Выбрать главу

У камуністаў майго пакалення мала было агульнага з Паўкам Карчагіным. З першымі бальшавікамі з партфелямі ды рэвальверамі. Ад іх засталася толькі ваенная лексіка: «салдаты партыі», «працоўны фронт», «бітва за ўраджай». Мы ўжо не адчувалі сябе салдатамі партыі, мы былі служачыя партыі. Клеркі. Існаваў такі абрад — светлая будучыня: у актавай зале вісеў партрэт Леніна, у кутку стаяў чырвоны сцяг. Абрад… рытуал… Салдаты былі ўжо непатрэбныя, патрабаваліся выканаўцы: «давай-давай», а не — дык «партбілет на стол». Загадалі — выканаў. Зрабіў справаздачу. Партыя не ваенны штаб, а апарат. Машына. Бюракратычная машына. Гуманітарыяў на службу бралі рэдка, партыя ім не давярала з часоў Леніна, які пісаў пра інтэлігенцкае саслоўе: «не мозг, а гаўно нацыі». Такіх, як я, было мала. Філолагаў. Кадры кавалі з інжынераў, заатэхнікаў, з тых, чыя спецыяльнасць — машыны, мяса і збожжа, а не чалавек. Кузні партыйных кадраў — сельскагаспадарчыя інстытуты. Патрэбныя былі дзеці рабочых і сялянаў. З народу. Даводзілі да абсурду: ветэрынара, напрыклад, маглі ўзяць на партыйную працу, а ўрача-тэрапеўта — наўрад. Не сустракала там ні лірыкаў, ні фізікаў. Што яшчэ? Субардынацыя, як у войску… Пад’ём наверх павольны, з прыступкі на прыступку: лектар райкама партыі, затым — загадчык парткабінета… інструктар… Трэці сакратар… другі сакратар… Я ўсе прыступкі за дзесяць гадоў прайшла. Гэта цяпер малодшыя навуковыя супрацоўнікі і загадчыкі лабараторый кіруюць краінай, старшыня калгаса або электрык становіцца прэзідэнтам. Замест калгаса — адразу краіна!

Такое здараецца толькі ў рэвалюцыю… (Пытанне — ці да мяне, ці да сябе.) Не ведаю, як назваць тое, што адбылося ў дзевяноста першым… Рэвалюцыя ці контррэвалюцыя? Ніхто не спрабуе нават растлумачыць, у якой краіне мы жывём. Якая ў нас ідэя, акрамя каўбасы? Што будуем… Ідзём наперад — да перамогі капіталізму. Так? Сто гадоў лаялі капіталізм: пачвара… монстр… А цяпер ганарымся, што ў нас будзе як ва ўсіх. Калі станем як усе, каму мы будзем цікавыя? Народ-баганосец… надзея ўсяго прагрэсіўнага чалавецтва… (Іранічна.) Пра капіталізм ва ўсіх такое ж уяўленне, як нядаўна пра камунізм. Мары! Судзяць Маркса… абвінавачваюць ідэю… Ідэя-забойца! А я абвінавачваю выканаўцаў. У нас быў сталінізм, а не камунізм. А цяпер ні сацыялізму, ні капіталізму. Ні ўсходняй мадэлі, ні заходняй. Ні імперыі, ні рэспублікі. Боўтаемся, як… лепш памаўчаць… Сталін! Сталін! Хаваюць яго… хаваюць… А закапаць ніяк не атрымліваецца. Не ведаю, як у Маскве, а ў нас яго партрэты ставяць пад ветравое шкло ў аўтамабілях. У аўтобусах. Дальнабойшчыкі асабліва яго любяць. У мундзіры генералісімуса… Народ! Народ! А што народ? Народ сам пра сябе сказаў: з яго і дубіна, і абраз. Як з дрэва… Што зробіш, тое і будзе… Гайдаецца нашае жыццё паміж баракам і бардаком. Цяпер маятнік пасярэдзіне… Палова краіны чакае новага Сталіна. Вось прыйдзе ён і парадак будзе… (Зноў маўчыць.) У нас… вядома… у райкаме таксама было шмат размоваў пра Сталіна. Партыйная міфалогія. Яе перадавалі з пакалення ў пакаленне. Усе любілі размовы пра тое, як жылі пры Гаспадары… Сталінскія парадкі былі такія: напрыклад, загадчыкам сектараў ЦК разносілі гарбату з бутэрбродамі, а лектарам — проста гарбату. Увялі пасаду намесніка загадчыка сектара. Як быць? Ім вырашылі падаваць чай без бутэрбродаў, але на белай сурвэтцы. Ужо яны адзначаны… ускараскаліся на Алімп да багоў, да герояў. Цяпер трэба праціснуцца да карыта… Так было і пры Цэзары, і пры Пятры Першым. І так будзе заўсёды. Паглядзіце на сваіх дэмакратаў… Узялі ўладу і адразу ж бегма — куды? Да кармушкі. Да залатой жылы. Кармушка дабіла не адну рэвалюцыю. На нашых вачах… Ельцын змагаўся з прывілеямі і называў сябе дэмакратам, а цяпер любіць, калі яго называюць царом Барысам. Стаў хросным бацькам…