Выбрать главу

Адзін з гэтых фільмаў пра Лену Раздуеву. Ёсць у мяне нататнік з запісамі. Нешта накшталт сцэнарыя фільма, якога не будзе…

…Яна пакутуе з-за таго, што гэта робіць, але не рабіць не можа.

…Прайшло некалькі гадоў, перш чым яна наважылася ўзяць і прачытаць ягоную справу. Але яна не спалохалася: «Гэта нічога не адмяняе, усё роўна я яго кахаю. Цяпер я ягоная жонка перад Богам. Ён забіў чалавека, бо тады мяне не было побач з ім. Мне трэба ўзяць яго за руку і вывесці адтуль…»

…Там жа, на Агнявым востраве, сядзіць былы раённы пракурор, які засек разам з братам сякерай дзвюх жанчын — бухгалтара і касіра. Піша кнігу пра сябе. Нават на шпацыр не выходзіць, шкада часу. Укралі яны зусім невялікую суму грошай. Навошта? Не ведае… Ці слесар, які забіў жонку і дваіх дзяцей… Нічога, акрамя гаечнага ключа, у руках да гэтага не трымаў, а цяпер уся турма абвешаная яго карцінамі. Кожны з іх абцяжараны сваімі дэманамі, хоча выгаварыцца. Забойства для катаў такая ж таямніца, як і для ахвяраў…

…Падслуханая там размова… «Ты думаеш, што Бог ёсць?» — «Калі Ён ёсць, то смерць — гэта яшчэ не канец. Я не хачу, каб Ён быў».

…Што гэта — каханне? Валодзя — высокі, прыгожы, а Юра — карлік… Прызналася мне, што як мужчына Юра нават больш яе задавальняе… Толькі яна павінна… Вось муж у яе такі, з ім бяда здарылася. Трэба трымаць яго за руку…

…Па першым часе яна жыла ў вёсцы з дзецьмі. Два разы на год ездзіла на спатканне. Ён стаў патрабаваць, каб яна кінула ўсіх і паехала да яго: «Ты мне здраджваеш, я адчуваю, што ты мне здраджваеш». — «Валодзечка, як я пайду ад дзяцей? Мацвейка зусім маленькі, я яшчэ фізічна яму патрэбна». — «Ты хрысціянка… Ты павінна быць пакорлівай, слухацца мужа». Завязала чорную хустку і жыве побач з турмой. Працы няма, але бацюшка ў мясцовай царкве даў прытулак. Прыбірае там. «А Валодзя побач… Я чую… чую, што ён побач… «Ты не бойся, — пішу яму, — я з табой…» Ужо сем гадоў яна піша яму кожны дзень…

…Як толькі пабраліся шлюбам, Валодзя стаў патрабаваць, каб яна пісала ва ўсе інстанцыі: ён шматдзетны бацька, яму трэба клапаціцца пра дзяцей. Гэта ягоны шанец вырвацца на волю. А Лена чыстая… Сядзе пісаць, і не можа: «Ён жа чалавека забіў. Цяжэйшага граху няма». Тады ён учыняе ёй дзікія скандалы. Яму іншая жанчына патрэбна. Багацейшая і з сувязямі. Гэтая прыдуркаватая яму ўжо надакучыла…

…Сеў ён у васямнаццаць гадоў… Тады яшчэ быў Савецкі Саюз і савецкае жыццё. І савецкія людзі. Быў сацыялізм. Ён уяўлення не мае, што за краіна цяпер. Калі ён выйдзе, як ён грымнецца аб гэтае новае жыццё! Як яно яго ўдарыць — прафесіі няма, родныя адвярнуліся. А ён — злосны. Аднойчы ў турме паспрачаўся з напарнікам і ледзь горла яму не перагрыз. Лена разумее, што ёй трэба будзе павезці яго куды-небудзь далей ад людзей. Яна марыць, што яны будуць працаваць у лясгасе. Жыць у лесе. Як яна кажа, сярод дрэваў і маўклівых звяроў…

…Не раз яна мне казала: «Вочы ў яго сталі такія халодныя, такія пустыя. Калі-небудзь ён мяне заб’е. Я ведаю, з якімі вачыма ён будзе мяне забіваць». Але яе цягне туды, яе бездань гэтая прыцягвае. Чаму? Хіба я сама не заўважала ў сабе гэтых праяваў? Да цемры цягне…

…У апошні раз, калі мы сустрэліся, я пачула ад яе: «Не хачу жыць! Больш не магу!» Яна была нібы ў коме — ні жывая, ні мёртвая…

Вырашаем паехаць да Лены разам. Але яна раптам знікла. Не адгукаецца. Ходзяць чуткі, што цяпер яна жыве ў глухім манаскім скіце. З наркаманамі, хворымі на СНІД… Шмат хто там дае зарок маўчання.

ПРА МУЖНАСЦЬ І ПАСЛЯ ЯЕ

Таня Куляшова — студэнтка, 21 год

хроніка падзей

19 снежня ў Беларусі адбыліся прэзідэнцкія выбары. Сумленных выбараў ніхто не чакаў, вынік быў загадзя вядомы: пераможа прэзідэнт Лукашэнка, які кіруе краінай ужо шаснаццаць гадоў. У сусветнай прэсе з яго смяюцца: «бульбяны дыктатар», «сусветны моська», але ўласны народ апынуўся ў яго ў закладніках. Апошні дыктатар Еўропы… Ён не хавае сваіх сімпатый да Гітлера, таго таксама доўга не ўспрымалі сур’ёзна і называлі «капральчыкам» і «багемскім яфрэйтарам».

Увечары на Кастрычніцкую плошчу (галоўная плошча Мінска) выйшлі дзясяткі тысяч людзей, пратэстуючы супраць фальсіфікацыі выбараў. Дэманстранты патрабавалі прызнаць несапраўднымі абвешчаныя вынікі і правесці новыя выбары без Лукашэнкі. Мірная акцыя пратэсту была жорстка разагнаная спецназам і АМАПам. У лясах каля сталіцы стаялі напагатове войскі…