«Гарбачоў — сакрэтны амерыканскі агент… Масон… Здрадзіў камунізму. Камуністаў — на сметнік, камсамольцаў — на звалку! Я ненавіджу Гарбачова за тое, што ён скраў у мяне Радзіму. Савецкі пашпарт, як найдаражэйшую рэч, захоўваю. Так, мы стаялі ў чарзе па ссінелых куранят і гнілую бульбу, але гэта была Радзіма. Я яе любіў. Вы жылі ў «Верхняй Вольце з ракетамі», а я жыў у вялікай краіне. Расія заўсёды для Захаду — вораг, яе баяцца. Костка ў горле. Нікому не патрэбная моцная Расія — з камуністамі ці без іх. На нас глядзяць як на склад — нафты, газу, лесу і каляровых металаў. Нафту мяняем на майткі. А была цывілізацыя без шмотак і барахла. Савецкая цывілізацыя! Камусьці трэба было, каб яе не стала. Аперацыя ЦРУ. Намі ўжо кіруюць амерыканцы. Гарбачову добра за гэта заплацілі… Рана ці позна яго будуць судзіць. Спадзяюся, Іуда дажыве да народнага гневу. Я з задавальненнем прастрэліў бы яму патыліцу на Бутаўскім палігоне. (Стукае кулаком па стале.) Прыйшло шчасце, так? З’явіліся каўбаса і бананы. Валяемся ў гаўне і ямо ўсё чужое. Замест Радзімы — вялікі супермаркет. Калі гэта называецца свабодай, то мне такая свабода не патрэбная. Цьфу! Народ ніжэй за плінтус апусцілі, мы рабы. Рабы! Пры камуністах кухарка, як казаў Ленін, кіравала дзяржавай: рабочыя, даяркі, ткачыхі — а цяпер у парламенце сядзяць бандыты. Даляравыя мільянеры. Ім у турме трэба сядзець, а не ў парламенце. Падманулі нас з перабудовай!
Я нарадзіўся ў СССР, і мне там падабалася. Мой бацька быў камуністам, вучыў мяне чытаць па газеце «Правда». На кожнае свята мы з ім хадзілі на дэманстрацыю. Са слязьмі на вачах… Я быў піянерам, насіў чырвоны гальштук. Прыйшоў Гарбачоў, і я не паспеў стаць камсамольцам, пра што шкадую. Я — савок, так? Мае бацькі — саўкі, дзед і баба — саўкі? Мой саўковы дзед загінуў пад Масквой у сорак першым… А мая саўковая бабулька была ў партызанах… Спадары лібералы адпрацоўваюць сваю пайку. Хочуць, каб мы сваё мінулае лічылі чорнай дзіркай. Я іх усіх ненавіджу: гарбачова, шэварднадзэ, якаўлева, — напішыце з маленькай літары, гэтак я іх ненавіджу. Я не хачу ў Амерыку, я хачу ў СССР…»
«Гэта былі выдатныя, наіўныя гады… Мы паверылі Гарбачову, цяпер ужо нікому так лёгка не паверым. Многія рускія людзі вярталіся з эміграцыі на Радзіму… Быў такі ўздым! Думалі, што зломім гэты барак. Пабудуем нешта новае. Я скончыла філалагічны факультэт МДУ і паступіла ў аспірантуру. Марыла займацца навукай. Кумірам у тыя гады быў Аверынцаў, на яго лекцыі прыходзіла ўся адукаваная Масква. Сустракаліся і падтрымлівалі адзін у адным ілюзію, што неўзабаве паўстане іншая краіна, і мы за гэта змагаемся. Калі я даведалася, што мая аднакурсніца з’язджае ў Ізраіль, вельмі здзівілася: «Няўжо табе не балюча з’язджаць? У нас усё толькі пачынаецца».
Чым больш гаварылі і пісалі: «Свабода! Свабода!», тым хутчэй з прылаўкаў знікалі не толькі сыр і мяса, але і соль, і цукар. Пустыя крамы. Страшна. Усё па талонах, як у вайну. Нас выратавала нашая бабуля, яна цэлымі днямі бегала па горадзе і «атаварвала» гэтыя талоны. Увесь балкон быў забіты пральным парашком, у спальні стаялі мяхі з цукрам і крупамі. Калі выдалі талоны на шкарпэткі, тата заплакаў: «Гэта канец СССР». Ён адчуў… Тата працаваў у канструктарскім бюро на ваенным заводзе, займаўся ракетамі, і яму гэта шалёна падабалася. У яго былі дзве вышэйшыя адукацыі. Замест ракет завод стаў штампаваць пральныя машыны і пыласосы. Тату скарацілі. Яны з мамай былі заўзятымі «перабудоўшчыкамі»: пісалі плакаты, разносілі ўлёткі — і вось фінал… Разгубіліся. Не маглі паверыць, што свабода — яна вось такая. Не маглі з гэтым змірыцца. На вуліцах ужо крычалі: «Гарбачову грош цана, беражыце Ельцына!» Неслі партрэты Брэжнева ў ордэнах, а партрэты Гарбачова — у талонах. Пачыналася валадаранне Ельцына: гайдараўскія рэформы і вось гэтае ненавіснае мне «купі-прадай»… Каб выжыць, я ездзіла ў
Польшчу з мяшкамі лямпачак і дзіцячых цацак. Поўны вагон: настаўнікі, інжынеры, дактары… Усе з мяшкамі і торбамі. Усю ноч сядзім і абмяркоўваем «Доктара Жывага» Пастарнака… п’есы Шатрова… Як у Маскве на кухні.
Успамінаю ўніверсітэцкіх сяброў… Мы сталі кім заўгодна, але не філолагамі — топ-менеджарамі рэкламных агенцтваў, банкаўскімі клеркамі, «чаўнакамі»… Я працую ў агенцтве нерухомасці ў адной дамы, якая прыехала з правінцыі, былы камсамольскі работнік. У каго сёння фірмы? Вілы на Кіпры і Маямі? У былой партыйнай наменклатуры. Гэта да таго, дзе трэба шукаць грошы партыі… А нашы правадыры… шасцідзясятнікі… Яны крыві на вайне нанюхалiся, але былі наіўныя, як дзеці… Нам трэ было дняваць і начаваць на плошчах. Давесці справу да канца — дамагчыся Нюрнберга для КПСС. Мы занадта хутка разышліся па дамах. Фарцоўшчыкі і мянялы ўзялі ўладу. І насуперак Марксу, пасля сацыялізму будуем капіталізм. (Маўчыць.) Але я шчаслівая, што жыла ў гэты час. Камунізм сканаў! Усё, ён ужо не вернецца. Жывём у іншым свеце і глядзім на свет іншымі вачыма. Свабоднае дыханне тых дзён я ніколі не забуду…»