Выбрать главу

з аповеду кінарэжысёра Ірыны Васільевай

— Мне распавялі… І мне гэтая гісторыя не спадабалася, я спалохалася. Мяне пераконвалі, што гэта будзе найвыдатнейшы фільм пра каханне, трэба ехаць і неадкладна здымаць. Вельмі руская гісторыя! Жанчына, у якой муж і трое дзяцей, закахалася ў зэка, ды яшчэ ў «вечніка», асуджанага за асабліва жорсткае забойства на пажыццёвае зняволенне, дзеля яго яна кінула ўсё — мужа, дзяцей, дом. Але нешта мяне спыняла…

На Русі катаржнікаў спакон веку любяць — яны грэшнікі, але і пакутнікі таксама. Ім патрэбны падтрымка і суцяшэнне. Цэлая культура шкадавання, яна дбайна захоўваецца, асабліва ў вёсках і мястэчках. Там жывуць простыя жанчыны, у іх няма інтэрнэту, але яны карыстаюцца поштай. Старажытным спосабам. Мужчыны п’юць, ладзяць бойкі, а яны сядзяць вечарамі і пішуць адна адной лісты, там, у гэтых канвертах, немудрагелістыя гісторыі жыцця і лухта ўсялякая — які-небудзь фасончык, рэцэпцік, і напрыканцы абавязкова будуць адрасы зняволеных. У кагосьці брат сядзіць, паведаміў пра таварышаў, у каго сусед або аднакласнік. Перадаюць па сарафанным радыё… Абрабаваў, пагуляў, сеў у турму — выйшаў і зноў сеў. Звычайная гісторыя! У вёсках, як паслухаеш, палова мужчынаў ці ўжо сядзела, ці яшчэ сядзіць. А мы ж хрысціяне, мусім дапамагаць няшчасным. Ёсць жанчыны, якія выходзяць замуж за гэтых шматразовых сядзельцаў і нават забойцаў. У мяне няма пагарды, каб узяць і растлумачыць вам, што гэта такое… Гэта складана… Але ў мужчынаў нюх на гэтых кабет. Часцей за ўсё гэта жанчыны з няўдалым лёсам, якія не рэалізавалі сябе. Самотныя. А тут яны адразу робяцца патрэбнымі, кімсьці апякуюцца. Адзін са спосабаў нешта змяніць у сваім жыцці. Лекі нейкія… У рэшце рэшт, мы ўсё ж такі паехалі здымаць фільм. Мне захацелася расказаць, што ў наш прагматычны век ёсць людзі, у якіх іншая логіка існавання. І якія яны безабаронныя… Мы шмат гаворым пра свой народ. Адны яго ідэалізуюць, а іншыя лічаць быдлам. Саўком. А на самой справе, мы яго не ведаем. Паміж намі бездань… Я заўсёды здымаю гісторыю, у кожнай гісторыі шмат усяго. Там заўсёды ёсць дзве галоўныя рэчы — каханне і смерць.

Гэта ў Калужскай вобласці, у глухой вёсачцы… Едзем туды… Гляджу ў акно: усё бясконцае — і палі, і лес, і неба. На пагорках бялеюць храмы. Сіла і спакой. Нешта старадаўняе. Едзем, едзем… З магістралі збочылі на звычайную шашу… О-о-о! Рускія дарогі — эксклюзіў, не кожны танк, бывае, праедзе. Дзве-тры ямкі на кожныя тры метры, гэта яшчэ добрая дарога. А паабапал — вёскі… Крывыя, касыя хаты з паламанымі платамі, па вуліцах сноўдаюцца куры і сабакі. З раніцы ўжо чарга алкаголікаў каля зачыненай яшчэ крамы. Усё да спазму ў горле знаёмае… У цэнтры як стаяў, так і стаіць гіпсавы помнік Леніну… (Маўчыць.) Быў час… ужо не верыцца, што ён быў, і што мы такія былі… Калі прыйшоў Гарбачоў, усе мы бегалі ашалелыя ад радасці. Жылі ў марах, у ілюзіях. Адводзілі душу на кухнях. Праглі новай Расіі… Праз дваццаць гадоў да нас дайшло: а скуль яна возьмецца? Яе не было і няма. Нехта ўсё ж заўважыў: за пяць гадоў у Расіі можа памяняцца ўсё, а за дзвесце — нічога. Абшары неабсяжныя, і пры гэтым псіхалогія рабская… На маскоўскіх кухнях Расію не пераробіш. Герб вярнулі царскі, а гімн застаўся сталінскі. Масква руская… капіталістычная… А Расія як была, так і засталася савецкай. Там дэмакратаў у вочы не бачылі, а калі б убачылі, то разарвалі б. Большасць хоча пайку і правадыра. Танная палёная гарэлка цячэ ракой… (Смяецца.) Я адчуваю, што мы з вамі з «кухоннага» пакалення… Пачалі гаварыць пра каханне, а праз пяць хвілін ужо абмяркоўваем, як уладкаваць Расію. Ну а Расіі да нас справы няма, яна жыве сваім жыццём…

П’яненькі мужычок паказаў, дзе жыве нашая гераіня. Выйшла з хаты… Адразу мне спадабалася. Сінія-сінія вочы, постаць такая… Можна сказаць, прыгажуня. Руская прыгажуня! Такая жанчына будзе зіхацець і ў беднай сялянскай хаце, і ў шыкоўнай маскоўскай кватэры. І ўявіце сабе, яна нявеста нейкага забойцы, мы яго яшчэ не бачылі, у яго пажыццёвы тэрмін, ён хворы на сухоты. Пачула, навошта мы прыехалі, — смяецца: «Гэта мой серыял». Я хаджу і думаю, як мне сказаць, што мы будзем яе здымаць. А раптам яна баіцца камеры? А яна мне кажа: «Я такая дурніца, што кожнаму сустрэчнаму-папярэчнаму сваю гісторыю расказваю. Адны плачуць, іншыя праклінаюць. Калі хочаце, я і вам раскажу…» Расказвае…

пра каханне

— Я не збіралася замуж, але марыла, вядома. Мне было васямнаццаць гадоў. Ён! Ён! Якім будзе ён? Аднойчы ўбачыла сон: я іду па лузе да ракі, яна ў нас за вёскай, і наперадзе раптам з’яўляецца высокі прыгожы хлопец. Бярэ мяне за руку і кажа: «Ты — мая нявеста. Мая нявеста перад Богам». Прачнулася і думаю: трэба не забыцца на яго… на ягоны твар… Ён у мяне ў памяці застаўся, як праграма нейкая. Год прайшоў… два… я такога хлопца не сустракаю. А да мяне доўга заляцаўся Лёша, ён быў шавец. Зваў замуж. Я яму шчыра адказвала, што я яго не кахаю, а кахаю і чакаю таго хлопца, якога бачыла ў сне. Калі-небудзь я яго сустрэну, не можа быць, каб я яго не сустрэла, проста немагчыма. Лёша смяяўся… і тата з мамай смяяліся… пераканалі мяне, што трэба выйсці замуж, а каханне потым з’явіцца.