Выбрать главу

З ёй… (Ківае ў бок сяброўкі.) Спрачаемся, вядома… Яна мне даказвае, што для сапраўднага сацыялізму патрабуюцца ідэальныя людзі, а іх няма. Ідэя — гэта трызненне… казка… Наш чалавек ужо ні за што не памяняе сваю патрыманую іншамарку і пашпарт з шэнгенскай візай на савецкі сацыялізм. А я веру ў іншае: чалавецтва ідзе ў бок сацыялізму. Да справядлівасці. Іншага шляху няма. Паглядзіце на Нямеччыну… Францыю… Ёсць шведскі варыянт. А якія каштоўнасці ў рускага капіталізму? Пагарда да «людзішак»… Да тых, у каго няма мільёна, няма «мерсэдэса». Замест чырвонага сцяга — Хрыстос уваскрос! І культ спажывання… Чалавек засынае з думкай не пра штосьці высокае, а пра тое, што ён сёння чагосьці не купіў. Вы думаеце, што краіна развалілася таму, што даведаліся праўду пра ГУЛАГ? Так думаюць тыя, хто кнігі піша. А чалавек… нармальны чалавек гісторыяй не жыве, ён жыве прасцей: закахаўся, ажаніўся, дзеці нарадзіліся. Дом пабудаваў. Краіна знікла праз дэфіцыт жаночых ботаў і туалетнай паперы, ад таго, што апельсінаў не было. Гэтых джынсаў праклятых! Цяпер нашыя крамы падобныя да музеяў ці тэатраў. І мяне хочуць пераканаць, што анучы ад Версачэ і Армані — гэта ўсё, што неабходна чалавеку. Яму гэтага дастаткова. Жыццё — гэта фінансавыя піраміды і вэксалі. Свабода — гэта грошы, а грошы — свабода. А нашае жыццё капейкі не вартае. Ну, гэта… ну, гэта… разумееце… Я нават словаў не знаходжу, як назваць… Мне шкада маіх маленькіх унучак. Шкада. Ім гэта па тэлевізары кожны дзень убіваюць у галаву. Я не згодна. Я была і застаюся камуністкай.

Перапыняемся надоўга. Заўсёдны чай, на гэты раз з вішнёвым сочывам, звараным па ўласным рэцэпце гаспадыні.

Восемдзесят дзявяты год… Я да гэтага часу ўжо была трэцім сакратаром райкама партыі. На партработу мяне забралі са школы, я выкладала рускую мову і літаратуру. Маіх улюбёных пісьменнікаў — Талстога, Чэхава… Калі прапанавалі — спалохалася. Такая адказнасць! Але ні хвіліны не вагалася, быў шчыры парыў — служыць партыі. Тым летам я прыехала дадому ў адпачынак. Звычайна ўпрыгожанняў не нашу, а тут купіла сабе нейкія каралі танныя, мама мяне ўбачыла: «Ты — як царыца». Была ў захапленні… ну не каралямі ж! Тата сказаў: «Ніхто з нас цябе ні пра што прасіць не будзе. Ты павінна быць чыстай перад людзьмі». Бацькі ганарыліся! Былі шчаслівыя! А я… я… што перажывала я? Ці верыла я партыі? Шчыра адкажу — верыла. І цяпер веру. З партыйным білетам не расстануся, што б ні здарылася. Ці верыла я ў камунізм? Шчыра скажу, не буду хлусіць: я верыла ў магчымасць справядлівага ладу жыцця. І зараз… я ўжо казала… веру. Мне надакучыла слухаць расповеды пра тое, як нам дрэнна жылося пры сацыялізме. Ганаруся савецкім часам!

Шыкоўнага жыцця не было, але жылі нармальна. Было каханне і сяброўства… сукенкі і туфлі… Прагна слухалі пісьменнікаў і артыстаў, а цяпер перасталі. Месца паэтаў на стадыёнах занялі ведзьмакі і экстрасэнсы. Ведзьмакам вераць, як у Афрыцы. Нашае… савецкае жыццё… гэта была спроба альтэрнатыўнай цывілізацыі, калі хочаце. Калі з пафасам… Улада народа! Ну не магу супакоіцца! Дзе вы сёння ўбачыце даярак, токараў ці машыністаў метро? Няма іх — ні на старонках газетаў, ні на экранах тэлевізараў, ні ў Крамлі, калі ўручаюць ордэны і медалі. Нідзе іх няма. Усюды новыя героі: банкіры і бізнесмены, мадэлі і інтэрдзеўкі… менеджары… Маладыя яшчэ могуць прыстасавацца, а старыя паміраюць моўчкі, пры зачыненых дзвярах. У галечы паміраюць, у забыцці. У мяне пенсія — пяцьдзясят даляраў… (Смяецца.) І ў Гарбачова, я чытала, пяцьдзясят даляраў… Пра нас кажуць: «Камуністы жылі ў палацах, елі чорную ікру лыжкамі. Сабе яны пабудавалі камунізм». Бог мой! Я вас вадзіла па сваіх «палацах» — звычайная двухпакаёвая кватэра, агульная плошча — пяцьдзясят сем метраў. Нічога не схавала: савецкі крышталь, савецкае золата…

— А спецпаліклінікі і спецпайкі, «свае» чэргі на атрыманне кватэраў і казённыя лецішчы… партыйныя санаторыі?

— Шчыра? Было гэта… ну было… але больш там… (Падымае руку ўверх.) А я заўсёды ўнізе, найніжэйшае звяно ўлады. Унізе, каля людзей. Заўсёды на вачах. Калі недзе і было… не спрачаюся… Не адмаўляю! Чытала, як і вы, у час перабудовы… што дзеці сакратароў ЦК лёталі на паляванне ў Афрыку. Брыльянты скуплялі… Усё адно не параўнаць гэта з тым, як жывуць цяпер «новыя рускія». З іх замкамі ды яхтамі. Паглядзіце, што панабудавалі яны вакол Масквы. Палацы! Двухметровыя каменныя платы, дрот з электрычным токам, відэаназіранне. Узброеныя ахоўнікі. Як у зоне або на сакрэтным ваенным аб’екце. Што, там Біл Гейтс жыве, камп’ютарны геній? Ці Гары Каспараў, чэмпіён свету па шахматах? Там жывуць пераможцы. Грамадзянскай вайны быццам бы не было, а пераможцы ёсць. Там яны — за каменным плотам. Ад каго яны хаваюцца? Ад народа? Народ думаў, што прагоніць камуністаў, і наступяць цудоўныя часы. Райскае жыццё. Замест вольных людзей з’явіліся гэтыя… з мільёнамі і мільярдамі… Гангстары! Страляюць сярод белага дня… Нават у нас аднаму бізнесоўцу балкон разнеслі. Нікога не баяцца. Лётаюць у асабістых самалётах з пазалочанымі ўнітазамі, яшчэ і выхваляюцца. Сама бачыла па тэлевізары… адзін паказваў свой гадзіннік: каштуе, як бамбардзіроўшчык. А другі — мабільнік з дыяментамі. І ніхто! Ніхто не крыкне на ўсю Расію, што гэта сорамна. Брыдка. Калісьці былі Успенскі і Караленка. Шолахаў напісаў Сталіну ліст у абарону сялянаў. Цяпер я хачу… Вы ў мяне пытаецеся, а я хачу ў вас запытацца: дзе нашая эліта? Чаму я чытаю кожны дзень у газетах меркаванне з любой нагоды Беразоўскага і Патаніна, а не Акуджавы… Іскандэра… Як так здарылася, што вы саступілі сваё месца? Сваю кафедру… І першымі пабеглі да аб’едкаў са стала алігархаў. У лёкаі. Руская інтэлігенцыя раней не бегала і не выслужвалася. А цяпер нікога не засталося — няма нікога, хто скажа пра дух, апрача папа. А дзе перабудоўшчыкі?