ПРА ТОЕ, ЯК ПРЫЙШЛО КАХАННЕ, А ПАД ВОКНАМІ — ТАНКІ
«Я была закаханая, ні пра што іншае больш не магла думаць. Жыла выключна гэтым. І вось мама раніцай будзіць: «Танкі — пад вокнамі! Здаецца, пераварот!» Я ў паўсне: «Мама, гэта вучэнні». Фіг вам! Пад вокнамі стаялі сапраўдныя танкі, я ніколі не бачыла танкі так блізка. Па тэлевізары ішоў балет «Лебядзінае возера»… Прыбегла маміна сяброўка, яна вельмі хвалявалася, што завінавацілася партыйныя ўзносы за некалькі месяцаў. Казала, што ў іх у школе стаяў бюст Леніна, яна яго вынесла ў бакоўку, а цяпер — што з ім рабіць? Усё адразу стала на свае месцы: гэта нельга і тое нельга. Дыктар зачытвала Заяву аб увядзенні надзвычайнага становішча… Маміна сяброўка пры кожным слове ўздрыгвала: «Божа мой! Божа мой!» Бацька пляваўся ў тэлевізар…
Патэлефанавала Алегу… «Едзем да Белага дома?» — «Едзем!» Прышпіліла значык з Гарбачовым. Нарэзала бутэрбродаў. У метро людзі былі маўклівыя, усе чакалі бяды. Усюды танкі… танкі… На брані сядзелі не забойцы, а спалоханыя хлопцы з вінаватымі тварамі.
Бабулькі кармілі іх варанымі яйкамі і блінамі. На душы стала лягчэй, калі ля Белага дома я ўбачыла дзясяткі тысячаў людзей! Настрой ва ўсіх цудоўны. Адчуванне, што мы ўсё можам. Скандавалі: «Ельцын, Ельцын! Ельцын!» Ужо фармаваліся атрады самаабароны. Запісвалі толькі маладых, а сталым адмаўлялі, і яны былі незадаволеныя. Нейкі стары абураўся: «У мяне камуністы жыццё скралі! Дайце хоць бы памерці прыгожа!» — «Баця, адыдзіце…» Цяпер кажуць, што мы хацелі абараніць капіталізм… Няпраўда! Я абараняла сацыялізм, але нейкі іншы… не савецкі… І я яго абараніла! Я так думала. Мы ўсе так думалі… Праз тры дні танкі выходзілі з Масквы, гэта ўжо былі добрыя танкі. Перамога! І мы цалаваліся, цалаваліся…»
Сяджу на кухні ў маіх маскоўскіх знаёмых. Тут сабралася вялікая кампанія: сябры, сваякі з правінцыі. Успомнілі, што заўтра чарговая гадавіна жнівеньскага путчу.
— Заўтра — свята…
— А што святкаваць? Трагедыя. Народ прайграў.
— Пад музыку Чайкоўскага саўдэпію пахавалі…
— Першае, што я зрабіла, — узяла грошы і пабегла ў крамы. Ведала, чым бы яно ні скончылася, а кошты вырастуць.
— Узрадаваўся: Горбі прыбяруць! Надакучыў ужо гэты балбатун.
— Рэвалюцыя была дэкаратыўная. Спектакль для народа. Памятаю поўную абыякавасць, з кім ні загаворыш. Чакалі.
— А я патэлефанаваў на працу — і пайшоў рабіць рэвалюцыю. Выграб з буфета ўсе нажы, якія былі дома. Разумеў, што вайна… зброя патрэбна…
— Я быў за камунізм! У нас у сям’і — усе камуністы. Замест калыханак мама спявала нам рэвалюцыйныя песні. І ўнукам цяпер пяе. «Ты што, звар’яцела?» — кажу. А яна: «Я іншых песняў не ведаю». І дзед быў бальшавік… і бабка…
— Вы яшчэ скажыце, што камунізм — прыгожая казачка. Бацькі майго таты зніклі ў лагерах Мардовіі.
— Я пайшоў да Белага дома разам з бацькамі. Тата сказаў: «Хадзем. А то каўбасы і добрых кніг не будзе ніколі». Разбіралі брук і будавалі барыкады.
— Зараз народ працверазеў, і стаўленне да камуністаў мяняецца. Можна не хавацца… Я працаваў у райкаме камсамола. У першы дзень усе камсамольскія білеты, чыстыя бланкі і значкі забраў дадому і схаваў у падвале, потым бульбу не было куды складваць. Я не ведаў, навошта яны мне патрэбныя, але ўявіў, як прыйдуць апячатваць і ўсё гэта знішчаць, а гэта былі дарагія для мяне сімвалы.
— Мы маглі пайсці забіваць адзін аднаго… Бог выратаваў!
— Нашая дачка ляжала ў радзільні. Я прыйшла да яе, а яна: «Мам, рэвалюцыя будзе? Грамадзянская вайна пачнецца?»
— Ну, а я скончыў ваеннае вучылішча. Служыў у Маскве. Далі б нам загад кагосьці арыштаваць, дык, без усялякіх сумневаў, мы б гэты загад выканалі. Многія б выканалі яго са стараннасцю. Надакучыў бардак у краіне. Усё раней было дакладна і ясна, усё па загадзе. Быў парадак. Вайскоўцы любяць так жыць. Наогул людзі любяць так жыць.
— Я баюся свабоды, прыйдзе п’яны мужык і спаліць лецішча.