Мама час ад часу заходзіла, прыносіла ежу і навіны: па ўсім горадзе толькі і гутарак, што пра росшукі. Ад людзей чакалі радасці: як бяльмо на воку ім адметныя – перашкаджаюць жыць спакойна, адным сваім выглядам абражаюць. Ды звычайныя гараджане ставіліся па-рознаму. Хтосьці, вядома, злараднічаў: даўно варта гэтых нелюдзяў пахапаць. Было, праўда, і тое, што людзі заступаліся за няшчасных. Абаронцаў хапалі ў вязніцу. Большасць жа хоць і ведалі, што ім небяспека не пагражае (прынамсі, не павінна), а княскім жаўнерам усё адно не давяралі і маўкліва назіралі з-за кута: абы іх не схапілі.
Словы ахутвалі Басю, падхопліваючы сваёй музыкай, заварожваючы рухамі мамінага твару. Дачка і маці зусім непадобныя. Мама – невялікага росту, прыемна круглая: мяккія недаўгія рукі, колеру пазалеташняй травы валасы, маленькі круглы твар, на якім вылучаецца нос, што хавае пад сабой тонкія светлыя вусны. Такія твары называюць птушынымі, і праўда, мама падобная да верабейчыка. Яе дагэтуль лічаць прыгажуняй – жаніхі час ад часу ходзяць, нягледзячы на выродлівую адметную дачку. Дзяўчына кінула позірк у люстэрка, хоць за пятнаццаць гадоў жыцця вывучыла кожны міліметр свайго твару, кожную хібу сваёй постаці – задаўгой і худой, як жардзіна – заўсёды няма куды дзець ногі і рукі, на целе ганебна вылучаюцца часткі, якіх у нармальных дзяўчат быць не можа. Больш за іх Бася не любіла толькі свае валасы – даўгія чорныя кудзеры, якія хоць стрыжы, хоць рві, а нікуды не дзенуцца. Зрэшты, іх хаця б можна схаваць, у адрозненне ад ярка-сініх вачэй на палову твару (другую палову займалі пульхныя ружовыя вусны, а дзесьці паміж імі ледзь-ледзь утачыўся невялікі тонкі нос). На такія дробязі, як ружовыя шчокі, што няведама адкуль узяліся на тонкім твары, можна нават не звяртаць увагі. Зноў захацелася кінуць штосьці ў люстэрка, разбіць не проста да павуціння стрэшчынак, а да аскепкаў. І каб чароўным чынам не толькі адбітак знік, але і сама Бася стала іншай, звычайнай, як мама. Бываюць жа чароўныя люстэркі, чаму б і гэтаму не быць такім? Праўда, правяраць не наважвалася: мама засмуціцца.
Бася заўважыла, што з ёй нешта не так, гады ў чатыры. Свет існаваў у межах плота, які агароджваў хату і двор, і жылі тут толькі Бася і мама. Не тое каб маміна кампанія ёй надакучыла, але хацелася бачыць побач кагосьці яшчэ. Чуваць жа мноства галасоў звонку, у іншых дварах і хатах, ды і да мамы час ад часу людзі наведваліся. Але Басю яна на гэты час адсылала ў далёкі пакой. Дзяўчынка, можа, і сядзела б так яшчэ доўга, не рвучыся далей за плот, калі б не зручны выпадак.
Мама выбегла да суседкі. Звонку не заскрыгатала засаўка. Некалькі імгненняў было дастаткова, каб паддацца на спакусу.
Дзяўчынка хацела прайсціся толькі да канца вуліцы, але з імі ў горадзе не ўсё так проста: адна чаплялася за другую, другая выводзіла на трэцюю, што збочвала на чацвёртую… На кожнай было нешта цікавае: рознакаляровыя шкельцы ў вокнах, што пускаюць сонечныя зайчыкі, бліскучы каменьчык з крапінкамі – каштоўнасць, якую варта мець, чорная котка з белым хвастом, белая котка з чорным хвастом, рудая котка. І ўсё гэта ззяла святлом яснага дня, іскрылася радасцю і свабодай пазнавання новага. Бася не заўважыла, як скончыліся вядомыя ёй лічбы, разбегліся коткі, а яна забылася, у якім баку хата.
– Скажыце, калі ласка… – Бася была ветлівай дзяўчынкай і ведала, як звярнуцца да незнаёмых дарослых, хоць ніколі не бачыла іх так блізка.
– Адметны вырадак! – завіскатаў вялікі круглы мужчына з прыплюснутым носам-лычом і бела-шэрай праплешынай. На крык сабраліся мінакі. Калі мама знайшла дачку, вакол яе стаяла цэлая зграя драпежных віскуноў, абыякавых лайдакоў і цікаўных разепаў – галёкалі, махалі рукамі, толькі што палкамі ў дзяўчо не тыкалі. Ледзь вывела.
– Як ты зразумела, дзе я? – запыталася Бася.
– Прайшла ля хаты з каляровымі шкельцамі, пабачыла каменьчыкі з крапінкамі, а недалёка – трох прыгожых котак. А потым пачула крыкі, – на апошніх словах мама стала сур’ёзнай.
Нейкі час яна стрымлівала Басю ў межах плота, але гады надавалі дзяўчыне настойлівасці і разважлівасці, якія дапамагалі выпрасіць (а то і адваяваць) дазвол выйсці на вуліцу. Зрэшты, пасля пары асцярожных самотных шпацыраў не далей за першы паварот, пасля пары тыканняў брудных пальцаў неабыякавых гараджан імпэт згас.
Пад акном у рытме чыіхсьці крокаў зашаргацела трава. Зарыпелі веснічкі, бразнула клямка на дзвярах (казала ж маме зачыніцца знутры!). Бася стрымала жаданне залезці пад ложак – заціснулася ў кут паміж шафай і сцяной.