Выбрать главу

— Дзяўчаткі, гэта такое каханне! Як у кіно!

— Пайшла замуж за забойцу, а добрага мужа пакінула. Потым жа дзеці ў яе… трое малых… А квіток узяць… Ёй жа на край свету да яго трэба ехаць — дзе яна гэтыя грошы бярэ? Яна ўвесь час у дзяцей кавалак забірае. Зойдзе ў краму, і ў яе праблема: купіць ім булачку ці не купіць?

— Жонка хай баіцца мужа свайго… Яны ўдваіх ідуць да Хрыста. А проста так… так проста — навошта? Калі без гэтай мэты, то навошта?

— Без мяне, кажа Гасподзь, вы не можаце ствараць. А яна спрабуе ствараць уласным розумам. Гардыня гэта. Там, дзе няма пакоры, заўсёды ёсць нейкая іншая сіла. Д’ябал спрыяе.

— Ёй трэба ў манастыр, шукаць шлях да выратавання. Чалавек ратуецца ў журбе. Журбу трэба нават шукаць…

Працягваем нашую размову з Ірай Васільевай:

— Я ў яе таксама пыталася: «Лена, ты разумееш, што ў цябе будуць толькі два спатканні ў год?» — «Ну і што? Мне хопіць. Я буду з ім у думках. У пачуццях».

Ехаць да яго трэба далёка на Поўнач. На Агнявы востраў. У чатырнаццатым стагоддзі вучні Сергія Раданежскага ішлі і абжывалі паўночныя лясы. Прадзіраючыся праз гушчар, яны ўбачылі возера, а пасярэдзіне возера — агнявыя языкі. Гэта дух ім так з’явіўся. Вазілі зямлю на лодках… Насыпалі на гэтым месцы востраў і пабудавалі на ім манастыр. Таўшчыня сценаў паўтара метра. У гэтым старажытным манастыры цяпер турма для найстрашнейшых забойцаў. Для «смяротнікаў». На дзвярах кожнай камеры вісіць шыльда з ліхадзействамі злачынцы: зарэзаў нажом Аню, шэсць гадоў… Насцю, дванаццаць

гадоў… Прачытаеш — вусцішна робіцца, а зойдзеш туды — быццам бы звычайны чалавек з табой вітаецца. Цыгарэту просіць, і ты даеш.

«Што там на волі? Тут мы не ведаем нават, якое там надвор’е». Жывуць у камені. Вакол лясы і балоты. Ніхто ні разу не ўцёк…

Упершыню Лена прыехала туды, не думаючы пра тое, што спатканне могуць не дазволіць. Пастукала ў акенца, ніхто нават слухаць яе не стаў: «Вунь начальнік турмы ідзе. Размаўляйце з ім». Яна кінулася да начальніка: «Дазвольце мне спатканне» — «З кім?» — «Я да Валодзі Падбуцкага прыехала». — «Хіба вам невядома, што тут сядзяць вельмі небяспечныя злачынцы? У іх вельмі суровы рэжым: два спатканні ў год па тры дні і тры кароткачасовыя — па дзве гадзіны. Пускаем толькі бліжэйшых сваякоў: маці, жонку, сястру. А вы — хто яму?» — «Я яго кахаю». Ну ўсё зразумела, клініка. Начальнік хоча сысці, а яна трымае яго за гузік: «Разумееце, я яго кахаю». — «Вы абсалютна чужы яму чалавек». — «Тады дайце мне проста зірнуць на яго». — «А вы што, яго не бачылі?» Ужо ўсім смешна, тут і ахоўнікі падышлі, што за дурніца такая? Ха-ха… А яна давай ім распавядаць пра сон, які ёй прысніўся ў васямнаццаць гадоў, пра мужа і траіх дзяцей і пра тое, што яна ўсё жыццё кахае гэтага чалавека. Яе шчырасць і чысціня кожную сцяну прабіваюць. Побач з ёй чалавек усведамляе, што нешта не так у ягоным правільным жыцці — ён грубы, і слых яго не тонкі. Начальнік турмы не малады мужчына, праца ў яго такая… усяго пабачыў… І ён спачувае: «Калі вы прыехалі з такой далечыні, я дам вам шэсць гадзін на сустрэчу, але з вамі будзе ахоўнік». — «Хоць два! Я ўсё роўна нікога апроч яго бачыць не буду…» Усё, што ёсць у ёй празмернага, максімалісцкага, яна выліла на гэтага Валодзю: «Ты разумееш, якая я шчаслівая… Я ўсё жыццё цябе чакала, і нарэшце мы разам». Той, вядома, быў да гэтага не падрыхтаваны. Да яго ўжо ездзіць нейкая баптыстка, у яго з ёй раман. Там усё зразумела — звычайная маладая баба з няўдалым лёсам. Ёй мужык патрэбны, штамп у пашпарце, што яна замужам. Тут жа такі напор, такі парыў! Калі цябе вось так хочуць захапіць, кожны спалохаецца. У яго ў мазгах зашкальвала… «Я прашу цябе, — кажа Лена, — дазволь мне выйсці за цябе замуж. Каб мяне да цябе пускалі, і я магла цябе бачыць. Больш мне нічога не трэба». — «Дык ты ж замужам?» — «А я развядуся. Я аднаго цябе кахаю». У яе з сабой была сумка ягоных лістоў, размаляваных верталёцікамі, кветачкамі. Яна ні на хвіліну не магла з імі разлучыцца. Гэта апагей ейнага

шчасця, бо яна ўсё жыццё хацела абсалюту, а абсалют можа існаваць толькі ў пісьмовым выглядзе, толькі на паперы можа быць поўная рэалізацыя. На зямлі, у ложку гэтага няма. Там абсалюту не знайсці. Усё, што звязана з іншымі людзьмі: сям’я, дзеці — гэта кампраміс… Як быццам нехта ёю кіруе… Што за сіла? Якая прырода гэтага сну?

…Мы таксама наведалі Агнявы востраў. Для гэтага спатрэбілася шмат папераў і дазволаў з круглымі пячаткамі. Тэлефанаванняў. Прыехалі… А Валодзя сустрэў нас варожа: «Навошта гэтае шоу?» Шмат гадоў ён пражыў у адзіноце, адвык ад людзей. Стаў падазроным, не давяраў нікому. Добра, што з намі была Лена, яна брала яго за руку: «Валодзечка». І ён рабіўся паслухмяным. Разам мы яго ўгаварылі, а можа, ён сам падумаў, хлопец кемлівы: праз дваццаць пяць гадоў у выключных выпадках бывае амністыя; калі здымуць фільм, ён будзе мясцовай знакамітасцю, гэта яму потым дапаможа… Там усе яны хочуць жыць… там не любяць размаўляць пра смерць…