Усяго было арыштавана 700 дэманстрантаў, сярод іх — сем экскандыдатаў у прэзідэнты, на якіх яшчэ распаўсюджвалася недатыкальнасць…
Пасля выбараў беларускія спецслужбы працуюць дзень і ноч. Па ўсёй краіне пачаліся палітычныя рэпрэсіі: арышты, допыты, ператрусы на кватэрах, у рэдакцыях апазіцыйных газет і офісах праваабарончых арганізацый, канфіскацыя камп’ютараў і іншай аргтэхнікі. Шмат каму з тых, хто сядзіць у ізалятары на Акрэсціна і ў турме КДБ, пагражае ад 4 да 15 гадоў турмы за «арганізацыю масавых беспарадкаў» і «спробу дзяржаўнага перавароту» — так сёння беларуская ўлада класіфікуе ўдзел у мірнай акцыі пратэсту. Баючыся пераследу і ўмацавання дыктатуры, сотні людзей бягуць з краіны…
хроніка пачуццяў
«…ішлі весела, ішлі несур’ёзна»
Прозвішча я называю не сваё, а маёй бабулі. Я баюся… вядома… Усе чакаюць нейкіх герояў, а я не гераіня. Я да гэтага не рыхтавалася. У турме я думала толькі пра маму, пра тое, што ў яе хворае сэрца. Што будзе з ёй? Хай мы пераможам, пра гэта напішуць у падручніках па гісторыі… А слёзы нашых сваякоў? Іх пакуты? Ідэі — магутная рэч, страшная, гэта сіла нематэрыяльная, яе нельга ўзважыць. Няма вагі… гэта іншая матэрыя… Нешта становіцца важнейшым за маму. Ты мусіш выбіраць. А ты не падрыхтаваная… Цяпер я ведаю, што такое ўвайсці ў свой пакой, калі кадэбісты пакорпаліся ў тваіх рэчах, кнігах… прачыталі твой дзённік… (Маўчыць.) Збіралася сёння да вас, і тут патэлефанавала мая мама, я сказала ёй, што сустракаюся з вядомай пісьменніцай, яна стала плакаць: «Маўчы. Нічога не расказвай». Падтрымліваюць мяне незнаёмыя людзі, а родныя, блізкія — не. Але яны любяць мяне…
Перад мітынгам… Збіраліся вечарам у інтэрнаце і спрачаліся. Пра жыццё і на гэтую тэму: хто ідзе на мітынг — хто не ідзе? Узгадаць гэта? Пра што гаварылі? Прыкладна так…
— Пойдзеш?
— Не пайду. Адлічаць з інстытута і заграбуць у войска. Буду бегаць з аўтаматам.
— А мяне, калі выганяць, бацька адразу аддасць замуж.
— Годзе балбатаць, час нешта рабіць. Калі ўсе будуць баяцца…
— Ты хочаш, каб я стаў Чэ Геварам? (Гэта словы майго ужо былога бой-фрэнда, я пра яго таксама скажу.)
— Глыток свабоды…
— Я пайду, таму што надакучыла жыць пры дыктатуры. Трымаюць нас за быдла без мазгоў.
— Ну, а я не герой. Хачу вучыцца, кніжкі чытаць.
— Анекдот пра «саўка»: злосны, як сабака, а маўчыць, як рыба.
— Я маленькі чалавек, ад мяне нічога не залежыць. Я ніколі не хаджу на выбары.
— Я рэвалюцыянер… я пайду… Рэвалюцыя — кайф.
— Якія ў цябе рэвалюцыйныя ідэалы? Новая светлая будучыня — капіталізм? Няхай жыве лацінаамерыканская рэвалюцыя!
— У шаснаццаць гадоў я асуджаў бацькоў, яны ўвесь час чагосьці баяліся, бо ў таты кар’ера. Я думаў: яны дурні, а мы — крутыя такія! Мы выйдзем! Мы скажам! Цяпер я такі ж, як яны, канфарміст. Сапраўдны канфарміст. Паводле тэорыі Дарвіна, выжываюць не моцныя, а найбольш прыстасаваныя да асяроддзя. Выжывае пасрэднасць і працягвае род.
— Пайсці туды — значыць быць дурнем, не пайсці — яшчэ горш.
— Хто вам, тупым баранам, сказаў, што рэвалюцыя — гэта прагрэс? Я — за эвалюцыю.
— Мне што «белыя», што «чырвоныя»… Усё пофіг!
— Я — рэвалюцыянер…
— Няма сэнсу! Прыедуць ваенныя машыны з лысымі мальцамі, і ты атрымаеш па галаве дубцом, вось і ўсё. Улада павінна быць жалезнай.
— Пайшоў ён на х…й, таварыш маўзер. Я нікому не абяцаў быць рэвалюцыянерам. Хачу скончыць інстытут і пачаць свой бізнес.
— Выбух мозгу!
— Страх — гэта хвароба…
Ішлі весела, ішлі несур’ёзна. Шмат смяяліся, спявалі песні. Усе страшэнна падабаліся адно аднаму. Прыўзняты быў настрой. Хто з плакатам ідзе, хто з гітарай. Сябры тэлефанавалі нам на мабільнікі і паведамлялі, што пішуць у інтэрнэце. Мы былі ў курсе… Так даведаліся: двары ў цэнтры горада запоўненыя вайсковай тэхнікай з салдатамі і міліцыяй. Да горада падышлі войскі… У гэта верылася і не верылася, настрой вагаўся, але страху ніякага не было. Раптам страх знік. Ну па-першае, вунь колькі людзей… Дзясяткі тысяч! Вельмі розныя людзі. Ніколі нас не было так шмат. Я не памятаю… А па-другое, мы ў сябе дома. У рэшце рэшт, гэта наш горад. Наша краіна. У Kанстытуцыі запісаныя нашы правы: свабода сходаў, мітынгаў, дэманстрацый, шэсцяў… Свабода слова… Ёсць законы! Першае непалоханае пакаленне. Нябітае. Нестралянае. А калі пасадзяць на пятнаццаць сутак? Хай сабе! Будзе пра што напісаць у ЖЧ. Няхай улада не думае, што мы статак, які бяздумна сунецца за пастухом! Замест мазгоў у нас тэлевізар. На ўсялякі выпадак у мяне быў з сабою кубак, таму што я ўжо ведала: у турэмнай камеры адзін кубак на дзесяць чалавек. Яшчэ паклала ў заплечнік цёплы швэдар і два яблыкі. Ішлі і фатаграфавалі адно аднаго, каб запомніць гэты дзень. У калядных масках, са смешнымі заечымі вушкамі, якія свяціліся… Кітайскія такія цацкі. Каляды неўзабаве… Ішоў снег… Якая ж прыгажосць! П’яных не бачыла ніводнага. Калі ў каго-небудзь з’яўлялася ў руках бляшанка піва, яе тут жа адбіралі і вылівалі. На даху аднаго дома заўважылі чалавека: «Снайпер! Снайпер!» Усе развесяліліся. Яму махалі: «Давай да нас! Скачы!» Клёва так. Раней у мяне апатыя была да палітыкі, я ніколі не думала, што ёсць такія пачуцці, і я магу іх зведаць. Я такое перажывала, толькі слухаючы музыку. Музыка — гэта для мяне ўсё, гэта рэч незаменная. Было вельмі цікава. Са мной побач ішла жанчына… Чаму я не спытала ейнае прозвішча? Вы б пра яе напісалі. Я была занятая іншым — вакол весела, усё новае для мяне. Гэтая жанчына ішла з сынам, яму на выгляд гадоў дванаццаць. Школьнік. Міліцэйскі палкоўнік яе ўбачыў і аблаяў у мегафон ледзь не мацюкамі, што яна дрэнная маці. Вар’ятка. А ўсе сталі ёй і сыну пляскаць у далоні. Спантанна атрымалася, ніхто не дамаўляўся. Гэта так важна… так важна ведаць… Бо нам увесь час сорамна. Ва ўкраінцаў быў Майдан, у грузінаў — «рэвалюцыя ружаў». А з нас смяюцца: Мінск — камуністычная сталіца, апошняя дыктатура Еўропы. Цяпер я жыву з іншым пачуццём: мы выйшлі. Не пабаяліся. Гэта галоўнае… гэта найгалоўнейшае…