Выбрать главу

— Вось яна такая… — працягвае Іра Васільева. — Імгненны, імклівы чалавек… У яе ўнутры кіпіць, ёй усяго хочацца, хутчэй. Усё празмерна, б’е цераз край. Мне суседзі распавядалі… Ішлі праз вёску таджыкскія ўцекачы, у іх вельмі шмат дзяцей, яны галодныя, распранутыя, дык яна вынесла ім з хаты ўсё, што магла: коўдры, падушкі… лыжкі… «У нас задужа ўсё добра, а ў людзей нічога няма». А ў самой у хаце: стол, зэдлікі… Можна сказаць, галеча.

Харчуюцца з агарода — бульба, кабачкі. П’юць малако. «Нічога, — супакойвала яна мужа і дзяцей, — увосень дачнікі з’едуць, пакінуць нам што-небудзь». Там летам жывуць масквічы, мясціны ж цудоўныя, шмат мастакоў, артыстаў, усе кінутыя хаты раскупленыя. За дачнікамі падбіраюць усё, аж да поліэтыленавых пакетаў. Вёска гарапашная, адны старыя… співаюцца… Яшчэ быў выпадак… У сяброўкі нарадзілася дзіцятка, а халадзільніка няма. Лена аддала ім свой: «У мяне дзеці ўжо выраслі, а тут немаўля». Усё! Забірай! У чалавека нічога няма, а атрымліваецца — шмат што можна аддаць. Гэта той рускі тып… той рускі чалавек, пра якога Дастаеўскі пісаў, што ён шырокі, як руская зямля. Не змяніў яго сацыялізм, не зменіць і капіталізм. Ні багацце, ні беднасць. Сядзяць пад крамай мужыкі, «саабразілі» на траіх. За што п’юць? Тост: «Севастопаль — рускі горад! Севастопаль будзе наш!». Ганарацца, што рускі можа выпіць літр гарэлкі і не ачмурэць. Пра Сталіна памятаюць адно, што пры ім былі яны пераможцамі… Усё гэта хацелася зняць… Я сама сябе спыняла, баялася, што куды-небудзь уцягне так, што не выкараскаешся… Кожны лёс — галівудская гісторыя! Гатовы сюжэт для фільма. Напрыклад, пра ейную сяброўку Іру… Былая настаўніца матэматыкі, яна пайшла са школы, ад жабрацкай зарплаты. У яе трое дзяцей, яны прасілі: «Матуля, пойдзем да хлебазавода. Панюхаем хлеба». Хадзілі ўвечары, каб людзі не бачылі. Цяпер Іра працуе на хлебазаводзе, як і Лена, і яна радая, што яе дзеці хоць бы хлеба ўдосталь паядуць. Крадуць… Усе там крадуць, толькі дзякуючы гэтаму выжываюць. Жыццё жахлівае, нечалавечае, а душа жыве. Паслухалі б вы, што гэтыя жанчыны гавораць… Не паверылі б! Яны гавораць пра каханне. Без хлеба можна пражыць, а без кахання — ніяк… канец… Іра чытала лісты, якія прыходзілі Лене ад яе зэка, і сама загарэлася. Знайшла ў бліжэйшай турме нейкага мазурыка. Той неўзабаве вызваліўся… Далей гісторыя развівалася па законах трагедыйнага жанру… Клятвы ў каханні да скону. Вяселле. Адразу гэты Толя… Талян… запіў. У Іры ўжо было трое дзяцей, яна яшчэ дваіх ад яго нарадзіла. Ён буяніць, ганяе яе па вёсцы, а раніцай працверазее і б’е сябе ў грудзі. Каецца. Іра… яна таксама прыгажуня! Разумніца! Але ўсё роўна мужык наш так створаны, што ён — цар звяроў…

А цяпер трэба распавесці вам пра Юру… Гэта муж Лены… У вёсцы яго называюць «пастух-чытальнік», ён пасвіцвы кароў і чытае. Я бачыла ў яго шмат кніг рускіх філосафаў. З ім можна пагаварыць пра Гарбачова і пра Мікалая Фёдарава, пра перабудову і пра чалавечую бессмяротнасць… Іншыя мужчыны п’юць, а ён чытае. Юра — летуценнік… сузіральнік па натуры… Лена ганарыцца, што ён крыжаванкі вокамгненна разгадвае. Але Юра маленькага росту… У дзяцінстве ён вельмі хутка рос… Калі ён быў у шостым класе, мама павезла яго ў Маскву. Там яму зрабілі нейкі няўдалы ўкол у хрыбет. І ён зусім перастаў расці — адзін метр пяцьдзясят сантыметраў. Праўда, прыгожы мужчына. Але побач з жонкай ён — карлік. У фільме мы стараліся, каб гледачы гэтага не заўважылі, я прасіла, умольвала аператара: «Богам прашу, прыдумай што-небудзь!» Нельга было даць абываталю простую разгадку — ад карліка яна пайшла да прыгажуна-супермена. Звычайная баба! А Юра… ён мудры, ён ведае, што ў шчасця шмат адценняў. Ён згодны, каб Лена была побач з ім на любых умовах, няхай яна ўжо не жонка, але сябар. З лістамі з казённага дома да каго яна бяжыць? Да яго… Разам гэтыя лісты чытаюць… У Юры сэрца крывёй абліваецца, але ён слухае… Каханне доўга трывае… каханне не зайздросціць… не наракае і не задумвае злога… Усё, вядома, не так прыгожа, як я цяпер расказваю… Іх жыццё — не ружовая бурбалка… Юра хацеў застрэліцца… сысці куды вочы глядзяць… Там былі рэальныя сцэны з крывёю і плоццю. Але Юра яе кахае…

пра сузіранне