— Якія, браце, ідэі? Жыццё кароткае. Давайце вып’ем!
19 жніўня 2001 года — дзесяцігадовы юбілей жнівеньскага путчу. Я ў Іркуцку — сталіцы Сібіры. Бяру некалькі бліц-інтэрв’ю на вуліцах горада.
Пытанне:
— Што было б, калі б ГКЧП перамог?
Адказы:
— Захавалі б вялікую краіну…
— Паглядзіце на Кітай, дзе камуністы ва ўладзе. Кітай стаў другой эканомікай у свеце…
— Гарбачова і Ельцына судзілі б як здраднікаў Радзімы.
— Залілі б краіну крывёй… І запоўнілі людзьмі канцлагеры.
— Не здрадзілі б сацыялізму. Не падзяліліся б на багатых і бедных.
— Не было б ніякай вайны ў Чачні.
— Ніхто не адважыўся б казаць, што Гітлера перамаглі амерыканцы.
— Я сам стаяў ля Белага дома. І ў мяне такое адчуванне, што мяне падманулі.
— Што было б, калі б путч перамог? А ён і перамог! Помнік Дзяржынскаму зрынулі, а Лубянка засталася. Будуем капіталізм пад кіраўніцтвам КДБ.
— Маё жыццё не змянілася б…
ПРА ТОЕ, ЯК РЭЧЫ ЗРАЎНАЛІСЯ З ІДЭЯМІ І СЛОВАМІ
«Свет рассыпаўся на дзясяткі рознакаляровых кавалачкаў. Як нам хацелася, каб шэрыя савецкія будні хутчэй ператварыліся ў салодкія карцінкі з амерыканскага кіно! Пра тое, як мы стаялі ля Белага дома, ужо мала хто ўспамінае… Тыя тры дні ўзрушылі свет, але не ўзрушылі нас… Дзве тысячы чалавек мітынгуюць, а астатнія едуць міма і глядзяць на іх, як на ідыётаў. Шмат пілі, у нас заўсёды шмат п’юць, але тады асабліва шмат пілі. Грамадства заціхла: куды рушым? Ці то будзе капіталізм, ці то будзе добры сацыялізм? Капіталісты тоўстыя, страшныя — гэта нам убівалі ў галовы з дзяцінства… (Смяецца.) Краіна абрасла банкамі і гандлёвымі палаткамі. З’явіліся зусім іншыя рэчы. Не грубыя боты і мышыныя сукенкі, а рэчы, пра якія мы заўсёды марылі: джынсы, дублёнкі… жаночая бялізна і добры посуд… Усё каляровае, прыгожае. Нашыя савецкія рэчы былі шэрыя, аскетычныя, нібы для вайскоўцаў. Бібліятэкі і тэатры абязлюдзелі. Іх замянілі кірмашы і камерцыйныя крамы. Усе захацелі быць шчаслівымі, атрымаць шчасце цяпер. Як дзеці, адкрывалі для сябе новы свет… Перасталі губляць прытомнасць у супермаркеце… Знаёмы хлопец заняўся бізнесам. Распавядаў мне: першы раз прывёз тысячу слоікаў распушчальнай кавы — расхапалі за пару дзён, купіў сто пыласосаў — таксама ў момант размялі. Курткі, швэдры, усялякая дробязь — толькі давай! Усе пераапраналіся, пераабуваліся. Мянялі тэхніку і мэблю. Рамантавалі лецішчы… Захацелі рабіць прыгожыя агароджы і дахі… Пачнём часам з сябрамі ўспамінаць, дык са смеху паміраем… Дзікуны! Цалкам убогія былі людзі. Усяму трэба было вучыцца… У савецкі час дазвалялася мець шмат кніг, але не дарагую машыну і дом. І мы вучыліся добра апранацца, смачна гатаваць, раніцай піць сок і ёгурт… Я да гэтага пагарджала грашыма, бо не ведала, што гэта такое. У нашай сям’і нельга было гаварыць пра грошы. Сорамна. Мы выраслі ў краіне, у якой грошы, можна сказаць, адсутнічалі. Я, як усе, атрымлівала свае сто дваццаць рублёў — і мне хапала. Грошы прыйшлі з перабудовай. З Гайдарам. Сапраўдныя грошы. Замест «Наша будучыня — камунізм» усюды віселі расцяжкі «Купляйце! Купляйце!» Хочаш — падарожнічай. Можаш убачыць Парыж… Ці Іспанію… Фіеста… бой быкоў… Я пра гэта чытала ў Хемінгуэя, чытала і разумела, што ніколі гэтага не ўбачу. Кнігі былі замест жыцця… Так скончыліся нашыя ўсяночныя на кухнях і пачаліся заробкі, падзаробкі. Грошы сталі сінонімам свабоды. Гэта хвалявала ўсіх. Наймацнейшыя і агрэсіўныя заняліся бізнесам. Пра Леніна і Сталіна забыліся. Так мы ўратаваліся ад грамадзянскай вайны, а то зноў былі б «белыя» і «чырвоныя». «Нашы» — «не нашы». Замест крыві — рэчы… Жыццё! Выбралі прыгожае жыццё. Ніхто не хацеў прыгожа паміраць, усе хацелі прыгожа жыць. Іншая справа, што пернікаў на ўсіх не хапіла…»
«Савецкі час… У Слова быў святы, магічны статус. І па інерцыі на інтэлігенцкіх кухнях яшчэ гаварылі пра Пастарнака, варылі суп, не выпускаючы з рук Астаф’ева і Быкава, але жыццё ўвесь час даказвала, што гэта ўжо неістотна. Словы нічога не значаць. У дзевяноста першым… Мы паклалі нашу маму ў шпіталь з цяжкай пнеўманіяй, і яна вярнулася адтуль гераіняй, у яе рот там не закрываўся. Распавядала пра Сталіна, пра забойства Кірава, пра Бухарына… Яе гатовыя былі слухаць дзень і ноч. Людзі тады хацелі, каб ім расплюшчылі вочы. А нядаўна яна зноў трапіла ў шпіталь, і колькі там была, столькі маўчала. Гадоў пяць прайшло ўсяго, і рэальнасць ужо размеркавала ролі інакш. Гераіняй на гэты раз была жонка буйнога бізнесмена… анямелі ўсе ад яе апавяданняў… Які ў яе дом — трыста квадратных метраў! Колькі прыслугі: кухарка, нянька, кіроўца, садоўнік… Адпачываць з мужам ездзяць у Еўропу… Музеі — зразумела, а буцікі… Буцікі! Адзін пярсцёнак столькі вунь карат, а іншае… А падвескі… залатыя кліпсы… Поўны аншлаг! Пра ГУЛАГ ці пра нешта такое ні слова. Ну было і было. Што цяпер спрачацца са старымі?