Выбрать главу

Кажуць і іншае… Стаялі яны на пасту, прапускалі машыны. Там усе круцяцца, ціснуцца, бегаюць, як ненармальныя, каб зарабіць. Якімі заўгодна сродкамі. Хтосьці правозіў кантрабанду, што і адкуль — не скажу, хлусіць не буду. Наркотыкі ці… Але ўсё ў іх было дамоўлена. Аплочана. Гэта была машына «Ніва»… усе нейкую «Ніву» ўспамінаюць… А Алеська заўпарцілася… чамусьці яна гэтую машыну не прапускала… І ў яе стрэлілі. Перакрыла яна вялікія грошы, камусьці перашкодзіла. Нібыта да гэтай справы датычны высокі чын…

І мая мама сніла «Ніву»… Да варажбіткі пайшла я… паклала на стол вось гэты фотаздымак… (Паказвае.) «Бачу — сказала яна, — нейкую «Ніву»…

…Разгаварылася з адной жанчынай… Яна — медсястра. Не ведаю, якая яна была, калі паехала ў Чачню, можа, вясёлая. А цяпер — злосная, як і я, злосная. Цяпер шмат людзей пакрыўджаных, яны маўчаць, але яны пакрыўджаныя. Усе марылі выйграць у новага жыцця, а мала хто выйграў, выцягнуў шчаслівы білецік… Ніхто не рыхтаваўся зваліцца на дно. З крыўдай цяпер людзі жывуць, у многіх крыўда. (Маўчыць.) А можа, і Алеська б іншая прыехала… незнаёмая… У-у-у… (Маўчыць.) Гэтая жанчына была са мною шчырая…

«…Па рамантыку ехала! З мяне доўга ўсе там хіхікалі. А калі шчыра — праз няшчаснае каханне ўсё дома пакінула. Мне было ўсё роўна — чачэнец мяне застрэліць ці я ад тугі памру.

…Хто з трупамі не сутыкаўся, думае, што яны маўчаць. Ціхія. А там увесь час нейкія гукі. Дзесьці паветра выйшла, дзесьці костка ўнутры хруснула. Нейкі шоргат. Звар’яцець можна… …Я не бачыла там мужчын, якія не п’юць і не страляюць. Нап’юцца і лупяць — куды хочаш. Навошта? Ніхто не адкажа.

…Ён быў хірургам… Я думала: у нас каханне. Перад тым, як нам вяртацца дадому, ён мне заявіў: «Не тэлефануй і не пішы. Калі дома гуляць, то з прыгожай жанчынай, з якой не сорамна трапіць на вочы жонцы». Я — не прыгажуня. Але мы з ім па трое сутак у аперацыйнай стаялі. Гэта такое адчуванне… мацнейшае за каханне…

…Я цяпер мужчын баюся… З тымі, хто прыйшоў з вайны, я нічога не магу… Казлы яны! Усе казлы! Збіралася дадому… і тое хачу з сабой узяць, і гэта… Магнітафон, дыван… «А я, — сказаў начальнік шпіталя, — усё тут пакіну. Не хачу везці вайну дадому». Мы вайну не з рэчамі, а ў душы прывезлі…»

Перадалі нам Алесьчыны рэчы: бушлат, спаднічку… Аддалі залатыя завушніцы, ланцужок. У кішэні бушлата ляжалі арэшкі і дзве маленькія шакаладкі. Да свята, да Раства, відаць, збірала і хацела з кім-небудзь дадому перадаць. Горка мне, горка…

Ну, напішаце вы праўду… А каму ад гэтага страшна? Улада, яна цяпер недаступная… Адно нам засталося: стрэльба і забастоўка. Легчы на рэйкі. Але няма лідара… людзі даўно падняліся б… Пугачова няма! Калі мне дадуць зброю, я ведаю, у каго страляць… (Паказвае газету.) Чыталі? Ёсць турыстычны тур у Чачню. На ваенных верталётах вязуць і паказваюць разбураны Грозны, спаленыя вёскі. Там вайна і будаўніцтва ідуць адначасна. Страляюць і будуюць. І паказваюць. Мы яшчэ плачам, а хтосьці ўжо гандлюе нашымі слязьмі. Страхам. Гандлююць, як нафтай.

Праз некалькі дзён мы зноў сустрэліся.

Раней я разумела нашае жыццё… тое, як мы жылі… А цяпер не разумею… не…

ПРА ЦЕМРУ ХІТРУЮ І «ІНШАЕ ЖЫЦЦЁ, ЯКОЕ МОЖНА ЗРАБІЦЬ З ГЭТАГА»

Алена Раздуева — рабочая, 37 гадоў

Для гэтай гісторыі я доўга не магла знайсці сабе «правадніка», апавядальніка або суразмоўцу, — нават не ведаю, як мне называць тых, хто дапамагае мне падарожнічаць па чалавечых космасах. Па нашым жыцці. Усе адмаўляліся: «гэты выпадак — для псіхіятра», «праз свае хворыя фантазіі маці кінула траіх дзяцей — тут суд мусіць разбірацца, а не пісьменнік». — «А Медэя? — пыталася я. — Як жа Медэя, якая забіла ўласных дзяцей у імя кахання?» — «Гэта — міф, а ў вас рэальныя людзі». Але рэальнасць — гэта не гета для мастака. Гэта таксама свабодны свет.

Потым я даведалася, што пра маю гераіню ўжо зняты фільм «Пакуты» (студыя «Фішка-фільм»). Мы сустрэліся з рэжысёрам фільма Ірынай Васільевай. Размаўлялі, пракручвалі касету з фільмам, зноў размаўлялі.