплакаў: «Як вы яшчэ жывая і не ў вар’яцкім доме? Дай ёй, Гасподзь, Царства нябеснае!» Памаліўся за маю дзяўчынку… А людзі рознае казалі: з-за мужыка дзеўка стрэліла. Сп’яну. Усім вядома, што п’юць яны там няспынна. І мужыкі, і бабы. Хапанула я гора… поўным ротам…

Яна пакавала чамадан… А мне хацелася ўсё таптаць, ірваць. Рукі сабе кусала, хоць звяжы іх. Не магла спаць. Ламала ўсе косткі, сутаргі па целе. Не сплю… і бачу сны нейкія… Вечны лёд, вечная зіма. Усё ў серабрыста-блакітным колеры… А то быццам яны з Настачкай ідуць і ідуць па вадзе, і ніяк не могуць дапяць да берага. Адна вада… Настачку бачу, а Алеська хутка знікла з вачэй… Няма яе і няма… І ў сне я спалохалася: «Алеська! Алеська!» — клічу. З’яўляецца. Але не як жывая, а як партрэт… фотаздымак… і на левым баку ў яе сіняк. Акурат у тым месцы, дзе куля прайшла… (Маўчыць.) Гэта яна яшчэ толькі чамадан пакавала… «Мама, я еду. Я ўжо рапарт напісала». — «Ты адна выхоўваеш дзіця. Яны не маюць права цябе пасылаць». — «Мама, мяне звольняць, калі я не паеду. Ты ж ведаеш: у нас усё добраахвотна-прымусова. Але ты не плач… Там ужо не страляюць, а будуюць. А я буду ахоўваць. Паеду і зараблю, як іншыя». Дзяўчынкі іхнія ўжо ездзілі, усё было нармальна. «У Егіпет цябе завязу, піраміды паглядзім» — гэта мара ў яе была. Парадаваць хацела маму. Бедна мы жылі… з капейкі… Выйдзеш у горад — усюды рэклама: купі машыну… вазьмі крэдыт… Купляй! Толькі бяры! У кожнай краме стаіць пасярод залы — стол, а то і два — афармляй крэдыты. Каля сталоў заўсёды чарга. Людзі стаміліся ад галечы, усім захацелася пажыць. А я іншым разам не ведала, чым іх накарміць, бульба і тая… не заўсёды. І макароны. На тралейбус не хапала. Пасля тэхнікума паступіла яна ў педагагічны інстытут на псіхолага, год правучылася — грошай няма плаціць. Адлічылі. У маёй мамы пенсія — сто долараў, і ў мяне — сто долараў. Наверсе… яны там нафту пампуюць і газ… але гэта не нам долары цякуць, а ім у кішэню. Простыя людзі, як мы, ходзяць па крамах і толькі глядзяць — як па музеях ходзяць. А па радыё, як шкодніцтва нейкае, спецыяльна, каб народ раззлаваць — любіце багатых! Багатыя нас выратуюць! Дадуць працу… Паказваюць, як яны адпачываюць, што ядуць… Дамы з басейнамі… Свой садоўнік, свой кухар… Як калісьці ў памешчыкаў… пры цары… Паглядзіш увечары тэлевізар: якая брыдота — і кладзешся спаць. Раней шмат людзей галасавала за Яўлінскага і за Нямцова… Я грамадская актывістка была, на ўсе выбары бегала. Патрыётка! Мне Нямцоў падабаўся, што малады і прыгожы. А потым усе ўбачылі — дэмакраты таксама хочуць добра жыць. На нас забыліся. Чалавек — пыл… пылінка… Народ зноў рушыў да камуністаў… Пры іх ні ў кога мільярдаў не было, ва ўсіх было патроху, усім гэтага дастаткова было. Кожны адчуваў сябе чалавекам. Я была як усе.