У грамадстве з’явіўся попыт на Савецкі Саюз. На культ Сталіна. Палова маладых людзей ад 19 да 30 гадоў лічыць Сталіна «найвялікшым палітычным дзеячам». У краіне, у якой Сталін знішчыў людзей не менш за Гітлера, новы культ Сталіна?! Зноў у модзе ўсё савецкае. Напрыклад, «савецкія» кавярні — з савецкімі назвамі і савецкімі стравамі. З’явіліся «савецкія» цукеркі і «савецкая» каўбаса — з пахам і смакам, знаёмымі нам з дзяцінства. І вядома, «савецкая» гарэлка. На тэлебачанні дзясяткі перадачаў, а ў інтэрнэце дзясяткі «савецкіх» настальгічных сайтаў. У сталінскія лагеры — на Салаўкі, у Магадан — вы можаце патрапіць турыстам. Рэклама абяцае, што для паўнаты адчуванняў вам выдадуць лагернае адзенне, кірку. Пакажуць адрэстаўраваныя баракі. А напрыканцы арганізуюць рыбалку…
У Расіі адраджаюцца старамодныя ідэі: пра вялікую імперыю, «жалезную руку», «пра адмысловы рускі шлях»… Вярнулі савецкі гімн, ёсць камсамол, толькі ён называецца «Нашы», ёсць партыя ўлады, якая капіруе камуністычную партыю. У Прэзідэнта ўлада, як у Генеральнага сакратара. Абсалютная. Замест марксізму-ленінізму — праваслаўе…
Перад рэвалюцыяй сямнаццатага года Аляксандр Грын напісаў:
«А будучыня неяк перастала стаяць на сваім месцы». Мінула сто гадоў — і будучыня зноў не на сваім месцы. Прыйшоў час second-hand. Барыкада — небяспечнае месца для мастака. Пастка. Там псуецца зрок, звужаюцца зрэнкі, свет губляе фарбы. Там чорна-белы свет. Адтуль чалавека ўжо не пазнаеш, а бачыш толькі чорную кропку — мішэнь. Я ўсё жыццё — на барыкадах, я хацела б сысці адтуль. Навучыцца радавацца жыццю. Вярнуць сабе нармальны зрок. Але дзясяткі тысячаў людзей зноў выходзяць на вуліцы. Бяруцца за рукі. У іх белыя стужачкі на куртках. Сімвал адраджэння. Святла. І я з імі.
Сустрэла на вуліцы маладых людзей у майках з сярпом і молатам і партрэтам Леніна. Ці ведаюць яны, што такое камунізм?
ЧАСТКА ПЕРШАЯ
СУЦЯШЭННЕ АПАКАЛІПСІСАМ
З ВУЛІЧНАЙ ГАМАНЫ І РАЗМОВАЎ НА КУХНІ (1991–2001)
ПРА ІВАНА-ПРАСЦЯКА І ЗАЛАТУЮ РЫБКУ
«Што я зразумеў? Я зразумеў, што героі аднаго часу рэдка бываюць героямі іншага часу, апроч Івана-прасцяка. І Ямелі. Улюбёных герояў рускіх казак. Нашыя казкі — пра шанцунак, пра імгненне ўдачы. Пра чаканне цудоўнай дапамогі, каб усё ў рот само звалілася. Лежачы на печы, мець усё. Каб печ сама бліны пякла, а залатая рыбка ўсе жаданні выконвала. Хачу тое і хачу гэтае. Хачу царэўну чароўную! І хачу жыць у царстве іншым — з малочнымі рэкамі і кісельнымі берагамі. Мы — летуценнікі, вядома. Душа працуе і пакутуе, а справа мала рухаецца, бо на яе змогі ўжо не хапае. Справа на месцы стаіць. Загадкавая руская душа… Усе спрабуюць яе зразумець… чытаюць Дастаеўскага… Што там у іх за душой? А за душой у нас толькі душа. Пагаварыць любім на кухні, пачытаць кнігу. Галоўная прафесія — чытач. Глядач. І пры гэтым адчуванне сваёй нешараговасці, выключнасці, хоць падставаў для гэтага ніякіх, акрамя нафты і газу. З аднаго боку, гэта якраз і перашкаджае змяніць жыццё, а з другога боку — дае адчуванне сэнсу, ці што. Заўсёды ў паветры, што Расія павінна стварыць, паказаць свету штосьці надзвычайнае. Богаабраны народ. Адмысловы рускі шлях. Спрэс у нас Абломавы, ляжаць на канапе і чакаюць цуду. Але не Штольцы. Дзейсныя, спрытныя Штольцы пагарджаныя за тое, што ссеклі любімы бярозавы гай, вішнёвы садок. Заводзікі там будуюць, робяць грошы. Чужыя нам Штольцы…»
«Руская кухня… Бедная «хрушчобная» куханька (дзевяць-дванаццаць квадратных метраў — шчасце!), за тонкай сценкаю прыбіральня.
Савецкая планіроўка. Цыбуля на акенцы ў слоічках з-пад маянэзу, у гаршку альяс ад катару. Кухня ў нас — гэта не толькі месца для гатавання ежы, гэта і сталовая, і гасцёўня, і кабінет, і трыбуна. Месца для калектыўных псіхатэрапеўтычных сеансаў. У дзевятнаццатым стагоддзі ўся руская культура жыла ў дваранскіх сядзібах, а ў дваццатым — на кухнях. І перабудова таксама. Усё «шасцідзясятніцкае» жыццё — гэта «кухоннае» жыццё. Дзякуй Хрушчову! Гэта пры ім выйшлі з камуналак, займелі ўласныя кухні, дзе можна было лаяць уладу, а галоўнае — не баяцца, бо на кухні ўсе свае. Там нараджаліся ідэі, фантастычныя пражэкты. Баялі анекдоты… Анекдоты квітнелі! Камуніст — гэта той, хто Маркса чытаў, а антыкамуніст — той, хто яго зразумеў. Мы выраслі на кухнях, і нашыя дзеці таксама, яны разам з намі слухалі Галіча і Акуджаву. Круцілі Высоцкага. Лавілі Бі-бі-сі. Размовы пра ўсё: пра тое, як хрэнова ўсё, і пра сэнс жыцця, пра шчасце для ўсіх. Успамінаю смешны выпадак… Заседзеліся неяк да паўночы, нашая дачка, ёй было дванаццаць гадоў, тут, на маленькай канапцы і заснула. А мы нешта гучна заспрачаліся. І яна праз сон як зараве: «Не трэба больш пра палітыку! Ізноў Сахараў… Салжаніцын… Сталін…» (Смяецца.)